Што датычыцца сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ) і паралельна веласіпедаў, то, вядома ж, для іх строга вызначаны правілы дарожнага руху, лічыць старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху ўпраўлення дарожна-патрульнай службы і прафілактыкі галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Ганна БАНАДЫК.
З’явілася новае патрабаванне, што на пешаходных пераходах, гэта значыць — для перасячэння праезнай часткі, асобы, якія перамяшчаюцца на сродках персанальнай мабільнасці, на веласіпедах, абавязаны спешвацца. Але існуюць выключэнні.
Калі на пешаходным пераходзе або на велапераездзе рух рэгулюецца веласвятлафорам, то дазволена не спешвацца. Але зноў жа вельмі важнае правіла — загадзя знізіць хуткасць і пераканацца ў бяспецы, пасля чаго перасякаць праезную частку з хуткасцю чалавека, які б ішоў крокам. Неабходна перасякаць пераход на мінімальных хуткасцях, каб не ствараць небяспекі для іншых асоб, якія перамяшчаюцца на такіх жа транспартных сродках, альбо для пешахода.
«Акрамя таго, мы зразумелі ў пэўным моманце, што адначасова ўстанавіць веласвятлафоры досыць праблематычна. Менавіта таму была ўведзена і агучана міністрам унутраных спраў такая магчымасць, што на пешаходных пераходах будуць таблічкі ў выглядзе святлафора. Гэта значыць, яны прыраўноўваюцца да веласвятлафораў і працуюць разам са звычайным пешаходным святлафорам. Яшчэ прашу заўважыць, што дадзеныя таблічкі і веласвятлафоры ўстанаўліваюцца толькі ў месцах, дзе выключаны канфлікт кіроўца—пешаход. Гэта такія месцы, дзе бяспека асоб, якія перамяшчаюцца на веласіпедах і СПМ, цалкам забяспечана. І менавіта ў гэтых месцах ім дазволена не спешвацца», — патлумачыла Ганна Банадык.
Ёсць яшчэ адно выключэнне. Яно больш існуе як для сельскай мясцовасці, так і для асоб, якія перамяшчаюцца па тратуарах і абочынах. «У сельскай мясцовасці, напрыклад, вельмі мала пешаходных пераходаў, і людзі ідуць у асноўным па лініі тратуараў, па лініі абочын. Менавіта таму тут таксама зробленыя выключэнні. Удзельнікам СПМ можна перасякаць праезную частку па лініі тратуараў і абочын, не спешваючыся, але, саступаючы дарогу іншым транспартным сродкам.
Чаму так зроблена? У веласіпедыста нашмат больш магчымасцяў убачыць транспартны сродак, які пад’язджае да павароту або выязджае з двара, чым у кіроўцы. Таму што калі веласіпед ці самакат у парушэнні правілаў дарожнага руху рухаюцца на вялікай хуткасці, а ў кіроўцы часам няма магчымасці яго своечасова ўбачыць.

Трэцяе выключэнне, гэта калі веладарожка вынесена на праезную частку. У такім выпадку кіроўца веласіпеда або СПМ дзейнічае як кіроўца транспарту і кіруецца сігналамі святлафора, рэгуліроўшчыка альбо знакамі прыярытэту ў руху, менавіта як для звычайных кіроўцаў механічных транспартных сродкаў.
Такое ж правіла дзейнічае і для веласіпедыстаў або кіроўцаў СПМ, калі яны перамяшчаюцца ў дазволеных выпадках па краі праезнай часткі. Гэта значыць, у месцах, дзе няма ні веладарожкі, ні тратуара, ні абочыны. У такім выпадку яны могуць рухацца па краі праезнай часткі, але абавязаны выконваць правілы, як для іншых кіроўцаў.
І яшчэ. Для самакатаў уведзена хуткасць руху ў населеных пунктах не больш за 10 км у гадзіну. Выключэнне складае рух па веладарожцы альбо па краі праезнай часткі ў дазволеных выпадках. У такіх выпадках можна да 25 км у гадзіну. У астатніх усіх выпадках па тратуарах, па абочыне, па жылых зонах не больш за 10 км у гадзіну. Яшчэ важны момант, што ўсім асобам, якія перамяшчаюцца на сродках персанальнай мабільнасці, забаронены рух у пешаходных зонах.
Дзецям да 14 гадоў дазволена перамяшчацца на СПМ толькі ў жылых зонах. Гэта значыць — закрытыя тэрыторыі, дзе цалкам прыярытэтам карыстаюцца пешаходы і ўразлівыя ўдзельнікі дарожнага руху.
Акрамя таго, як на веласіпедах, так і на СПМ забаронены ўдзел у дарожным руху ў нецвярозым стане, забаронена перавозіць пасажыраў. Прычым важны момант, які таксама ўнесены ў новую рэдакцыю, але яго мала хто агучвае, што дазволена перавозіць на веласіпедах дзяцей да 7 гадоў, але пры гэтым, дзеці павінны знаходзіцца ў велашлеме і ў спецыяльным сядзенні, якое фіксуе ножкі дзіцяці.
Сяргей КУРКАЧ