Новыя комплексы пагранічных застаў «Гарадная» і «Ласіцк» адкрылі 4 лістапада, перадае БелТА.
У цырымоніі адкрыцця комплексу заставы «Гарадная» прынялі ўдзел старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Максімчук, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, ветэраны пагранічнай службы.

Гэта чацвёрты аб’ект, створаны ў гэтым годзе па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме ў органах пагранічный службы. «Органы пагранічнай службы ў цесным узаемадзеянні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання комплексна і на сістэмнай аснове вырашаюць задачы па забеспячэнні пагранічнай бяспекі. Кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь і асабіста Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам удзяляецца асаблівая ўвага ўладкаванню дзяржаўнай граніцы. Дзякуючы клопату і падтрымцы мясцовых органаў улады Брэсцкай вобласці, а таксама за кошт унутраных рэзерваў Дзяржаўнага пагранічнага камітэта ўдасканальваюцца ўмовы службы і побыту падраздзяленняў, якія ахоўваюць дзяржаўную граніцу на ўкраінскім напрамку», — адзначыў Канстанцін Моластаў.

Застава «Гарадная» пачала ахову дзяржаўнай граніцы ў 2010 годзе. Падраздзяленне ахоўвае больш за 27 км сухапутнага ўчастка граніцы ў межах Столінскага раёна.
Адначасова адбылося ўрачыстае адкрыццё комплексу пагранічнай заставы «Ласіцк», якая ахоўвае дзяржаўную граніцу з сярэдзіны гэтага года. Падраздзяленне стварылі шляхам аб’яднання пагранічнага паста «Трушава» і пагранічнай заставы «Ладараж». Сёння пад яго аховай знаходзіцца больш за 30 км граніцы з Украінай, уключаючы сухапутны і рачны ўчасткі, у межах Столінскага і Пінскага раёнаў.

У новых комплексах створаны камфортныя ўмовы для пражывання і нясення службы, абсталяваны месцы для захоўвання і рамонту тэхнікі, гадавальнікі для службовых сабак, гарадкі пагранічнай службы, спальныя памяшканні і спартыўныя аб’екты. Ахоўныя ўчасткі аснашчаны інжынернымі збудаваннямі і аўтаматызаванымі пастамі тэхнічнага назірання. У спалучэнні з іншымі сістэмамі яны дапамагаюць надзейна забяспечваць бяспеку дзяржаўнай граніцы на паўднёвым напрамку.