Доктар мастацтвазнаўства, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Інеса Двужыльная вядома ў нашай краіне і за яе межамі фундаментальнымі даследаваннямі тэмы Халакосту ў акадэмічнай музыцы краін былога Савецкага Саюза. Даследаванні надзвычай цікавыя. За імі стаяць два дзесяцігоддзі напружанай працы. Грунтоўна вывучаліся архіўныя матэрыялы і апублікаваныя крыніцы на рускай, англійскай, нямецкай, польскай, украінскай мовах. Былі глыбока прааналізаваны рукапісы музычных твораў, а таксама праведзена гіганцкая работа па апрацоўцы аўдыя- і відэавізуальных запісаў, інтэрв’ю, гутарак і перапіскі з кампазітарамі і іх сваякамі, выканаўцамі, музыказнаўцамі, этнамузыколагамі, якія займаюцца рознымі пытаннямі ашкеназскай музычнай культуры. Шмат інфармацыі Інеса Двужыльная чэрпала падчас замежных стажыровак у адукацыйных цэнтрах Халакосту, музеях розных краін (Расіі, Ізраіля, Украіны, Германіі, Францыі, Польшчы, Літвы, Латвіі). Несумненна, вялікае значэнне мае падтрыманне асабістых кантактаў з вядучымі гісторыкамі пазначанай тэмы.
— Праблемай, звязанай з адлюстраваннем тэмы Халакосту ў музычным мастацтве, я пачала сур’ёзна займацца пасля абароны ў снежні 2005 года ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай мастацкаму кірунку — амерыканскаму мінімалізму, — расказала Інеса Двужыльная. — Адзін з опусаў класікаў мінімалістаў — квартэт «Розныя цягнікі» Стыва Райха — раскрываў гэтую няпростую тэму. Затым была канферэнцыя ў Маскве, дзе я выступіла з дакладам на секцыі «Халакост», якую ўзначаліў сустаршыня навукова-асветніцкага цэнтра «Халакост» у Маскве, кандыдат гістарычных навук, чалавек глыбінных ведаў Ілья Аляксандравіч Альтман. Менавіта тады трагедыя Халакосту паўстала ў іншым бачанні. Асаблівае месца ў маім успрыманні трагедыі беларускага яўрэйства адыграў і любімы горад Гродна, дзе нарадзілася і вырасла, працую цяпер. Зусім відавочныя рэчы — «на планеце Зямля не можа быць лішніх людзей» — убачыліся па-новаму.
Паводле слоў вучонага, яна ўсведамляе яшчэ і той факт, што ў кожнага чалавека ёсць свая місія. «Магчыма, мая заключаецца ў тым, каб завастрыць увагу сучаснікаў на тым, што самае дарагое у чалавека — гэта жыццё. Мовай музыкі таксама можна захаваць памяць аб тых, каго гвалтоўным шляхам пазбавілі жыцця», — лічыць Інеса Фёдараўна.
Па зразумелых прычынах яна абмежавала кола даследавання, узяла за аснову творчасць кампазітараў славянскіх краін — Беларусі, Украіны, Расіі. Атрымаўся надзвычай прадстаўнічы корпус музычных твораў розных жанраў: оперы, сімфоніі, вакальна-сімфанічныя паэмы, кантаты і араторыі, камерная вакальная і інструментальная музыка. Вынікам даследавання стала абарона доктарскай дысертацыі «Тэма Халакосту ў акадэмічнай музыцы Беларусі, Украіны, Расіі», матэрыялы якой увайшлі ў манаграфію 2022 года.
На гэтым доўгім шляху — з 2005 да 2023 года — Інеса Двужыльная сустрэла ўнікальных людзей, аўтараў музыкі і іх сваякоў, гісторыкаў, філосафаў, сацыёлагаў, у якіх вучылася, з прагнасцю набывала новыя веды. Цяжкасці ў рабоце з гэтай складанай тэмай датычылі толькі ўласнага фізічнага і псіхалагічнага стану. Кожны раз, калі выступала з чарговым дакладам на канферэнцыях, дзе збіраліся музыказнаўцы, якія ўсведамляюць складанасць псіхалагічнага ўспрымання музычнага матэрыялу, яны задавалі толькі адно пытанне: «Як вы ўсё гэта вытрымліваеце?!».
У сваіх публікацыях музыказнаўца не раз адзначала, што для вязняў гета «актам духоўнага супраціву было музычнае жыццё». Не існавала такога гета, вязні якога не спявалі б яўрэйскія песні.
І хоць вучоны не з’яўляецца даследчыкам музыкі ў канцлагерах і гета, часткова ў сваіх артыкулах і манаграфіі 2016 года закранала гэтае пытанне. І вельмі займальна распавядала ў сваіх публікацыях пра Тэрэзін, пра тамтэйшыя яўрэйскія вакальныя калектывы, аркестры класічнай і папулярнай музыкі. У манаграфіі «Тэма Халакосту ў акадэмічнай музыцы» чытаем: «У перыяд Трэцяга рэйха Тэрэзін аказаўся тым месцам, дзе ствараліся сусветныя шэдэўры. У адным са сваіх апошніх эсэ Віктар Ульман пісаў: „Тут, у Тэрэзіне, дзе трэба штодня пераадольваць супраціў матэрыі, усё навакольнае варожае музам, — тут сапраўдная школа майстэрства...“»
— Гета Тэрэзін на тэрыторыі сучаснай Чэхіі было па-свойму ўнікальным, пра яго культурнае жыццё пісалі многія аўтары, — гаворыць Інеса Двужыльная. — Варта звярнуцца да выданняў Алены і Сяргея Макаравых «Крэпасць над безданню», пабудаваных на архіўным матэрыяле. Выдадзена чатыры кнігі, яны маюцца ў вольным інтэрнэт-доступе. Адзначу, што музыку кампазітараў Тэрэзіна добра выконваюць за мяжой. Існуюць цэлыя праекты, выдаюцца дыскі з творамі Віктара Ульмана (Viktor Ullmann), Гідэона Кляйна (Gideon Klein) і іншых кампазітараў Тэрэзіна, якія можна знайсці на пляцоўцы YouTubе. Опера Ганса Краса «Брундыбар» існуе ў самых розных выканальніцкіх версіях. Менавіта творы, якія гучалі ў шматпакутным Тэрэзіне, і з’яўляюцца пацвярджэннем вялікай ролі музыкі для вязняў гета, якія жылі ў нечалавечых умовах.
«Напрыклад, добра вядома, што ў Аўшвіцы існаваў жаночы аркестр, — чытаем у адной з работ Інесы Двужыльнай. — Безумоўна, увага нацыстаў да выдатнай асобы Альмы Розэ, кіраўніка аркестра, і ўменне жанчыны знайсці кампрамісныя рашэнні з начальствам лагера смерці, захоўваючы свае чалавечыя добрыя якасці, — гэта вялікае мастацтва. Сёння варта згадаць многія творы, прысвечаныя мемарыялізацыі трагедыі Халакосту. Яны належаць кампазітарам розных краін. Аднолькава магутна выглядаюць Трынаццатая сімфонія Д. Шастаковіча, опера „Пасажырка“ М. Вайнберга, монаопера „Дзённік Ганны Франк“ Г. Фрыда; dramma per musica „Бабін Яр“ Д. Крывіцкага, рэквіем-кадыш „Бабін Яр“ Я. Станковіч; рэквіемы Д. Лігеці, В. Кіслякова, „Dies Irae“ Д. Пендэрэцкага; кантаты „Ацалелых з Варшавы“ А. Шэнберга, „Галасы Тэрэзіна“ Д. Крывіцкага; паэмы „Вечна жывыя“ Г. Вагнера, „Боль зямлі“ І. Левіна, „Януш Корчак“ А. Галіча, „Яд ва-Шэм“ З. Ткач».
Як вядома, музыка вечная. Яна выглядае адным з найлепшых помнікаў трагедыі ХХ стагоддзя — Халакосту, той трагедыі, што павінна служыць урокам нашчадкам.
Міхаіл СТРАЛЕЦ
Фота з адкрытых крыніц