Top.Mail.Ru

«На скрыжаванні музычных падзей»: асветны праект павінен пашырыць цікавасць да оперы

Дзеля захавання нацыянальных духоўных традыцый праз высокае мастацтва Грант Прэзідэнта Беларусі на 2026-ты год атрымала галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Ганна Маторная. Свой праект «На скрыжаваннi музычных падзей: Опера — гэта модна, Опера — гэта моцна!» яна прадставіла ў Камернай зале імя Ларысы Александроўскай у рамках канцэрта «Оперны летапіс: ХХ стагоддзе».



І ёсць тут адна звышзадача: прыцягнуць увагу да беларускай опернай спадчыны і новых твораў айчынных кампазітараў. Але праз прызму сусветных традыцый. І з улікам павеваў часу, калі вітаюцца эксперыменты: ці не ў асобных праектах, дзе ёсць магчымасць падыходзіць да праграмы гнутка, іх больш мэтазгодна практыкаваць? І нехта можа падумаць, што рабіць стаўку на беларускую оперную музыку — гэта ўжо эксперымент, а то і выклік. Але яна ж ёсць! Вядома, у рэпертуары тэатра цяпер дзве нацыянальны оперы — «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана. А колькі музыкі напісана! А колькі такіх твораў, якія шырока не выконваліся. А колькі напісана (ці яшчэ будзе) і пакуль не гучала?..

Паглыбленне ў айчынны оперны кантэкст якраз нам і абяцаюць. «Галоўны пасыл гэтага праекта не столькі ў адкрыцці новай музыкі, колькі ў асветніцкай сутнасці музычна-тэатральнай культуры», — тлумачыла на прэзентацыі Ганна Маторная. Прадставіць праект ёй дапамаглі салісты Вялікага тэатра Беларусі, якія выканалі арыі і дуэты з розных твораў, не толькі беларускіх, але таксама не надта вядомых ці папулярных у нас сусветных і савецкіх. І сярод іх — арыя Лубенскага з оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт» нашага сучаснага кампазітара Алега Залётнева, дуэт Каралевы Боны і Гервасія Вылівахі з оперы «Ладдзя роспачы» Сяргея Бельцюкова. Канцэртная прэм’ера гэтага твора адбылася некалькі гадоў таму, але аўтар быў вельмі рады пачуць сваю музыку ў тэатры, няхай і ў камерным праекце, бо — хто ведае?.. Часам бывае варта паспрабаваць. Прычым як артыстам — больш звяртацца да беларускай музыкі, так і кампазітарам — ствараць новыя творы, якія б былі цікавыя нашым сучаснікам. 

Але і гледачам варта прыслухацца і адкрыць для сябе малавядомыя творы, а таксама маладых выканаўцаў. На гэты раз галоўнаму рэжысёру тэатра дапамагалі салісты Дар’я Гаражанка, Марыя Булда, Кацярына Міхнавец, Настасся Храпіцкая, Кірыл Панфілаў, Святаслаў Сахараў, Андрэй Мацюшонак, Віктар Мендзелеў і канцэртмайстар Настасся Дубоўская. Пачатак дадзены, чакаем адкрыццяў. 

Ларыса ЦІМОШЫК 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю