Пра гэта журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык. Падрыхтоўка ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да новага 2025/2026 навучальнага года абмяркоўвалася на пасяджэнні аблвыканкама ў чацвер 22 мая.
Клопат дзяржавы — стварыць для навучання дзяцей спрыяльныя ўмовы, таму стану школ ўдзяляецца вялікая ўвага. На Гродзеншчыне з гэтай нагоды абследаваны ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, складзены адпаведныя акты. Маніторынг праводзілі міжведамасныя раённыя камісіі пад кіраўніцтвам старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў.
— Далей будуць прыняты меры па ліквідацыі асобных недахопаў, якія абазначаць цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, органы пажарнага і аналітычнага нагляду, органы ўнутраных спраў. Усе работы да 20 жніўня ва ўстановах агульнай адукацыі будуць завершаны. На гэтыя мэты запланавана выдаткаваць больш за 8 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў і каля 600 000 рублёў пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў. Школы гатовы да пачатку рамонтных работ, вызначаны крыніцы фінансавання, падрадчыкі, ёсць праектна-каштарысная дакументацыя. Будзе праведзена 20 капітальных рамонтаў, а таксама 5 харчаблокаў капітальна адрамантуюць. Рыхтуецца да адкрыцця новая школа ў горадзе Астраўцы на 500 месцаў. Вядуцца работы па падборы педагагічных кадраў і па камплектаванні навучэнцамі, вызначана кандыдатура дырэктара школы, — расказаў Руслан Абрамчык.
Удасканальваецца і матэрыяльна-тэхнічная база. Вядуцца работы па закупцы тэхналагічнага і навучальнага абсталявання. Плануюцца пастаўкі камп’ютарнай тэхнікі — як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, так і за кошт сродкаў раённых выканаўчых камітэтаў. Вызначаны планы па дадатковым набыцці спартыўнага інвентару для таго, каб забяспечыць стапрацэнтную ўкамплектаванасць кожнай установы адукацыі. На дадзены момант укамплектаванасць складае 99,8 %. Акрамя таго, на працягу 2025 года будуць закуплены 56 аўтобусаў для падвозу школьнікаў да месца навучання. Па выніках работы ў 2025-м ні ў адным раёне Гродзенскай вобласці больш не застанецца аўтобусаў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў.
Усяго ў новым навучальным годзе ў 297 установах агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна будуць вучыцца каля 118 000 дзяцей, чакаецца папаўненне школьнай сям’і 10 тысячамі першакласнікаў. Безумоўна, гэта важны этап у жыцці і дзіцяці, і бацькоў, таму ўвесь май праходзяць сустрэчы з мамамі і татамі будучых першакласнікаў.
— Вырашаюцца пытанні залічэння, каб забяспечыць поўную празрыстасць працэсу ва ўстановах адукацыі. Уся неабходная інфармацыя ёсць на сайце кожнай школы. Даныя аб колькасці свабодных месцаў будуць увесь час абнаўляцца,— дадаў Руслан Абрамчык. — Шэрагі педагогаў сёлета папоўняць 400 маладых спецыялістаў. Для іх будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы.
У пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама, прысвечаным гатоўнасці школ да новага навучальнага года, узяў удзел Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ