Top.Mail.Ru

На прынёманскай зямлі стартаваў ІV З’езд малых гарадоў Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей

Прадстаўнікі малых гарадоў Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей сабраліся на ІV з’ездзе, каб абмеркаваць далейшае развіццё супрацоўніцтва. Пачатак падзеі быў дадзены 12 жніўня, фінальныя мерапрыемствы пройдуць 15 жніўня. Праграма абяцае быць насычанай і рознабаковай — яна ахопіць некалькі раёнаў Гродзенскай вобласці, даючы магчымасці для абмену вопытам, укаранення новых ідэй і сумеснага развіцця. У Мастах адбудуцца ключавыя падзеі, у тым ліку падпісанне пагадненняў аб партнёрстве паміж рэгіёнамі.



Работа з’езда пачалася з сустрэчы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева з прадстаўнікамі Ніжагародскай дэлегацыі, сярод якіх былі старшыня Урада Ніжагародскай вобласці Ігар Зотаў і старшыня Заканадаўчага Сходу Ніжагародскай вобласці Яўген Люлін, які адзначыў асаблівую плённасць супрацоўніцтва.

— З’езды малых гарадоў прыцягваюць увагу ўсіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Удзельнікі адзначаюць, што досвед, назапашаны падчас такіх сустрэч, будзе тыражавацца і ў іншых рэгіёнах,— заўважыў ён. — Канкрэтныя вынікі супрацоўніцтва ўжо заўважныя. Напрыклад, аб’ём тавараабароту паміж Ніжагародскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь расце з кожным годам. За 15 гадоў ён павялічыўся прыкладна ў 7-8 разоў. Гэта сведчыць аб тым, што работа, распачатая на з’ездах, прыносіць адчувальны плён. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, службы ЖКГ, аддзелы культуры і іншыя арганізацыі пачынаюць абменьвацца вопытам і наладжваць працоўныя адносіны. Гэта дапамагае ім сумесна рэалізоўваць эканамічныя, сацыяльныя, культурныя і адукацыйныя праекты.

У рамках ІV З’езда малых гарадоў прадстаўнікі муніцыпалітэтаў, прадпрыемстваў і розных службаў абмяркоўваюць важныя пытанні ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва. Удзельнікі мерапрыемства адзначаюць, што такія сустрэчы садзейнічаюць больш цеснаму знаёмству і сяброўству паміж прадстаўнікамі рэгіёнаў.

— Ніжагародскі рэгіён прыцягвае ўвагу развітасцю прамысловасці, сельскай гаспадаркі, турызму, — адзначыў Юрый Караеў. — Яго прадпрыемствы вядомыя інжынерным і навуковым патэнцыялам. У савецкі час Горкі (Ніжні Ноўгарад) быў закрытым горадам, які вырабляў ваенную тэхніку, а сёння гэта буйны прамысловы і турыстычны цэнтр. З’езд малых гарадоў — пляцоўка для абмену вопытам і наладжвання сувязяў паміж бізнесам і ўладай. Станоўчае сальда экспарту ўказвае на выгаднасць супрацоўніцтва, а такія мерапрыемствы ўмацоўваюць культурныя сувязі і фарміруюць станоўчы вобраз рэгіёнаў. Удзельнікі атрымліваюць новыя веды, кантакты і ўражанні ад культуры рэгіёна, садзейнічаючы ўзаемаразуменню і сяброўству.

Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, дэлегацыя з Ніжагародскай вобласці прыбыла на Гродзенскую зямлю для абмену вопытам у самых розных сферах, у тым ліку і ў галіне мясцовага самакіравання. Партнёры наведаюць раёны Гродзенскай вобласці, каб падзяліцца сваімі ведамі і практыкамі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўзаемадзеянню маладзёжных парламентаў і асацыяцый. Маладыя людзі будуць абмяркоўваць сумесныя праекты і абменьвацца досведам. Акрамя таго, моладзь актыўна супрацоўнічае на ўзроўні Саюзнай дзяржавы.

— Дзякуючы праведзеным напярэдадні з’езда мерапрыемствам, ніжагародцы больш дэталёва пазнаёміліся з турыстычнай прывабнасцю, гісторыяй і культурнай спадчынай Гродзенскай вобласці. Вопыт устойлівага развіцця мясцовых тэрыторый таксама выклікаў вялікую цікавасць. Лейтматывам з’езда стала 80-годдзе Вялікай Перамогі. Моладзь абодвух рэгіёнаў удзельнічае ў даследчых праектах, прысвечаных папулярызацыі герояў і падзей Вялікай Айчыннай вайны, — расказала Алена Пасюта. — Удзельнікі з’езда таксама абмяркоўваюць пытанні па прыцягненні насельніцтва ў вырашэнне грамадзянскіх ініцыятыў. Розныя падыходы ў плане заканадаўчай і грамадскай базы дазваляюць запазычыць лепшае адзін у аднаго.

Вялікую цікавасць ніжагародцы праяўляюць да развіцця аграпрамысловага комплексу. На з’ездзе будзе працаваць секцыя, прысвечаная раслінаводству, жывёлагадоўлі, перспектывам навуковага супрацоўніцтва і трансферу навуковых ведаў.

Рэспубліка Беларусь для Ніжагародскай вобласці з’яўляецца буйным рэгіёнам-партнёрам па аб’ёме тавараабароту, займае трэцяе месца пасля Кітая і Індыі. Гэта падкрэслівае значнасць супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі. Удзельнікі ІV З’езда малых гарадоў падкрэсліваюць, што такія мерапрыемствы важныя і неабходныя. Яны садзейнічаюць умацаванню чалавечых узаемаадносін і дапамагаюць рэалізоўваць розныя праекты. Менавіта таму арганізатары ўпэўнены ў неабходнасці працягу такіх сустрэч.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю