Top.Mail.Ru

На пасяджэнні пятай сесіі Савета Рэспублікі прынялі шэраг важных законапраектаў

Сярод адобраных законапраектаў — Закон «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2027 год»; законапраект «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь»; праект закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год»; Закон «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь» аб перапісе насельніцтва"; праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб перавозцы небяспечных грузаў». Акрамя таго, парламентарыі ратыфікавалі шэраг міжнародных пагадненняў.



Даходы бюджэту ФСАН на 2027 павялічацца

Прадстаўляючы законапраект «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2027 год, міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ адзначыў: «Даходы бюджэту ФСАН на 2027 год сфарміраваныя з улікам асноўных параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і плануюцца на ўзроўні 42,8 мільярда рублёў, што на 3 мільярды больш, чым у 2026 годзе. Асноўнай крыніцай даходаў традыцыйна з’яўляюцца абавязковыя страхавыя ўзносы».

Ён таксама ўказаў, што выдаткі бюджэту фонду плануюцца ў суме 42,3 мільярда рублёў, што на 4,6 мільярда больш, чым у 2026 годзе. Пры гэтым выдаткі на пенсію складуць крыху больш за 80 % ад усіх выдаткаў бюджэту фонду, гэта значыць, больш за 34 мільярды рублёў з ростам на 3,8 мільярда рублёў да чаканага ўзроўню 2026 года.

Бюджэт фонду на 2027 год сфарміраваны з перавышэннем даходаў над выдаткамі за кошт сродкаў прафесійнага пенсійнага страхавання ў суме 522,4 мільёна рублёў.

«Стабільнасць падатковай сістэмы — важны фактар для развіцця эканомікі»

Законапраект «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь» прадставіў міністр фінансаў Уладзіслаў ТАТАРЫНОВІЧ. Ён нагадаў, што ключавыя задачы падатковай палітыкі вызначаныя Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны: павышэнне справядлівасці падаткаабкладання, забеспячэнне росту збіральнасці плацяжоў і павышэнне якасці адміністравання пры захаванні сукупнай падатковай нагрузкі на эканоміку на ўзроўні не больш за 26 % ВУП.

«Для большасці плацельшчыкаў падатковая нагрузка і ўмовы падаткаабкладання ў 2027 годзе не зменяцца, — падкрэсліў міністр фінансаў. — Стабільнасць падатковай сістэмы — важны фактар для развіцця эканомікі. Таму прапануецца прыняць рашэнне па кропкавай наладцы і адаптацыі дзеючых механізмаў падаткаабкладання з улікам практыкі прымянення Падатковага кодэкса».

«Базавыя прыярытэты бюджэту застаюцца нязменнымі»

Уладзіслаў Татарыновіч таксама прэзентаваў праект закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год». Даходы рэспубліканскага бюджэту на 2027 год прагназуюцца ў аб’ёме каля 58,9 мільярда рублёў. Выдаткі плануюцца ў суме каля 60,8 мільярда рублёў.

«Базавыя прыярытэты бюджэту застаюцца нязменнымі: сацыяльная сфера, аплата працы і ключавыя кірункі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і праграмы дзейнасці ўрада», — адзначыў міністр фінансаў.

«Дэмаграфічныя даныя — гэта дакладныя і неабходныя даныя для дзяржаўнага планавання»

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА прадставіла праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб перапісе насельніцтва». Праект закона прадугледжвае выклад дзеючага Закона аб перапісе ў новай рэдакцыі.

Рэалізацыя яго нормаў накіраваная на ўдасканаленне прававой асновы арганізацыі і правядзення перапісу насельніцтва, ўкараненне сучасных лічбавых інструментаў, аптымізацыю рэсурсаў і задавальненне інфармацыйных патрэб дзяржавы і грамадства ў якаснай афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.

«Дэмаграфічныя даныя — гэта дакладныя і неабходныя даныя для дзяржаўнага планавання. Памылкі або састарэлыя падыходы тут недапушчальныя, бо ад іх залежаць лёсы людзей і развіццё нашых рэгіёнаў. Замацаванне права рэспандэнта ведаць мэту правядзення перапісу, а таксама абавязкі браць удзел у перапісе насельніцтва — гэта прынцыповы момант з пункту гледжання ўсвядомленага ўдзелу грамадзян у дзяржаўна значным мерапрыемстве і павышэння адказнасці за дакладнасць даных, якія прадстаўляюцца», — адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар АНАНІЧ.

Павышэнне ўзроўню бяспекі і актуалізацыя тэрміналогіі

Пра законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб перавозцы небяспечных грузаў» далажыў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ. Дакумент накіраваны на ўдасканаленне праваадносін у гэтай сферы, павышэнне ўзроўню бяспекі, актуалізацыю тэрміналогіі і прывядзенне нормаў у адпаведнасць з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ, праект закона адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закону аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых абавязацельствах Рэспублікі Беларусь, патрабаванням нарматворчай тэхнікі і міжнародным крытэрыям ацэнкі праекта нарматыўных прававых актаў. «Пастаянная камісія па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні рэкамендуе Савету Рэспублікі ўхваліць праект закона», — дадаў Леанід Заяц.

Падчас сесіі члены Савета Рэспублікі таксама ратыфікавалі шэраг міжнародных дакументаў.

Паводле БелТА і прэс-службы Савета Рэспублікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю