Top.Mail.Ru

На Нарачы адкрылі лінію вытворчасці сыроў з блакітнай цвіллю

Вытворчасці сыроў і ў цэлым развіццю малочнай галіны ў нашай краіне аддаецца вялікая ўвага. Аб гэтым сведчыць стварэнне новых вытворчых участкаў і ліній. Толькі ў пачатку гэтага тыдня ў Вілейцы наладзілі вытворчасць сыроў з белай цвіллю. А ўжо ў сераду ў аграгарадку Нарач Мядзельскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё лініі вытворчасці сыру з блакітнай цвіллю. Гэта ўнікальны інвестпраект, які быў рэалізаваны ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект». Ён не толькі пашырыць геаграфію паставак, павялічыўшы вытворчыя магутнасці, але і паспрыяе стварэнню 20 новых працоўных месцаў.


«10 гадоў таму свет убачыў беларускі сыр з цвіллю, — расказала журналістам гендырэктар ААТ „Мінскі малочны завод № 1“ Тамара Чычыра. — Спачатку мы прывучалі нашага спажыўца да новага сыру. І вось прыйшоў такі тэрмін, калі ўсе магутнасці занятыя. Тады мы прынялі рашэнне правесці мадэрнізацыю прадпрыемства, таму цяпер нашы магутнасці дазваляюць выпускаць 90 тон сыру з блакітнай цвіллю ў месяц. Мы паставілі новае абсталяванне па вытворчасці сыру, павялічылі амаль у два разы аб’ём камер паспявання, закупілі новую кліматычную сістэму, якая дазволіць цвілі больш раўнамерна і хутка развівацца, паставілі новае фасовачнае абсталяванне, што дазваляе фасаваць сыр парцыённа ў газавае асяроддзе, з дапамогай чаго мы захоўваем жывую цвіль. Гэта значыць, яна не памірае, а працягвае ва ўпакоўцы сваю жыццядзейнасць». Яна дадала, што сыравіна для вытворчасці пастаўляецца з Мядзельскага раёна.

Сёння прадукцыя Нарачанскага вытворчага ўчастка знаёмая кожнаму. Тут выпускаюцца элітныя сарты сыроў з блакітнай цвіллю «Ракфорці», TEMPLІER, Berger і Gunzola Naturele. Яны па праве карыстаюцца попытам не толькі беларускага, але і замежнага спажыўца.

Звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства, першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў з задавальненнем адзначыў, што прадпрыемствы Міншчыны мадэрнізуюцца і пашыраюцца, а аб’ёмы прадукцыі, якая выпускаецца і з’яўляецца сёння запатрабаванай на рынку, павялічваюцца: «Гэта гаворыць аб развіцці, аб тым, што мы не стаім на месцы, таму што сёння стаяць нельга. Як сказаў кіраўнік дзяржавы, трэба бегчы там, дзе мы ішлі. Таму я лічу, што адкрыццё рэканструяванага цэха — гэта і ёсць той бег, які мы сёння спрабуем рабіць у частцы таго, каб перапрацоўваць нашу малочную прадукцыю».

Па словах старшыні Мядзельскага райвыканкама Аляксандра Прановіча, сума інвестыцый у праект склала 16,4 мільёна рублёў: «У выніку створана 20 працоўных месцаў, павялічана вытворчасць сыру на 30 тон. Улічваючы тое, што Мядзельшчына з’яўляецца турыстычным раёнам, было прынята рашэнне ў рамках мадэрнізацыі пабудаваць назіральную галерэю, якая будзе выкарыстоўвацца ў якасці экскурсійнага маршруту, дзе людзі могуць паглядзець на вытворчасць сыру ад пачатку да завяршэння. Плюс плануецца адкрыццё фірмавай крамы на тэрыторыі завода, каб нашы жыхары і госці мелі магчымасць набыць вырабленую тут прадукцыю».

Як расказала памочнік генеральнага дырэктара па вытворчых пытаннях Таццяна Мацюшонак, сыры з блакітнай цвіллю лічацца самымі складанымі для вытворчасці: «Тут важна жорсткае захаванне тэхналагічнага працэсу і падтрыманне пастаяннай тэмпературы. Нават тэмпература ў цэху мае значэнне. Для атрымання якаснага прадукту таксама абавязкова павінна выкарыстоўвацца добрае малако з высокім утрыманнем бялку не ніжэй за 3,2 %».

Яна патлумачыла, што паняцце «блакітная цвіль» уключае ў сябе шмат відаў цвілі: ад бела-блакітнай да сіне-зялёнай. «Таму сёння ў нас існуюць тры самыя папулярныя віды сыру, у якіх выкарыстоўваюцца розныя віды цвілі і кампазіцыі заквасак. Розны ў іх тэхпрацэс вытворчасці, але цяжэй за ўсё — менавіта працэсы паспявання. Таму і зрабілі спецыяльныя камеры з тэмпературна-вільготным рэжымам. Вельмі важна, каб тэмпература і высокая вільготнасць заўсёды былі аднолькавымі, каб не было ніякіх ваганняў».

Фота аўтара

аг. Нарач

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю