Мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю ўтварэння Акадэміі нацыянальнай бяспекі Беларусі, адбылося ў Нацыянальнай акадэміі навук. Эксперты і спецыялісты абмеркавалі шырокі спектр актуальных пытанняў, падзяліліся вопытам і падыходамі, якія датычацца розных сфер гарантавання бяспекі.
«Мы як ніколі ўсведамляем значэнне каштоўнасці міру»
Віншуючы калектыў Акадэміі нацыянальнай бяспекі з 85-годдзем з дня заснавання, Старшыня Савета Рэспублікі Наталя Качанава адзначыла, што ўсе гэтыя гады акадэмія служыць крыніцай унікальных ведаў, выхоўвае прафесіяналаў, адданых ганаровай справе забеспячэння бяспекі і аховы нашай Радзімы. Кажучы пра актуальнасць выбранай тэматыкі канферэнцыі, спікер заўважыла, што ва ўмовах, калі свет хутка змяняецца, калі пагрозы становяцца ўсё больш разнастайнымі і выдасканаленымі, неабходна аналізаваць праблемы, якія існуюць, і выпрацоўваць канкрэтныя механізмы, здольныя даць папераджальны адказ на выклікі часу.
Наталля Качанава нагадала, што сёлета мы адзначаем 80-годдзе Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. «Мы памятаем урокі гісторыі і як ніколі ўсведамляем значэнне каштоўнасці міру, — канстатавала яна. — Яшчэ нядаўна мы з цяжкасцю маглі ўявіць, што зноў апынёмся на мяжы глабальнага канфлікту, у якім не будзе пераможцаў і пераможаных. Звышдзяржавы ўключыліся ў бескампрамісную барацьбу за геапалітычны ўплыў, а свет знаходзіцца ў стадыі фарміравання шматпалярнага светаўладкавання. Краіны калектыўнага Захаду адкрыта працягваюць спансіраваць дзяржаўныя перавароты, выкарыстоўваючы адпрацаваныя механізмы „каляровых рэвалюцый“. Растуць выдаткі на мілітарызацыю, вакол нашых граніц нарошчваецца прысутнасць натаўскіх войскаў. Вядзецца барацьба не толькі за тэрыторыі, але і за розумы людзей. Усё гэта не можа нас не турбаваць».
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што ў сучасным свеце інфармацыя стала магутнай зброяй. «Фэйкавыя навіны здольныя падрываць давер да дзяржаўных інстытутаў улады, правакаваць сацыяльныя і этнічныя канфлікты, ствараць хаос у грамадстве, — канкрэтызавала спікер. — Усе мы памятаем жнівень 2020 года, калі наша краіна стала аб’ектам дэструктыўнага ўмяшання. Мы выстаялі тады. Дзякуючы нашаму Прэзідэнту, яго асабістай палітычнай сіле. Мільёны беларусаў не аказаліся зноў уцягнутымі ў ваенны канфлікт».
І цяпер наша краіна, па словах Наталлі Качанавай, працягвае сутыкацца з шэрагам сур’ёзных выклікаў, якія патрабуюць кансалідацыі намаганняў, стратэгічнага падыходу і інавацыйных рашэнняў. Спікер лічыць, што сёння неабходна распрацоўваць сумесныя даследчыя праекты, праграмы, накіраваныя на эфектыўную барацьбу з тэрарызмам і кіберпагрозамі.
«На VІІ Усебеларускім народным сходзе была зацверджана Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, якой дадзены дакладны адказ на геапалітычныя змены ў свеце, новыя віды і характар пагроз, — нагадала Старшыня Савета Рэспублікі. — Міралюбівая палітыка нашай дзяржавы ў канцэпцыі праходзіць чырвонай ніткай. Мы прама і адкрыта заявілі глабальнаму свету аб сваіх прыярытэтах у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, аб адкрытасці нашай палітыкі, аб Беларусі як адказным, надзейным партнёры. Упершыню ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі з’явіўся тэрмін „электаральны суверэнітэт“. У 2025 годзе падчас правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы пераканаўча прадэманстравалі ўсяму свету прыклад рэалізацыі поўнаўладдзя народа і свабоды яго выбару».
Спікер засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на тым, што Беларусь паслядоўна пацвярджае статус міралюбівай дзяржавы, нягледзячы на недружалюбныя выпады асобных палітыкаў і нават цэлых краін. «Нашы прынцыпы заснаваныя на ўзаемнай падтрымцы ў барацьбе з сучаснымі выклікамі, адказнасці, добрасуседстве і мірным суіснаванні, — адзначыла Наталля Качанава. — Як падкрэсліў паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі інаўгурацыі: „На шчасце, у нас шмат сяброў і саюзнікаў. Брацкая Расія, Вялікі Кітай, партнёры Садружнасці Незалежных Дзяржаў, ШАС, БРІКС. Фактычна ўсе краіны, якія сёння ўтвараюць глабальную большасць“. Мы гатовы дзяліцца вопытам і супрацоўнічаць з усімі дзяржавамі, настроенымі на паважлівы дыялог».
«Прасоўванне міралюбівага стваральнага парадку дня — першарадная задача міжпарламенцкай дыпламатыі»
Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, за гэтыя гады ў Акадэміі нацыянальнай бяспекі падрыхтавана цэлая плеяда кіраўнікоў і супрацоўнікаў у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі не толькі для Беларусі, але і для дзяржаў — удзельніц СНД. «У акадэміі сфарміраваны свае традыцыі, на якіх выхоўваюцца сапраўдныя прафесіяналы, адданыя сваёй справе, — адзначыў ён. — Мы разумеем, што кваліфікаваныя кадры — гэта аснова, падмурак сістэмы забеспячэння бяспекі любой дзяржавы».
Па словах спікера, сёння выразна відаць, што архітэктура міжнароднай бяспекі, якая дазваляла захоўваць крохкі баланс на еўрапейскім кантыненце, фактычна цалкам разбурана. «Радыкальна змяніўся характар пагроз на нашых заходніх граніцах: краіны НАТА працягваюць канцэнтраваць войскі і праводзіць маштабныя манеўры, — канкрэтызаваў ён. — З беспрэцэдэнтным размахам і выкарыстаннем самых выдасканаленых форм вядзецца інфармацыйная вайна. Пастаянна нарошчваюцца рычагі эканамічнага ўздзеяння. Глыбокі крызіс сістэмы міжнароднай бяспекі садзейнічае актывізацыі тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, пашырэнню іх уплыву на новых тэрыторыях сусветнай прасторы».
Ігар Сергяенка канстатаваў, што ў сувязі з імклівым змяненнем свету, фарміраваннем новых выклікаў і пагроз варта не толькі рэагаваць, але і дзейнічаць на апярэджанне. «І, як сказаў кіраўнік дзяржавы на цырымоніі прынясення клятвы ваеннаслужачымі 25 сакавіка, галоўнымі прыярытэтамі нашай дзейнасці былі, застаюцца і застануцца нацыянальныя інтарэсы, бяспека краіны і людзей, — нагадаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — У Беларусі створана ўстойлівая сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Яна пастаянна ўдасканальваецца, аптымізуецца з улікам абстаноўкі, якая складваецца як унутры краіны, так і на знешнім контуры. Пацвярджэнне таму — прыняцце ў мінулым годзе абноўленых дакументаў стратэгічнага планавання: Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны, якімі, адзначыў Прэзідэнт нашай краіны, закладзены прававы падмурак бяспекі Беларусі».
У гэтым жа ключы, па словах спікера, вытрыманы і заканадаўчыя ініцыятывы сілавых структур, якія накіраваны на супрацьдзеянне як актуальным пагрозам, так і тым, што прагназуюцца. Размова ідзе аб змяненні законаў па пытанні абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу, забеспячэння нацыянальнай бяспекі, барацьбы з тэрарызмам, кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці і шэрагу іншых.
«Прасоўванне міралюбівага стваральнага парадку дня — гэта таксама першарадная задача міжпарламенцкай дыпламатыі, — дадаў Ігар Сергяенка. — На ўсіх узроўнях міжнароднага дыялогу мы імкнёмся падтрымліваць аб’яднальныя ініцыятывы, накіраваныя на ўмацаванне даверу паміж нашымі краінамі. Аднак жыццё не стаіць на месцы, і ва ўмовах пастаяннага прагрэсу фарміруюцца новыя пагрозы як для асобна ўзятай краіны, так і для цэлых рэгіёнаў. Адэкватна на іх рэагаваць мы зможам толькі на аснове скаардынаваных і комплексных мер, якія рэалізоўваюцца як на нацыянальным, так і на міждзяржаўным узроўні».«Сістэма нацыянальнай бяспекі выконвае сваю ролю»
Як адзначыў у размове з журналістамі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, нягледзячы на рызыкі і выклікі, структуры, якія ўваходзяць у сістэму забеспячэння нацыянальнай бяспекі, выконваюць задачы, што на іх ускладзены. «Калі на тэрыторыі нашай краіны сёння мір і бяспека, калі мы на нашы вуліцы можам выпускаць дзяцей спакойна гуляць, сістэма нацыянальнай бяспекі выконвае сваю ролю», — канкрэтызаваў ён.
Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што пытанні, звязаныя з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі, знаходзяцца ў аснове. «Змяняецца геапалітычная абстаноўка, тэндэнцыі, на жаль, развіваюцца ў негатыўным рэчышчы, і ўсё гэта прыводзіць да глабальных негатыўных наступстваў, — сказаў ён. — Таму ўсё, што звязана з пытаннямі нацыянальнай бяспекі, вельмі важнае і хвалюе перш за ўсё і насельніцтва краіны, і людзей, якія гэтымі пытаннямі займаюцца».
Вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням кібербяспекі: адпаведныя рызыкі і выклікі, па словах дзяржсакратара Савета бяспекі, маюць негатыўную, небяспечную тэндэнцыю. Гэтым пытанням падчас канферэнцыі была ўдзелена асаблівая ўвага.
Фота: БелТА