У цэнтры адкрытай размовы – Баранавічы і Пінск
У цэнтры адкрытай размовы – Баранавічы і Пінск
Інфармацыйна-асветніцкі праект «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы» 27 жніўня запрасіў да адкрытага дыялогу з аўтарытэтнымі экспертамі жыхароў буйных гарадоў Брэсцкай вобласці — Баранавічаў і Пінска.
Бяспека, эканоміка, сацыяльная падтрымка, культурнае развіццё, дыялог з моладдзю былі ў цэнтры агульнай размовы жыхароў Баранавічаў з міністрам культуры Маратам Маркавым.

Для Баранавічаў, буйнога транспартнага і прамысловага цэнтра, асабліва актуальныя пытанні занятасці, эканомікі, развіцця прадпрыемстваў і заработнай платы. Але парадак дня сустрэчы быў значна шырэйшы: ад міжнароднай сітуацыі, бяспекі да ролі сучасных тэхналогій. У зале сабралася больш за 700 чалавек: прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, работнікі сацыяльнай і культурнай сферы, прадпрымальнікі, жыхары горада розных пакаленняў, паведамляе news.by.
Аляксей Коржык, малады спецыяліст, інжынер-канструктар ААТ «Гандальмаш», пасля размовы адзначыў: «Прыемна, што сёння на дастаткова папулярнай ужо ў Беларусі пляцоўцы, дзе няма закрытых пытанняў, закрытых тэм, можна спакойна задаць пытанні і атрымаць адказы».
«Маё пытанне закранала непасрэдна работу нашых устаноў культуры. Яно датычылася ўзроўню заработнай платы, якая на сёння пакідае жадаць лепшага, таму што вельмі складана перагледзець тую каштоўнасць нашай працы, якая фарміруе светапогляд будучага пакалення. Абстаноўка была вельмі добразычлівай, адкрытай. На мой погляд, такі фармат дыялогавых пляцовак з кіраўніцтвам краіны ці кіраўніцтвам асобных галін вельмі цікавы і пазнавальны», — падзялілася ўражаннямі ад дыялогу Наталля Шастак, дырэктар Баранавіцкага краязнаўчага музея.

Асобную ўвагу надалі пытанням інфармацыйнай бяспекі: як адрозніць фэйк ад рэальнасці? Адным з ключавых блокаў абмеркавання падчас дыялогу было развіццё рэгіёнаў. Людзі задавалі не абстрактныя, а максімальна прадметныя пытанні.
«Самае галоўнае — калі ты разумееш праз пытанні, што людзей насамрэч хвалюе, — пракаменціраваў сустрэчу Марат Маркаў. — У залежнасці ад горада, людзей, якія прысутнічаюць, ад спікераў пытанні могуць быць самыя розныя: пачынаючы ад знешнепалітычных, заканчваючы ўнутранымі. На мой погляд, падобныя сустрэчы дазваляюць у пэўнай ступені гэты пульс памацаць, а значыць, і скарэкціраваць пазіцыю дзяржавы ў асобных пытаннях, у тым ліку зусім канкрэтных».

У Пінску ў гарадскім Доме культуры сёння сабралася больш за 600 чалавек, якія працуюць у рэальным сектары эканомікі, у сферах адукацыі, культуры, гандлю, спорту, аховы здароўя, ЖКГ, энергетыкі, прамысловасці, транспарту. Сярод іх вопытныя і маладыя спецыялісты.
Па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў, генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, праект «Пульс краіны» нарадзіўся «ад жыцця». Людзі расказваюць, пра што думаюць і што іх хвалюе. Гэта могуць быць агульныя для ўсяго народа пытанні, таксама яны могуць мець рэгіянальныя адрозненні. «Бачым адрозненні па праблемах, па пытаннях, якія людзі задаюць. Вось Піншчына — край шматканфесійны, са сваімі традыцыямі, нават са сваімі дзелавымі традыцыямі, 20 км да нашай паўднёвай граніцы. Усе гэтыя моманты абумоўліваюць рэгіянальнае адрозненне», — заўважыў спікер.
Для беларускага грамадства на першым месцы — пытанні міру і бяспекі. Гэта пацвердзілі і пінчане ў зале. Палітолаг заявіў, што Беларусь прытрымліваецца сваёй пазіцыі і выступае за больш хуткае ўстанаўленне міру. Натуральна, няпростая геапалітычная абстаноўка ў рэгіёне адбіваецца на нашай краіне. «Па нас ударылі санкцыямі, але мы прыстасаваліся. Стабільна ідзе рост эканомікі. Калі б не санкцыі, ён быў бы большы. Я перакананы, што мы не проста ўтрымаем сітуацыю, але і захаваем рост рэальных даходаў насельніцтва. Але не хапае ў рэспубліцы працоўных рук. Часцяком не хапае рабочых», — заўважыў Вадзім Гігін.
Беларусь, як і многія іншыя краіны, сутыкнулася з дэмаграфічнай праблемай. Для яе вырашэння прымаюцца розныя падыходы, аднак хуткага эфекту немагчыма дасягнуць. «Хутка не вырашым праблему, таму трэба кампенсаваць гэты недахоп. Ёсць указ Прэзідэнта, дакладна ідзе адказнасць наймальніка. Усё павінна быць так, як у нас паважаюць: чысціня, парадак і закон. Гэта беларускі падыход. Хочаце тут быць і працаваць — калі ласка, выконвайце. Толькі на такіх умовах будзем прыцягваць: абмежавана і ў тых галінах, дзе гэта нам неабходна», — сказаў спікер.
Тэма выклікала водгук у зале. Пінчанка Наталля Мілянчук пацікавілася, ці не прывядзе прыцягненне працоўных мігрантаў да дадатковай сацыяльнай нагрузкі і ці не выкліча сацыяльную напружанасць у грамадстве. Вадзім Гігін падкрэсліў, што да гэтага ў Беларусі падыходзяць строга. «Што датычыцца нейкіх культурных і рэлігійных асаблівасцяў, яны (мігранты. — Заўв. БелТА), безумоўна, павінны паважаць нашы. Прытрымлівацца сваіх ім ніхто не забараняе. Мы не збіраемся нікога абмяжоўваць, але гэта павінна быць з павагай да мясцовых жыхароў. І мы бачым тут разуменне. Сацыяльнай напружанасці не будзе. Працоўныя мігранты атрымліваюць зарплату і робяць тыя ж выплаты, што і мы з вамі. Падаткі плацяць, якія ідуць на сацыяльную сферу», — растлумачыў сітуацыю палітолаг.
Пінчанка Алена згодная з тым, што краіне для развіцця трэба больш працоўных рук. Важна, каб моладзь звязвала сваю будучыню з роднай краінай. Вадзім Гігін лічыць, што для гэтага патрабуюцца цалкам простыя рэчы. Маладыя людзі маюць патрэбу на першым часе ў падтрымцы, ва ўвазе і веры ў іх. Кацярына Барычэўская заўважыла, што многія хлопцы і дзяўчаты пасля заканчэння ВНУ або каледжа гатовыя заставацца ў родным горадзе, але могуць сутыкацца з высокім коштам жылля. Пінчанка спытала, ці разглядаюцца дадатковыя меры для падтрымкі, якія дапамаглі б маладым спецыялістам з жыллёвым пытаннем.
«Без дапамогі назапасіць адразу на кватэру немагчыма. Выйсце — арэнднае жыллё. Яно павінна стаць больш даступным, больш масавым. Над гэтым працуюць, ёсць такая праграма. На пяцігодку гэта прапісана. Людзі цяпер ставяць пытанні па ўмовах карыстання: пражыў дзесяць гадоў — можа быць магчымасць атрымаць ва ўласнасць. Чалавек за гэты час там рамонт зробіць, не захоча ў іншую кватэру пераязджаць. За апошні час указам Прэзідэнта і дэпутаты законамі сур’ёзна лібералізавалі гэтыя магчымасці. Спачатку на вёсцы, і паступова падбіраемся да агульнага вырашэння дадзенага пытання», — адказаў спікер і дадаў, што дзяржава зацікаўлена ў такім падыходзе.
Да дыскусіі далучылася малады спецыяліст Варвара. «Указ № 631 прадугледжвае льготнае крэдытаванне для маладых спецыялістаў, якія прыступаюць да работы не па месцы жыхарства альбо ў сельскай мясцовасці. Ці разглядаецца пытанне пашырэння праграмы або аналагічных мер для маладых спецыялістаў, якія вяртаюцца працаваць дадому?» — спытала пінчанка. Вадзім Гігін падтрымаў дзяўчыну ў жаданні жыць самастойна. «Ідзём крок за крокам. Уводзячы кожную норму, глядзім, як яна працуе. Вашу прапанову я лічу разумнай, таму што маладому спецыялісту трэба дапамагаць. Чалавек хоча будаваць сваё жыццё самастойна. Будзем працаваць з урадам, з мясцовымі ўладамі», — запэўніў ён.
Ірына Ненадзік павярнула гутарку ў іншае рэчышча. Жанчына звярнула ўвагу, што прадпрыемствы ўладкоўваюць работнікаў па законе, выплачваюць падаткі і іншыя абавязковыя адлічэнні. Але сустракаюцца нядобрасумленныя наймальнікі, якія працаўладкоўваюць людзей неафіцыйна і выдаюць работнікам заробак у канвертах. Жыхарку Пінска цікавіла, ці разглядаецца на ўзроўні дзяржавы ўзмацненне жорсткасці пакарання за такое парушэнне. Адказваючы на яе пытанне, Вадзім Гігін заявіў, што ў Беларусі створаны ўсе меры кантролю, сысці ад пакарання за выплату зарплаты ў канверце наўрад ці ўдасца.
Ганна Чыжова закранула пераход розных паслуг у лічбавую прастору. Пінчанка згодная, што гэта вельмі зручна, але яе турбуе рызыка доступу кібермахляроў да персанальных даных. «Мы актыўна карыстаемся інтэрнэтам, купляем там квіткі, запісваемся да ўрача. І я хвалююся і за сябе, і за сваіх бацькоў, якія карыстаюцца гэтымі паслугамі. Атрымала паўнаважкі адказ, якім задаволена: дзяржава над тэмай працуе. Хоць ёсць яшчэ шмат пытанняў у гэтым кірунку, ідзём да таго, каб праблему выкараніць, — адзначыла жанчына. — Гутарка атрымалася лёгкай, цікавай і прамалінейнай. Пытанні падымаліся сур’ёзныя. Людзі „сыходзілі“ ў палітыку, сацыяльна-грамадскае жыццё, у эканоміку. На ўсе пытанні адказы былі даступныя, каб было зразумела кожнаму прысутнаму ў зале».
Жыхары Пінска даволі актыўна абмяркоўвалі пытанні, якімі жыве краіна, пыталіся пра перспектывы. Напрыклад, Анастасія Васілеўская пацікавілася фактарамі развіцця эканомікі Беларусі ў будучыні. Палітолаг патлумачыў, неабходна павышаць прадукцыйнасць працы і навукаёмістасць, уваходзіць у новыя галіны. «Трэба ўваходзіць у штучны інтэлект, на што робіць стаўку Прэзідэнт. Дзякуючы будаўніцтву атамнай станцыі фактычна новую галіну запусцілі ў Беларусі. Гэта сур’ёзны крок, павышэнне навукаёмістасці, прадукцыйнасці працы, больш танная і даступная электраэнергія. Прафіцыт электраэнергіі, напрыклад, дазваляе нам ствараць новыя цэнтры апрацоўкі даных. Вельмі сур’ёзны і перспектыўны напрамак развіцця эканомікі. На гэта трэба рабіць стаўку. Многія недаацэньваюць значэнне турызму. Павялічыцца яго доля ў ВУП — а гэта новыя працоўныя месцы. Будзе прыязджаць больш турыстаў — будзе больш грошай, рост прадпрымальніцкага класа», — прывёў некалькі прыкладаў спікер.
Фота БелТА