Эксперты аб тым, дзякуючы чаму Беларусі ўдаецца заставацца астраўком стабільнага спакойнага жыцця.
Дзесьці на дамы падаюць ракеты, а ў Мінску пад гукі салюту выпускнікі ВНУ загадваюць жаданні, праводзячы вачыма карабель пад пунсовымі ветразямі. Гэта, бадай, самая яскравая і кантрасная карціна апошніх дзён, якая найлепш адлюстроўвае тое, што мы шчаслівыя мець, але нярэдка не заўважаем і не цэнім. Спакойная стваральная праца, бяспека дзяцей, мірнае неба — што яшчэ трэба чалавеку для шчасця? Падзеі, якія адбываюцца ў свеце, нібы падказваюць нам, беларусам: больш нічога, гэта — самае галоўнае.
І гэта галоўнае — не проста прыгожыя словы, гэта аснова дзяржаўнай палітыкі, якую ўпэўнена праводзіць Прэзідэнт нашай краіны. Пакуль палітыканы ў іншых краінах спрабуюць зарабіць сабе рэйтынг на гучных заявах, скандалах, на распальванні нянавісці і на вайне, наш кіраўнік дзяржавы заклапочаны тым, каб яго народу жылося лепш. Ён вывучае перспектывы вытворчасці дзіцячага харчавання, падпісвае ўказ аб магчымасці купіць арэнднае жыллё, праводзіць нараду па развіцці сельскай гаспадаркі, сустракаецца з расійскімі губернатарамі, каб узмацніць сувязі і тым самым захаваць працоўныя месцы і стабільную работу прадпрыемстваў. Нашы эксперты ў сваіх меркаваннях аднадушныя: менавіта таму, што Прэзідэнт надзвычай паглыблены ва ўсе аспекты жыцця краіны і яе людзей, Беларусі і ўдаецца заставацца спакойным, прыгожым, чыстым куточкам у гэтым шалёным свеце.

«У свеце вельмі неспакойна, але мы мусім зрабіць усё, каб на душы ў беларусаў было светла і ўтульна. Усіх нас аб'ядноўвае адданасць Радзіме і адказнасць за яе лёс...» Гэтыя словы Прэзідэнт сказаў яшчэ летась, але актуальныя яны і сёння, — гаворыць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Конус» РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Андрэй Жамойда. — Інфармацыйны парадак дня насычаны рознымі падзеямі, па большай частцы негатыўнымі: войны, канфлікты. Штодня людзі вакол квітнеючай Беларусі апускаюцца ў глыбіню чалавечых пакут і болі. Вакол «палыхае зямля», але дзякуючы моцнаму лідару мы, беларусы, жывём мірным жыццём, даўно забыўшыся пра спробы навязаць нам думку, што без Захаду знікнем, што не вартыя і шэлега».
Сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з губернатарамі расійскіх рэгіёнаў сталі яскравым пацвярджэннем канструктыўных узаемаадносін з Расійскай Федэрацыяй, адзначае парламентарый і прыгадвае зусім нядаўнюю сустрэчу кіраўніка дзяржавы з губернатарам Кемераўскай вобласці: «Ёсць перакананне ў рэальнай магчымасці мець тавараабарот з Кузбасам у паўмільярда долараў. Расійская дэлегацыя пацвердзіла, што сферы аграрнай індустрыі, перапрацоўчай прамысловасці і турызму прызнаны краевугольным каменем развіцця супрацоўніцтва Брэсцкай і Кемераўскай абласцей. Праводзіцца эфектыўная работа па мультыбрэндавых цэнтрах беларускай тэхнікі, якія па даручэнні Прэзідэнта ствараюцца ў расійскіх рэгіёнах.
Расійская Федэрацыя лічыць супрацоўніцтва з нашай краінай важнай для сябе мэтай».
Немалаважная падзея — Еўразійскі эканамічны форум, які рыхтуецца прымаць наша краіна 26 чэрвеня. На думку Андрэя Жамойды, тое, што на яго заяўлена больш за 2 тысячы ўдзельнікаў з 29 краін, сведчыць аб высокай цікавасці да мерапрыемства і да нашага лідара як да гаранта прадуманай і ўзважанай палітыкі.
Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін СЕМЯНЯКА, трэба адрозніваць пагрозу знешнюю ад пагрозы ўнутранай. «Ворагі,
калі імкнуцца пэўным чынам аслабіць краіну — Беларусь або любую іншую, — могуць працаваць на розных франтах, — удакладніў ён. — Могуць раптоўна напасці, а могуць рыхтаваць грамадскую думку знутры, смакаваць пэўныя цяжкасці, якія насамрэч цяжкасцямі не з'яўляюцца. Таму неабходна ўважліва сачыць за тым, каб унутры краіны працавалі прадпрыемствы, нівы давалі ўраджай, людзі мелі работу і атрымлівалі за яе пэўную ўзнагароду».

Дэпутат падкрэсліў, што ў забеспячэнні сваёй бяспекі Рэспубліка Беларусь рэалізоўвае шматвектарную палітыку. «Невыпадкова наша Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі прадугледжвае не толькі ваенную пагрозу,
але і пагрозу харчовую, прамысловую, тэхналагічную, экалагічную, — заўважыў Валянцін Семяняка. — У гэтым кантэксце кіраўнік нашай дзяржавы паказвае прыклад таго, як трэба клапаціцца не толькі пра дзень сённяшні, але і пра будучыню таксама. Такая павышаная ўвага, напрыклад, да пытанняў аграпрамысловага сектара сведчыць аб тым, што менавіта дадзеная галіна з'яўляецца адным з трыгераў нашай эканомікі. Традыцыйна Беларусь — адзін з лідараў па пастаўках прадуктаў харчавання не толькі на ўнутраны рынак, але і на рынкі іншых дзяржаў. Невыпадкова гэта пытанне знаходзіцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы і павінна знаходзіцца ў полі зроку іншых службовых асоб, простых грамадзян».
Парламентарый прыгадаў словы Аляксандра Лукашэнкі, які неаднаразова казаў аб тым, што кожны павінен займацца сваёй справай. «Рабочыя павінны працаваць на вытворчасці, сяляне — вырошчваць сельгаспрадукцыю, настаўнікі — вучыць дзяцей, урачы — лячыць, ваеннаслужачыя — мацаваць абарону на выпадак знешняга нападу, — канкрэтызаваў парламентарый. — Гэта вельмі правільна, бо, па словах Прэзідэнта, калі кожны будзе займацца сваёй справай, будзе агульны поспех».
Дэпутат падкрэсліў, што сёння Беларусь з'яўляецца астраўком міру сярод дзяржаў, якія ваююць. «Нашы суседзі ў той ці іншай ступені ўключаны ў розныя ўзброеныя канфлікты, якія адбываюцца на зямным шары: альбо накіроўваюць сваіх вайскоўцаў ваяваць, альбо пастаўляюць зброю, альбо ваююць у адкрытую, — канстатаваў ён. — Рэспубліка Беларусь у гэтым плане з'яўляецца прыкладам таго, як за кошт стваральнай працы можна забяспечыць сваю бяспеку прагматычнымі сродкамі, мінімізаваць розныя пагрозы (як знешнія, так і ўнутраныя). І ўсё гэта на фоне значных канфліктаў, якія адбываюцца вакол нас. Мір — вельмі вялікае дасягненне, і яго трэба шанаваць кожнаму нашаму грамадзяніну. Вайна — заўсёды разбурэнне не толькі таго, што матэрыяльнае, гэта і разбурэнне глабальных сувязяў, планаў, лёсаў. Любое жыццё, нават самае цяжкае, лепш, чым канец зямнога быцця. Таму нашы беларускія рэаліі, тыя поспехі, якія мы маем у мірнай стваральнай працы, вельмі дорага каштуюць. Нам зайздросцяць многія з тых, хто пайшоў па-іншаму шляху: шляхам зброі, шляхам захопу іншых тэрыторый, шляхам прэтэнзій да суседзяў. І думаюць пры гэтым, што такім чынам можна стаць шчаслівымі. Шчаслівым чалавека можа зрабіць толькі стваральная, здзяйсняльная праца. Гэта дэманструе наш Прэзідэнт, уся наша беларуская нацыя».
«Наш Прэзідэнт — аўтарытэтны, са шматгадовым вопытам дзяржаўны дзеяч. Чалавек, які дзякуючы сваёй настойлівасці, узважанай і адказнай унутранай і знешняй палітыцы здолеў здзейсніць неверагоднае: у сучасным свеце, дзе размовы пра трэцюю сусветную вайну сталі штодзённасцю і ўжо нікога не палохаюць, дзе ўзброеныя канфлікты рознай інтэнсіўнасці ўспыхваюць ледзь не штодня, дзе, здаецца, усе ваююць супраць усіх, Беларусь па-ранейшаму застаецца астраўком міру і стабільнасці. Дасягненне, якога не ўдавалася дабіцца нікому за ўсю шматвяковую гісторыю нашага народа», — адзначае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова хоць бы бегла азнаёміцца з мінулым тыднем Прэзідэнта, лічыць сенатар. Выязны семінар па сельскай гаспадарцы ў Мінскім раёне, нарада па падрыхтоўцы пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскага эканамічнага форуму, удзел у цырымоніі ўзнагароджання выпускнікоў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі...
«Мерапрыемствы розныя па сваёй тэматыцы і фармаце, але аб'яднаныя адной мэтай — зрабіць жыццё беларусаў лепшым, больш якасным, насычаным, — рэзюмуе Людміла Сапега і дадае: — І больш бяспечным! Як чалавек, які пры прыняцці рашэнняў ідзе ад зямных рэалій, Прэзідэнт абараназдольнасці краіны таксама ўдзяляе павышаную ўвагу. Пацвярджэнне — яго нядаўні візіт у Брэсцкую вобласць, дзе размешчаны цэнтр падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных Сіл Беларусі. На жаль, у сучасным свеце, дзе ўсё выразней сцвярджаецца права моцнага, інакш нельга. У адваротным выпадку заўсёды знойдуцца ахвотныя ператварыць наш астравок міру і стабільнасці ў арэну баявых дзеянняў».

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалая БУЗІНА, насычаны графік кіраўніка дзяржавы, які, у прыватнасці, клапоціцца аб стане сельскай гаспадаркі, бяспецы нашай краіны, плануе перспектыўныя праекты з расійскімі партнёрамі, сведчыць аб тым, што Беларусь упэўнена ў будучыні. «Наша дзяржава накіравана на развіццё, — акцэнтаваў увагу дэпутат. — Мы думаем аб тым, як зрабіць жыццё нашых людзей лепшым».
Пры гэтым Мікалай Бузін падкрэслівае, што пытанне, звязанае з нацыянальнай бяспекай, не другаснае, але яно вырашана на пэўны час наперад. «Мы ўпэўнена глядзім у будучыню, — адзначыў парламентарый. — Так, ёсць праблемы эскалацыі канфліктаў, але сучасны стан ваеннай і нацыянальнай бяспекі забяспечвае паступальнае развіццё дзяржавы, грамадства на перспектыву. Мы ведаем, што наша неба абаронена, што мы валодаем адпаведнымі сіламі і сродкамі для забеспячэння ваеннай бяспекі. І таму мы спакойна займаемся сельскай гаспадаркай, жывёлагадоўляй, развіццём тэрыторый, бо аснова, базіс любой бяспекі — менавіта эканоміка. І наш Прэзідэнт гэта дакладна разумее».

Паводле нашых карэспандэнтаў