Санітарны стан сталіцы абмеркавалі на пасяджэнні рабочай групы па пытаннях утрымання і добраўпарадкавання горада 5 верасня, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».
Як паведаміў галоўны ўрач Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Рыгор Гецюк, за тыдзень санітарныя ўрачы абследавалі 1 983 тэрыторыі. Парушэнні выяўленыя ў 11,3% выпадкаў, што на 1% менш, чым тыднем раней. Аднак на 1% вырасла колькасць заўваг да ўтрымання дваровых тэрыторый.
Да маніторынгу ў Маскоўскім і Цэнтральным раёнах далучыліся работнікі ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама. Па словах начальніка ўпраўлення Аляксандра Ракаўшчыка, у розных кутках абследаваных тэрыторый былі выяўленыя няскошаная трава на зялёных зонах, фасады і агароджы, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане, непрыбраныя двары і паўразбураныя кветнікі каля буйнага гандлёвага цэнтра. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун адзначыў, што ўсім суб’ектам гаспадарання трэба надаваць больш увагі навядзенню парадку на замацаваных за імі тэрыторыях. Тым больш, што напярэдадні Дня горада ў Мінск прыедзе нямала гасцей, і сталіца павінна паўстаць перад імі ў годным выглядзе.
Старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Драгун расказаў аб ходзе работ па ліквідацыі інвазіўных раслін. Ён адзначыў, што актыўна вядзецца барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага, а вось тэмпы апрацоўкі тэрыторый, занятых сумнікам канадскім, пакуль адстаюць ад запланаваных. А. Драгун нагадаў удзельнікам нарады, што пра выпадкі, калі хімічная апрацоўка замяняецца касьбой, варта паведамляць у камітэт прыродных рэсурсаў для карэкціроўкі планаў работ.