Top.Mail.Ru
268

На міжнародным форуме ў Сочы прафсаюзная моладзь прадставіла праекты па захаванні гістарычнай памяці

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у міжнародным прафсаюзным патрыятычным форуме моладзі «Памяць пакаленняў — залог адзінства» ў Сочы. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Расіі. Сярод удзельнікаў — моладзь з Беларусі, Расіі і Кыргызстана.

Прывітальнае слова ўдзельнікам накіраваў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько. Кіраўнік нацыянальнага прафцэнтра пажадаў маладым людзям карыснага дыялогу, рэалізацыі новых сумесных ідэй і адзінства на шляху да новых здзяйсненняў, а таксама падкрэсліў: агульная гістарычная памяць — падмурак, на якім будуецца сяброўства паміж народамі і павага да подзвігаў нашых продкаў.

Міжнародны форум аб’яднаў прафсаюзных маладзёжных лідараў трох краін для абмеркавання сумесных ініцыятыў і абмену вопытам. На працягу трох дзён моладзь прафсаюзаў Беларусі ўдзельнічала ў панэльных дыскусіях, лекцыях, нэтворкінгах, а таксама творчых і памятных мерапрыемствах. А галоўным блокам форуму стала прадстаўленне камандамі-ўдзельнікамі сваіх праектаў па захаванні гістарычнай памяці.

Так, прафсаюзная моладзь расказала аб маштабных праектах, якія ўжо сёння паспяхова рэалізуюцца ў нашай краіне. Многія з іх, дарэчы, атрымалі статус міжнародных. Гэта, напрыклад, форум «Спадчыннікі Вялікай Перамогі», які аб’яднаў моладзь гарадоў-герояў Беларусі і Расіі. Яшчэ адна ініцыятыва, якая знайшла водгук у моладзі розных краін, — «Маршрут добрых спраў». Акцыя знаёміць з памятнымі мясцінамі, а таксама дае магчымасць моладзі падключыцца да іх добраўпарадкавання. Сярод прадстаўленых праектаў таксама «1418 крокаў да Перамогі»: маштабнае шэсце і мітынг-рэквіем нагадваюць аб тым, што прыйшлося перажыць нашым продкам. Дарэчы, гэта толькі частка праектаў, якія сёння рэалізуюць прафсаюзы на пастаяннай аснове.

Трэба адзначыць, што на адрас беларускай дэлегацыі прагучалі асаблівыя словы ўдзячнасці ад арганізатараў форуму. Старшыня Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расіі Сяргей Чарнагаеў адзначыў уклад прафсаюзаў Беларусі ў захаванне гістарычнай памяці і падзякаваў беларусам за арганізацыю і правядзенне форуму «Спадчыннікі Вялікай Перамогі», які стаў натхняльнікам для арганізацыі цяперашняй пляцоўкі ў Сочы.

"Патрыятызм — гэта не толькі памяць аб вайне і гераічных старонках нашай гісторыі. Гэта перш за ўсё ўсведамленне агульнай адказнасці за сучаснасць і будучыню сваёй краіны. Для нас важна не проста беражліва захоўваць успаміны пра подзвігі продкаў, але і разумець: наша сіла — у адзінстве і ўзаемнай падтрымцы. Гістарычная памяць вучыць нас таму, наколькі важна трымацца разам не толькі ў гады выпрабаванняў, але і ў мірны час — у паўсядзённай працы, у грамадскім жыцці, у клопаце адзін пра аднаго. Калі мы аб’ядноўваем намаганні дзеля стваральных мэт, мы працягваем традыцыю салідарнасці, якая заўсёды дапамагала нашым народам пераадольваць цяжкасці і рухацца наперад, — адзначыў старшыня Маладзёжнага савета ФПБ Кірыл Шусцік.

Па выніках форуму ўдзельнікі дамовіліся аб далейшым развіцці сумесных праектаў і пашырэнні ўдзелу моладзі ў міжнародных патрыятычных ініцыятывах.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю