Top.Mail.Ru

На палях саміту ШАС Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг двухбаковых сустрэч


«Закрытых тэм у нас у супрацоўніцтве няма»

Падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на інтэнсіфікацыю супрацоўніцтва. «Я думаю, нам трэба пачынаць больш інтэнсіўную работу паміж дзвюма краінамі, — адзначыў беларускі лідар. — Нам ёсць што прапанаваць вашай краіне, асабліва на гэтым этапе развіцця».

Адным з кірункаў супрацоўніцтва Прэзідэнт Беларусі назваў машынабудаванне. Пры гэтым размова ідзе не толькі аб гандлі, але і аб стварэнні сумесных вытворчасцяў.

«Як машынабудаўнічая краіна, мы гатовы працаваць з вамі не толькі ў галіне гандлю машынабудаўнічай прадукцыяй, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы на аснове кааперацыі, — запэўніў Прэзідэнт. — Разам з перадачай нашых тэхналогій мы гатовы навучыць вашых спецыялістаў нашым тэхналагічным працэсам».

Аляксандр Лукашэнка таксама ўказаў на важнасць узаемадзеяння ў харчовай сферы. «Ведаю, што ваша краіна мае патрэбу ў пэўных прадуктах харчавання, — канстатаваў ён. — Мы таксама гатовы ў гэтым удзельнічаць».


Па словах кіраўніка дзяржавы, закрытых тэм у беларуска-лаоскім супрацоўніцтве няма. «Пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам, — удакладніў Прэзідэнт. — Мы гатовы ў гэтым плане з вамі працаваць. Рады будзем бачыць вас у Беларусі ў зручны для вас час».

У сваю чаргу, Лаос прапануе Беларусі сумесную работу ў сферы здабычы карысных выкапняў, у тым ліку золата. «Мы можам сумесна працаваць у галіне здабычы карысных выкапняў, золата, — канкрэтызаваў Тханглун Сісуліт. — Мы маглі б сумесна пабудаваць завод па перапрацоўцы золата. Такое прадпрыемства ў нас ужо ёсць, але мы можам пабудаваць яшчэ адзін (завод. — „Зв.“). Нам вельмі хацелася б супрацоўнічаць з вамі ў гэтай сферы, у вас вельмі багаты вопыт».

Прэзідэнт Лаоса запрасіў у краіну прадстаўнікоў Беларусі для вывучэння іншых перспектыўных кірункаў сумеснай работы. «Мы чакаем інвестыцый ад Беларусі, — падкрэсліў ён. — У нас шмат рэсурсаў, і мы гатовы падзяліцца прыбыткам».

Тханглун Сісуліт выказаў удзячнасць беларускаму лідару за арганізацыю адпачынку для дзяцей з Лаоса ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь і ў далейшым гатова прымаць на аздараўленне лаоскіх дзяцей.

«Запрашаю да больш актыўнага супрацоўніцтва з нашай высокатэхналагічнай краінай»

На сустрэчы са Старшынёй Савета Міністраў Тога Форам Эсазімна Гнасінгбэ Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што гэта краіна вырашае вельмі важную задачу забеспячэння харчовай бяспекі і бяспекі ў цэлым сваёй дзяржавы. «Вы ўжо зразумелі (і за гэта мы вам удзячныя), што Беларусь у вырашэнні гэтай задачы можа быць для вас карыснай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што беларускі бок пастаўляе ў Тога не толькі прадукты харчавання, але і ўсё неабходнае для вытворчасці харчовых тавараў. «У прыватнасці, у вашу краіну паступае наша сельгасабсталяванне, сельскагаспадарчая тэхніка, робячы свой унёсак у харчовую бяспеку, — канкрэтызаваў ён. — Мы і ў далейшым гатовы дзейнічаць у гэтым плане і ствараць з вамі сумесныя прадпрыемствы ў вашай краіне. Вы прапанавалі цікавы для нас праект распрацоўкі фасфарытаў і будаўніцтва завода па вытворчасці комплексных угнаенняў. У час візіту вашага міністра замежных спраў у Беларусь мы прадставім вам свае інвестыцыйныя прапановы».


Аляксандр Лукашэнка і Фор Эсазімна Гнасінгбэ сустракаліся і 31 жніўня на палях міжнародных мерапрыемстваў у Бішкеку. «Мы грунтоўна пагаварылі па асноўных кірунках нашага супрацоўніцтва, — канстатаваў беларускі лідар. — Але, думаю, афіцыйна будзе не лішнім абмеркаваць некаторыя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння. Закрытых тэм няма, вы для нас вельмі добрыя сябры — упэўнены, ужо цяпер, а не ў будучыні. І я вас запрашаю да больш актыўнага супрацоўніцтва з нашай высокатэхналагічнай краінай».

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны, што гэта краіна зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў галінах высокіх тэхналогій, медыцыны, аховы мацярынства і дзяцінства, аховы здароўя. «Мы гатовы да гэтага, — падкрэсліў ён. — Мы чакаем больш маштабнага супрацоўніцтва ў рамках банкаўскіх сістэм, сферы адукацыі».

Прэзідэнт таксама прапанаваў Старшыні Саўміна Тога больш шырока прыгледзецца да лінейкі беларускай тэхнікі, асабліва велікагрузнай. «Наша краіна машынабудаўнічая, і свой вопыт мы гатовы перадаваць вам», — канстатаваў беларускі лідар.

Беларусь закупляе ў Тога какава-бабы. З улікам таго, што ў нашай краіне развіта прамысловасць, дзе выкарыстоўваецца гэта сыравіна, Аляксандр Лукашэнка абазначыў гатоўнасць да больш маштабных закупак.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прапанаваў Старшыні Савета Міністраў Тога правесці ў Беларусі бізнес-форум. «Каб вашы спецыялісты, бізнесмены прыехалі ў Беларусь на некалькі дзён, вывучылі, паглядзелі на нашу эканоміку перш за ўсё і зрабілі для сябе адпаведныя высновы», — патлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што такое мерапрыемства садзейнічала б фарміраванню дарожнай карты Беларусі і Тога на перспектыву. «У час вашага візіту да нас або майго візіту ў Тога мы маглі б такую карту зацвердзіць», — сказаў Прэзідэнт.

Тога для Беларусі — гэта яшчэ адна апорная краіна на афрыканскім кантыненце, абапіраючыся на дружалюбныя адносіны з якой можна ісці далей у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў рэгіёне Заходняй Афрыкі, выкарыстоўваць сумесныя для гэтага магчымасці. У сувязі з гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы абазначыў шэраг кірункаў, па якіх Беларусь і Тога маглі б развіваць супрацоўніцтва. На што з боку Тога прагучала прапанова правесці больш глабальны бізнес-форум, запрасіўшы на яго прадстаўнікоў і іншых краін Афрыкі.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў удзячнасць Старшыні Савета Міністраў Тога за арганізацыю візіту міністра замежных спраў Беларусі ў гэту краіну і запрасіў кіраўніка МЗС афрыканскай дзяржавы ў Мінск з візітам у адказ.

У сваю чаргу, Тога зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў сферы вытворчасці ўгнаенняў. Старшыня Савета Міністраў звярнуў увагу на тое, што раней іх краіну з афіцыйным візітам наведаў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

«Мы тады ўзнялі пытанне аб тым, што Беларусь здабывае вельмі шмат калію, — канстатаваў Фор Эсазімна Гнасінгбэ. — Мы, у сваю чаргу, здабываем вельмі шмат фосфару. Іншая справа, што ваш калій вы перапрацоўваеце і робіце з яго калійныя ўгнаенні, а мы прадаём сырым тое, што здабываем».

«Будучы год у нас павінен быць больш актыўным»

Падчас сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць за магчымасць абмеркаваць пэўныя праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у беларуска-пакістанскіх адносінах.

«Праблемы ёсць і заўсёды будуць, але няма тых праблем, якія мы не змаглі б з вамі пераадолець, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Шахбаза Шарыфа. — Давайце ў гэтым кірунку дзейнічаць».

Беларускі лідар нагадаў аб ранейшай дамоўленасці падтрымліваць з Пакістанам добрыя палітычныя адносіны і рэалізоўваць эканамічныя праекты. «Калі шчыра гаварыць, то з палітыкай у нас усё нармальна, — удакладніў Прэзідэнт. — У нас добрыя палітычныя адносіны, добрыя асабістыя адносіны. Мы сябры, што тут гаварыць».

Разам з тым, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, летась аб’ём узаемнага гандлю паміж краінамі крыху асеў. «Мы крышку з тавараабаротам праваліліся, працэнтаў на 20, — канкрэтызаваў ён. — Але ў жніўні гэтага года ўсё-такі ў плане даручэнняў зрухі ёсць. Нашы і вашы спецыялісты атрымалі пэўныя задачы. Я думаю, што будучы год у нас павінен быць больш актыўным».

Прэзідэнт папрасіў Прэм’ер-міністра Пакістана перадаць самыя добрыя пажаданні свайму брату Навазу Шарыфу. «Самае галоўнае — здароўя, — пажадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я думаю, у найбліжэйшай будучыні мы знойдзем час, каб сустрэцца ў вас у Пакістане. Натуральна, калі ў яго і ў вас будзе хоць найменшая магчымасць пабываць у Беларусі — мы вас будзем чакаць».

У сваю чаргу, Прэм’ер-міністр Пакістана павіншаваў беларускага лідара з днём нараджэння і выказаў самыя цёплыя пажаданні. «Тут прысутнічаюць камеры, таму я не адважуся спытаць, колькі вам гадоў. Але калі б камер не было, я б пацікавіўся вашым узростам», — пажартаваў Шахбаз Шарыф.


«Я вам потым без камер раскажу», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэм’ер-міністр Пакістана таксама перадаў найлепшыя пажаданні Прэзідэнту Беларусі ад свайго брата Наваза Шарыфа.

Падчас сустрэчы беларускі лідар і Прэм’ер-міністр Пакістана абмеркавалі розныя кірункі двухбаковага ўзаемадзеяння. Цікавасць з пакістанскага боку была выказана да супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы сельскай гаспадаркі і высокіх тэхналогій. Размова таксама ішла аб падрыхтоўцы кадраў. Было адзначана, што ў хуткім часе група спецыялістаў з Пакістана прыедзе ў Мінск. Акрамя таго, падчас размовы ўвага была ўдзелена канфлікту ЗША і Ірана, а таксама сітуацыі ў рэгіёне ў цэлым.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю