Прадказальна хутка разляцеліся білеты на ўрачыстае адкрыццё юбілейнага форуму, якое традыцыйна адбудзецца ў Летнім амфітэатры. І не толькі на яго.
Больш няма ў продажы квіткоў на спектаклі «Вайна і мір» Маскоўскага драматычнага тэатра «Мадэрн» і «Пакроўскія вароты» ў пастаноўцы «Тэатра на Паўднёвым Захадзе». Іх пакажуць у фестывальныя дні на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Вельмі актыўна раскупляюць білеты на сольны канцэрт ZІVERT — яна выступіць у Цэнтральным спартыўным комплексе.
— Рэалізацыя білетаў на праекты, якія запланаваны ў Летнім амфітэатры, сёлета стартавала 3 красавіка ў 12.00. І літаральна праз гадзіну быў устаноўлены першы рэкорд за ўсю гісторыю фестывалю — імгненна разляцеліся білеты на канцэрт-адкрыццё, — сведчыць загадчык білетнай касай Цэнтра культуры «Віцебск» Аляксандра СІДАРЭНКАВА. — Па стане на 25 чэрвеня, прададзена каля 80 % білетаў на мерапрыемствы, што адбудуцца на галоўнай пляцоўцы форуму.
Можна набыць яшчэ білеты на пэўныя канцэрты і спектаклі ў Канцэртнай зале «Віцебск», Цэнтральным спартыўным комплексе, абласной філармоніі, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, Беларускім тэатры «Лялька». На бягучы момант на мерапрыемствы, запланаваныя тут, прададзена звыш 60 % квіткоў.
— Білеты набываюць пераважна фізічныя асобы, але і на долю юрыдычных асоб прыходзіцца каля 40 % продажаў, — адзначае Аляксандра Сідарэнкава. — Я маю на ўвазе рэалізацыю квіткоў праз білетныя касы ЦК «Віцебск».
Таксама білеты распаўсюджваюць аператары TІCKETPRO і 24AFІSHA. Цікава, што і на анлайн-дошцы аб’яў KUFAR ёсць прапановы як па продажы, так і па набыцці білетаў на віцебскі фестываль. Першых больш, а ў топе запытаў — канцэрт адкрыцця форуму і спектакль «Вайна і мір».
Да старту ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» застаецца яшчэ больш за два тыдні, і касіры не сядзяць без работы. З вопыту папярэдніх гадоў арганізатары форуму ведаюць: непакоіцца пра пустыя крэслы на ім не варта. Нярэдка здараецца, што госці і жыхары горада на Заходняй Дзвіне, якія не паклапаціліся пра набыццё білетаў загадзя, рады, што ў касах ёсць квіткі хоць бы на якое прадстаўленне на бягучы ці заўтрашні дзень. Бывае, у людзей мяняюцца абставіны, і яны вяртаюць квіткі.
Што датычыцца цэн на білеты — яны вагаюцца ў вялікім дыяпазоне. Самыя дарагія — да 290 рублёў — на адкрыццё форуму. Самыя танныя — на мерапрыемствы, адрасаваныя дзіцячай аўдыторыі. Напрыклад, на ХХХІІІ Міжнародны дзіцячы конкурс «Віцебск» квіткі каштуюць 10–18 рублёў, а ў «Лялечны квартал» — пераважна 16 рублёў.
Акрамя таго, у фестывальныя дні будзе працаваць каля 30 канцэртных пляцовак пад адкрытым небам у цэнтральнай частцы Віцебска, куды можна трапіць абсалютна бясплатна.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА