Top.Mail.Ru

На МТЗ ёсць працоўная дынастыя, агульны стаж якой больш за 200 гадоў

Высокая рэпутацыя кожнага прадпрыемства — гэта вынік шматгадовай і самаадданай працы адказных спецыялістаў. Многія работнікі ААТ «Мінскі трактарны завод» працуюць тут не адзін дзясятак гадоў і сталі дастойнымі прадаўжальнікамі сямейных дынастый. Стаж адной з іх, Дзітчанкаў — Шурдзяковых — Высоцкай — Сяўкоўскай, складае больш за 200 гадоў.



У калектыве аднадумцаў

Таццяна Віктараўна Высоцкая працуе намеснікам начальніка ўпраўлення па рэалізацыі тэхнікі на рынак Расійскай Федэрацыі маркетынгавага цэнтра ААТ «Мінскі трактарны завод» вось ужо 31 год. 


Тамара Іванаўна Шурдзякова, маці Таццяны Высоцкай і Алесі Сяўкоўскай

За гэты час работа стала для Таццяны Віктараўны неад’емнай часткай жыцця, а яе шматгадовыя напрацоўкі, адказнасць і прафесійнае майстэрства — выдатны прыклад для маладых пакаленняў спецыялістаў.

— Магу з упэўненасцю сказаць, што мае калегі сталі для мяне адной вялікай і дружнай сям’ёй, — дзеліцца яна. — Мне пашчасціла працаваць у калектыве аднадумцаў, людзей, якія робяць усё дзеля стабільнай дзейнасці і росквіту прадпрыемства.

Таццяна Высоцкая і Алеся Сяўкоўская

На некаторы момант у думках Таццяна Віктараўна вяртаецца ў мінулае і ўспамінае, як рабіла першыя крокі ў прафесіі. Сваю работу на заводзе жанчына пачала аператарам электронна-вылічальных машын канструктарскага бюро механазборачнага прадпрыемства. З першых дзён работы дзяўчына праявіла сябе адказным спецыялістам, які аператыўна і якасна выконвае даручаныя абавязкі. Невыпадкова праз кароткі час малады спецыяліст стала інжынерам-канструктарам, а ў 2010 годзе была прызначана начальнікам бюро маркетынгавага цэнтра завода. 


Аляксандр Генадзьевіч Дзітчанка, дзядзька, брат таты.

З 2016 года Таццяна Віктараўна працуе на пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення па рэалізацыі тэхнікі на рынак Расійскай Федэрацыі маркетынгавага цэнтра. Працуючы на заводзе, яна завочна скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт...

— Я таксама адсочваю ўзровень рэалізацыі прадукцыі, даведваюся, колькі тэхнікі яшчэ не прададзена, якая прадукцыя выраблена і г. д., — працягвае Таццяна Шурдзякова. — Затым звязваюся з генеральнымі дырэктарамі гандлёвых дамоў Расійскай Федэрацыі, даведваюся пра сітуацыю: як вядуцца продажы, якія адбыліся змяненні. На працягу дня вырашаю і шэраг бягучых пытанняў. Цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь, а таксама з многімі міністэрствамі Расійскай Федэрацыі. Сітуацыя на рынку пастаянна мяняецца — і мы распрацоўваем адпаведныя мерапрыемствы для таго, каб прадукцыя завода заўсёды была канкурэнтаздольнай і запатрабаванай на расійскім рынку...

У 2019 годзе жанчыне было прысвоена званне «Ветэран працы», а сёлета партрэт адной з лепшых работніц прадпрыемства занесены на «Алею гонару» ААТ «Мінскі трактарны завод».

Работа на Мінскім трактарным заводзе з’яўляецца любімай справай і для сястры Таццяны — Алесі Сяўкоўскай, якая працуе на прадпрыемстве з 2005 года. Спачатку была эканамістам ва ўпраўленні канструктарскіх і эксперыментальных работ № 1. Як і сястра, Алеся Віктараўна завочна набыла вышэйшую адукацыю: скончыла Інстытут сучасных ведаў імя А. М. Шырокава. У 2018 годзе Алесі Віктараўне прапанавалі працаваць вядучым эканамістам у Цэнтры выпрабаванняў трактарнай тэхнікі холдынгу «МТЗ-холдынг». На гэтай пасадзе жанчына працуе і ў цяперашні час.

— Маім абавязкам з’яўляецца заключэнне дагавораў на правядзенні выпрабаванняў з арганізацыямі, якія ўваходзяць у холдынг, і з іншымі. Менавіта пасля атрымання пратакола нашых выпрабаванняў арганізацыі маюць права прадаваць сваю тэхніку, — расказвае Алеся Сяўкоўская.

Віктар Генадзьевіч Дзітчанка, тата.

Любоў да прафесіі перадалі дзецям і ўнукам

— А пачынальнікам дынастыі быў наш дзядуля, Іван Дзмітрыевіч Шурдзякоў. Працаваць на завод ён прыйшоў у 1954 годзе намеснікам начальніка планава-дыспетчарскага бюро і застаўся верным сваёй справе на працягу ўсяго жыцця. У 1959 годзе Івану Дзмітрыевічу была аб’яўлена падзяка «За выпуск 100-тысячнага трактара «BELARUS». Тут жа, на заводзе, працавала і наша бабуля, Клаўдзія Васільеўна. 

З 1973 года і да выхаду на заслужаны адпачынак яна была поварам на камбінаце грамадскага харчавання Мінскага трактарнага завода, — расказваюць сёстры. — Дарэчы, сваё жыццё з прадпрыемствам звязаў і наш другі дзядуля — Генадзь Васільевіч Дзітчанка. Ён працаваў на прадпрыемстве з 1954 года, быў інжынерам аддзела тэхнічнага кантролю, а яго жонка, Зінаіда Фёдараўна, у 1970 годзе прыйшла працаваць на завод кантралёрам механазборачнага прадпрыемства.


Зінаіда Фёдараўна Дзітчанка, бабуля, мама таты.

У аддзеле знешняй кааперацыі ў 1978 годзе пачала свой працоўны шлях і маці Таццяны і Алесі — Тамара Іванаўна Шурдзякова, якая была інспектарам па справаводстве. Яе агульны працоўны стаж склаў 42 гады. Бацька жанчын, Віктар Генадзьевіч Дзітчанка, працаваў на заводзе з 1972 года сталяром-цесляром у цэху выпрабаванняў. 

Гэтай жа справай займаўся і яго брат, Аляксандр Генадзьевіч, які з 1975 года працаваў у цэху доследнай вытворчасці.

З асаблівай цеплынёй Таццяна і Алеся ўспамінаюць, як у 2022 годзе яны разам са сваімі роднымі ў ліку іншых 60 сем’яў былі запрошаны на пасадку Алеі дынастый. Работнікі павінны былі пасадзіць маладое дрэўца дуба. 

У той час кожны адчуў вялікі гонар за сваю сям’ю і разам з гэтым — за ўсё прадпрыемства.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю