Голас моладзі — чутны!
Маладзёжных спікераў патрыятычнага форуму краіны віталі навучэнцы першага і другога курсаў Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа. На сустрэча ў фармаце жывых зносін моладзь дзялілася сваімі меркаваннямі і разважала пра гісторыю краіны, народнае адзінства, сямейныя каштоўнасці і магчымасці рэалізацыі для маладога пакалення.

Сярод спікераў былі маладыя беларусы, якія ўжо актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці краіны. Сваім успрыманнем важнасці для беларусаў усіх пакаленняў самага маладога дзяржаўнага свята Беларусі — Дня народнага адзінства — падзялілася член Маладзёжнага савета пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, прадстаўніца маладзёжнага крыла арганізацыі БСЖ аднаго з банкаў Марта Шымулевіч.
— Гэта не фармат лекцыі, не фармат урока, а менавіта адкрыты дыялог, у якім хлопцы і дзяўчаты могуць задаваць любыя пытанні. Імкнуліся даступна і зразумела адказаць на іх, прыводзіць рэальныя прыклады, — звярнула ўвагу Марта Шымулевіч.
Удзельнікі акцыі вельмі творча перадалі саму ідэю яднання, цэласнасці, паўнаты існавання ў свеце. Зразумець сэнс адзінства ўдзельнікам прапанавалі з дапамогай звычайных яблыкаў. З кошыкаў з садавіной некаторым навучэнцам дасталіся не цэлыя плады, а палавінкі.
— Вядома, кожнаму з нас хочацца цэласнасці і паўнаты ў сям’і, рабоце і нават пачуццях. І на прыкладзе з яблыкамі мы хацелі паказаць, што значыць гэтая палавінчатасць. Вядома, пасля ўсім дасталіся смачныя і сакавітыя, а галоўнае — цэлыя яблыкі, — на важны для моладзі фармат сустрэч з інтэрактыўнымі заданнямі звярнула ўвагу спікер.
Удзельнік акцыі — навучэнец Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, член рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» Дзмітрый Кабяк таксама вельмі цікава, на прыкладах з рэалій маладзёжнага жыцця праводзіў аналогіі і тлумачыў сутнасць адзінства народа.

— Хочацца звярнуць увагу і на тыя магчымасці, якія ёсць у нашай краіне для моладзі. Гэта і падтрымка таленавітай моладзі, дапамога ў рэалізацыі сябе ў працы маладых спецыялістаў, працаўладкаванні, — падзяліўся Дзмітрый.
Як дадала навучэнка другога курса каледжа Анастасія Астапенка, для будучых педагогаў, сапраўды, вельмі цікавы такі падыход да асэнсавання важных для краіны дат і яе гісторыі ў цэлым.
— Дзень народнага адзінства не проста самае маладое свята ў нашай краіне, пад ім ёсць магутная гістарычная аснова, і гэта не можа не цікавіць нашу моладзь. Пераканана, што без адзінства народа не можа быць моцнай дзяржавы. Менавіта таму нам неабходна ведаць гістарычную праўду і даносіць яе да будучых пакаленняў. Мяне ўразіла, што акцыя дапамагла нам адчуць сябе не проста навучэнцамі, а часткай вялікай агульнай справы, і мяркую, што такі фармат зносін, падачы інфармацыі цікава было б нам, будучым педагогам, таксама выкарыстоўваць у нашай будучай прафесійнай дзейнасці, — падзялілася дзяўчына.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА