Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі расказала журналістам аб акцэнтах і ключавых падыходах, перадае БелТА.
Тэмай нарады першапачаткова было заяўлена развіццё хакея ў краіне, але кіраўнік дзяржавы маштабаваў яе ў цэлым на ўсю спартыўную галіну. Адна з прычын такога падыходу — зменлівыя ўмовы па ўдзеле беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, растлумачыла Наталля Пяткевіч.
«Нарэшце здымаюцца абмежаванні па допуску нашых спартсменаў, спартыўных каманд на сусветную арэну. І ўжо адгаворак, што нас кудысьці не пускаюць і няма спаборніцкага працэсу, — іх (больш. — Заўв. БелТА) няма, — падкрэсліла намеснік Прэм’ер-міністра. — Усе каманды і ўся спартыўная вертыкаль павінны быць гатовы, каб як заўсёды дастойна прадстаўляць краіну. Патрэбны вынік. Ён патрэбен краіне, патрэбен нашым балельшчыкам».
У гэтым кантэксце на мерапрыемстве ў кіраўніка дзяржавы разглядаўся стан спраў у асноўнай хакейнай камандзе Беларусі — «Дынама-Мінск», і на яе прыкладзе — сітуацыя ў іншых спартыўных клубах краіны.
На нарадзе адзначалася паспяховае выступленне клуба ў мінулым сезоне КХЛ, дзе мінскае «Дынама» ўпершыню дасягнула такіх высокіх вынікаў. Як вядома, «зубры» па выніках рэгулярнага чэмпіянату занялі другое месца ў Заходняй канферэнцыі і выйшлі ў чвэрцьфінал Кубка Гагарына.

Наталля Пяткевіч падкрэсліла, што гэта вельмі значна і адбылося дзякуючы як трэнерскаму штабу, так і асабліва ігракам. «Нягледзячы на паражэнне, якое засмуціла ўсіх нас (у серыі ў чвэрцьфінале з казанскім „Ак Барсам“. — Заўв. БелТА), тым не менш каманда выступіла вельмі годна. Гэта трэба прызнаць. Але кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў: „Што далей?“ Гэтыя перспектывы былі ў цэнтры самай пільнай увагі — з чым мы ідзём у наступны сезон і ў хакеі, і ў цэлым у іншых відах спорту», — сказала намеснік Прэм’ер-міністра.
У ліку дакладчыкаў на нарадзе быў старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, які праінфармаваў аб выніках праверкі ЗАТ «Хакейны клуб «Дынама-Мінск». Наталля Пяткевіч звярнула ўвагу, што клуб карыстаецца сродкамі дзяржпадтрымкі, а таму адпаведным пытанням надаецца пільная ўвага.
«У выніку праверкі было даложана аб шэрагу сур’ёзных недахопаў, якія не застаюцца без увагі кіраўніка дзяржавы. У сувязі з гэтым было даручана Камітэту дзяржкантролю і Міністэрству ўнутраных спраў праверыць у цэлым спартыўныя клубы ў нашай краіне. Для таго, каб сродкі, якія накіроўваюцца на спорт, сродкі дзяржаўнай падтрымкі (гэта значыць мэтавыя сродкі) ішлі на спорт, а не на нейкія іншыя патрэбы, не звязаныя са спортам, у тым ліку для задавальнення нейкіх гаспадарчых патрэб», — заявіла віцэ-прэм’ер.