У другім чытанні быў прыняты праект закона «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Дакумент не прадугледжвае радыкальнага перагляду падатковай сістэмы. У ім закладзены асобныя мэтанакіраваныя карэкціроўкі, якія датычацца адміністрыравання, індэксацыі падатковых ставак, змены тэрмінаў выканання абавязацельстваў.
Член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Наталля КУЛЯШОВА ўдакладніла: штогод стаўкі, якія ўстаноўлены ў беларускіх рублях, будуць праіндэксаваныя на прагнозны ўзровень інфляцыі.
— Што датычыцца акцызнай палітыкі, акрамя індэксацыі, уводзіцца новая група падакцызных тавараў. У прыватнасці, размова ідзе пра прэміяльны алкаголь. Будзе прынята пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якая будзе рэгламентаваць пералік прэміяльнага алкаголю. Стаўкі па дадзеным алкаголі будуць у 1,5 раза найвышэйшыя, чым стаўкі для алкаголю айчыннага вытворцы. Акрамя таго, дакумент прадугледжвае структурную надбудову падатку на дабаўленую вартасць, падаходнага падатку з улікам правапрымяняльнай практыкі.
Гаворачы аб падаходным падатку, парламентарый звярнула ўвагу, што зніжаецца падатковая нагрузка для пэўных катэгорый фізічных асоб — за кошт таго, што індэксуюцца стандартныя падатковыя вылікі для ўтрыманцаў і іншых катэгорый.
— Практычна да мінімальнай заработнай платы павялічаны стандартны падатковы вылік для маладых спецыялістаў. Пералік маладых спецыялістаў пашыраецца. З 2027 года ім змогуць скарыстацца маладыя
спецыялісты, якія сёння навучаюцца за межамі Рэспублікі Беларусь па міжнародных праграмах і міжнародных дагаворах. Варта адзначыць, што для плацельшчыкаў у частцы адміністрыравання падаходнага падатку будуць зрушаныя тэрміны прадастаўлення падатковай дэкларацыі па падаходным падатку і тэрмін выплаты падаходнага падатку, — адзначыла парламентарый.
Арыенцір бюджэтнага фінансавання — падтрымка сацыяльнай сферы
Дэпутатамі ў другім чытанні быў таксама прыняты законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год». Каментуючы навацыі ў дакуменце, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Васіль ПАНАСЮК адзначыў, што пры дапрацоўцы рэспубліканскага бюджэту на 2027 год удакладнены, перш за ўсё, яго асноўныя параметры. І яны практычна не змяніліся:
— Пры фарміраванні даходнай часткі бюджэту асноўную долю складае падатак на дабаўленую вартасць. Свой уклад уносіць знешнеэканамічная дзейнасць, акцызы і падатак на прыбытак. Што датычыцца расходнай часткі, наша палітыка таксама застаецца нязменнай. Гэта значыць бюджэтныя расходы рэспубліканскага фінансавага года перш за ўсё будуць накіраваныя на сацыяльнае забеспячэнне нашых грамадзян. Арыенцір бюджэтнага фінансавання будзе накіраваны на падтрымку сацыяльнай сферы. Так, на ахову здароўя будзе накіравана без малога 3 мільярды рублёў, больш за 3 мільярды рублёў будзе накіравана на адукацыю, на рэалізацыю сацыяльнай палітыкі — без малога 4 мільярды рублёў. Такія ключавыя прыярытэты, як выплата сямейнага капіталу, будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай, закупка транспарту і цэнтралізаваная перадача яго ў органы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання. Сур’ёзныя асігнаванні будуць накіраваны на падтрымку асноўных кірункаў па развіцці нацыянальнай эканомікі, якія прыводзяць да павышэння аб’ёмаў прамысловай прадукцыі, развіццё энергетыкі, развіццё энергазберажэння і шэрагу іншых пазіцый. У мэтах рэалізацыі харчовай бяспекі і павышэння экспартнага патэнцыялу нашага аграрнага сектара прадугледжана 1,4 мільярда на падтрымку сельскай гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што па-ранейшаму бюджэт дэфіцытны, хачу адзначыць, што дэфіцыт бюджэту на 2027 год значна меншы, чым па выкананні бягучага года. Дзяржава ў стане фінансава забяспечыць усе сацыяльныя абавязацельствы перад нашымі грамадзянамі, — сказаў парламентарый.
Ён таксама акцэнтаваў увагу: інфармацыя пра тое, што сацыяльныя расходы ўразаюцца, якую сёння некаторыя спрабуюць распаўсюджваць, недакладная.
Удасканаленне працоўнага заканадаўства
У першым чытанні народныя выбраннікі прынялі праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб знешняй працоўнай міграцыі». Гаворачы аб дакуменце, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Павел ПАПКО падкрэсліў, што наша краіна працягвае сістэмную работу па ўдасканаленні дастаткова прагрэсіўнага працоўнага заканадаўства.
— Унесены ў Палату прадстаўнікоў законапраект накіраваны на аптымізацыю працэсаў па выкананні працоўных правоў грамадзян, якія прыбываюць у нашу краіну для працаўладкавання. У мэтах недапушчэння невыканання правоў працоўных мігрантаў прапануецца ўвесці забарону на перадачу іх для выканання абавязкаў трэцім асобам, роўна як і самім працоўным мігрантам забарону на працаўладкаванне або выкананне іншых абавязкаў, па якіх ім быў прадастаўлены дазвол на працаўладкаванне ў трэціх асоб.
Такім чынам, дзяржава гарантуе, што тыя ўмовы найму, якія былі агучаны фірмамі пры пошуку персаналу для працаўладкавання, будуць выкананыя і ў частцы заробкаў, і ў частцы ўмоў працы. У інтарэсах працоўных мігрантаў, якія прыбываюць у нашу краіну, прапануецца скараціць тэрмін выдачы працоўных дазволаў з 15 да 10 дзён. Асабліва адзначу, што прынцып першачарговага прадастаўлення працоўных месцаў захоўваецца за грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, — адзначыў дэпутат.
Што прапануецца скарэкціраваць у сферы абыходжання з адходамі?
У першым чытанні дэпутаты таксама прынялі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі». Каментуючы навацыі ў дакуменце, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Наталля ТАРАСЕНКА адзначыла, што праблема абыходжання з адходамі з’яўляецца актуальнай і для Беларусі, і для іншых краін свету.
— Змяненні, якія мы ўносім у дакумент, у першую чаргу ўлічваюць правапрымяняльную практыку, а таксама накіраваны на выкананне задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы аб вызначэнні адзінага каардынатара ў сферы абыходжання з адходамі. Ім будзе з’яўляцца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ведамства будзе каардынаваць усю дзейнасць па абыходжанні з усімі адходамі, у тым ліку другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, — адзначыла парламентарый.
Узмацненне сацыяльных гарантый авіяцыйным спецыялістам ДТСААФ
У першым чытанні быў таксама прыняты праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прафесійнага пенсіённага страхавання». Мэта падрыхтоўкі дакумента — стварэнне прававых падстаў для ўключэння ў сістэму прафесійнага пенсіённага страхавання авіяцыйных спецыялістаў ДТСААФ.
— Галоўная навацыя і сутнасць гэтага праекта закона — узмацненне сацыяльных гарантый авіяцыйным спецыялістам ДТСААФ, занятых у асаблівых умовах працы, — адзначыў член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Аляксандр КАНАПАЦКІ. — Гаворка ідзе пра тры катэгорыі спецыялістаў. Па-першае, лётны і лётна-выпрабавальны склад. Па-другое, работнікі, якія ажыццяўляюць непасрэднае кіраванне палётамі паветраных судоў (дыспетчары, кіраўнікі палётаў). І трэцяя катэгорыя — работнікі інжынерна-тэхнічнага складу, якія забяспечваюць тэхнічную эксплуатацыю і бяспеку паветраных судоў, — расказаў парламентарый.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ