Top.Mail.Ru

На Міжнародным форуме «Дзеці Садружнасці» прайшоў Дзень Арменіі

Прэзентацыя краіны — праз танцы і песні

У чацвер на X Міжнародным форуме «Дзеці Садружнасці», які сёлета Беларусь прымае ўпершыню, на сцэне Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» прайшоў Дзень Арменіі. Удзельнікі дэлегацыі расказалі пра культуру сваёй краіны, выступілі з нацыянальнымі танцамі і выканалі традыцыйныя мелодыі.

Вялікая культурна-адукацыйная праграма пачалася з раніцы. Гісторыю краіны і народа расказвалі і паказвалі ў тэатралізаваных сцэнках. Дзеці з энтузіязмам акунуліся ў атмасферу армянскіх танцаў, асвойваючы іх пад гучанне дудука і дхола. Юныя артысты з трапятаннем і павагай расказалі публіцы пра трагічныя старонкі гісторыі Арменіі, пра сілу духу армянскага народа, які перажыў мноства выпрабаванняў. Асаблівае месца ў пастаноўцы было адведзена ўнёску армянскіх салдат у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Спектакль стаў данінай памяці героям, якія адстаялі мір на зямлі.

Пасля харэаграфічнай часткі ўдзельнікі форуму вывучалі армянскі алфавіт і пазнаёміліся з новымі словамі, паглыбляючыся ў моўную разнастайнасць. Завяршэннем стала выкананне армянскіх народных песень разам з прадстаўнікамі іншых дэлегацый.

Удзельніца форуму Татавік Петрасян прызналася: «Мы хацелі прадставіць армянскую культуру, асабліва яе ролю ў Вялікай Айчыннай вайне. Галоўная тэма форуму — 80-годдзе Вялікай Перамогі, і для нас гэта вельмі важная дата».

Дзяўчыне вельмі спадабалася сталіца Беларусі. Паводле яе слоў, Мінск — прыгожы, чысты, утульны горад. 

А тут, на Нарачы, уразіла вялізарная колькасць зеляніны і лясоў. «У Дзень Беларусі мне вельмі спадабаліся танцы і нацыянальныя касцюмы. Мы ўжо пасябравалі з дзецьмі з іншых краін, асабліва — з Беларусі. Усе вельмі гасцінныя і прыязныя. Знайсці агульную мову нашым народам сапраўды лёгка», — адзначыла яна.

Такія культурныя дні сталі неад’емнай часткай форуму. Яны дапамагаюць удзельнікам лепш даведацца пра гісторыю і традыцыі адно аднаго, убачыць, наколькі падобныя каштоўнасці і погляды ў народаў СНД, і адчуць сапраўднае сяброўства.

А ўвечары ў «Зубраняці» сваю краіну, яе культуру і традыцыі прадставілі ўдзельнікі з Казахстана.

Фота тэлеграм-канала «Дзеці Садружнасці 2025».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю