Top.Mail.Ru
197

На Рэчыцкім метызным заводзе завершаны важны інвестыцыйны праект

Крок у новы сегмент

Забяспечыць стабільную якасць, замясціць імпарт і ўмацаваць пазіцыі як на ўнутраным рынку, так і за яго межамі. Гэтыя і не толькі задачы развіцця вытворчасці паставілі перад сабой вытворцы айчыннага крапяжу. У рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект» на Рэчыцкім метызным заводзе завершаны важны для ўзмацнення вытворчасці інвестыцыйны праект.

Ён быў распачаты на прадпрыемстве ў 2023 годзе і цяпер поўнасцю завершаны. Як адзначыў дырэктар Рэчыцкага метызнага завода Віктар Самончык, інвестыцыйны праект рэалізоўваўся ў два этапы. Першы этап — вытворчасць крапежных вырабаў на існуючых магутнасцях — на прадпрыемстве завяршылі на працягу 2023 года. Другі этап па выпуску новых відаў прадукцыі поўнасцю завершаны да пачатку бягучага года. У снежні было пастаўлена новае абсталяванне, праведзены яго мантаж і пусканаладачныя работы. І ў лютым ужо атрымана першая партыя прадукцыі, якая адгружана айчынным спажыўцам.

— Можна смела казаць, што адкрыта новая старонка ў гісторыі нашага прадпрыемства, — падкрэсліў Віктар Самончык. — У рамках мадэрнізацыі вытворчых участкаў устаноўлены два комплексы новага абсталявання. Яны забяспечваюць выпуск балтоў і гаек дыяметрам ад 18 да 24 міліметраў. Да рэалізацыі праекта завод вырабляў крапеж толькі дыяметрам да 16 міліметраў. Сёння асвоена лінейка да 24 міліметраў, а таксама павялічана даўжыня вырабаў — да 200 міліметраў. Таксама дзякуючы рэалізацыі праекта створана 20 новых працоўных месцаў, — звярнуў увагу кіраўнік. 

Пры выхадзе на поўную магутнасць участак па вырабе новай лінейкі прадукцыі здольны выпускаць да 200 тон балтоў і гаек буйнога дыяметра штомесяц.

— Пашырэнне лінейкі дазволіць вырабляць прадукцыю не толькі для прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны, але і для мостабудавання, а таксама асвойваць выпуск крапяжу для чыгункі. Пашырэнне лінейкі прадукцыі таксама дае магчымасць нам у значнай меры замяніць імпартную прадукцыю на айчынным рынку, — адзначыў Віктар Самончык.

Важны вектар развіцця прадпрыемства, па словах кіраўніка, — экспарт айчыннага крапяжу. Сёння рэчыцкі завод нацэлены на пастаўкі прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Узбекістан, Арменію, Азербайджан.

— Больш за 70 % прадукцыі нашага прадпрыемства ідзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю і краіны СНД. Акрамя гэтага цяпер мы планамерна павялічваем і сваю прысутнасць на ўнутраным рынку Беларусі, — рэзюмаваў Віктар Самончык.

У цэлым у інвестыцыйны праект ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» на Рэчыцкім метызным заводзе было ўкладзена каля 23 мільёнаў рублёў інвестыцый, трэць з якіх — уласныя сродкі прадпрыемства. 

— Традыцыйна, пункт прыцягнення кваліфікаваных кадраў у Рэчыцкім раёне — гэта прадпрыемствы прамысловай сферы, — падкрэсліла намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Наталля Семукова. 

Па яе словах, Рэчыцкі раён з году ў год займае лідзіруючыя пазіцыі сярод прадпрыемстваў Гомельшчыны па асваенні інвестыцый у асноўны капітал.

— Па выніках мінулага года прадпрыемствамі раёна было асвоена інвестыцый у асноўны капітал на суму больш за адзін мільярд рублёў. Плануецца, што на працягу 2026-га ў Рэчыцкім раёне будуць рэалізоўвацца яшчэ 12 інвестыцыйных праектаў, з іх 9 — у прамысловай галіне, астатнія — у галіне сельскай гаспадаркі, — удакладніла Наталля Семукова.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю