Слонімскі раён першым у Гродзенскай вобласці даў пробны старт уборцы азімага ячменю. А пасля абрадам «Зажынкі», які прайшоў у КСУП «Імя Суворава», запусціў масавую ўборачную кампанію на Слонімшчыне.
Як заўважыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Генадзь Хоміч, сёлета тут трэба ўбраць больш за 18 тысяч га збожжавых і зернебабовых культур. Традыцыйна жніво ў раёне пачынаецца з азімага ячменю, які займае 2850 гектараў. У раёне самая вялікая нагрузка па вобласці на камбайн — 347 га, што патрабуе зладжанай работы на ўсіх этапах уборачнай кампаніі. «Мы многа ўклалі сродкаў і сіл ва ўраджай. Ён стаіць нядрэнны. Сёлета як ніколі за апошнія гады не было дапушчана ні гібелі, ні пашкоджанняў пасеваў», — адзначыў Генадзь Баляслававіч і заўважыў, што на дадзены момант усё залежыць ад людзей.

Шлях да жніва — каля 270 дзён
У раёне вялікія спадзяванні на добры ўраджай. Вясеннія ўмовы спрыялі развіццю азімых і яравых культур, і ў далейшым складваліся добрыя кліматычныя ўмовы. Адзінае, што ў апошні тыдзень надвор’е правярае на трываласць і людзей, і расліны. «Днямі на аўтаматычнай станцыі тэмпература дасягала піку 35,2. Па азімай пшаніцы зараз павінен ісці самы наліў зерня. А з-за спякоты парушаецца ток вады разам з пажыўнымі рэчывамі, — хвалюецца начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Слонімскага райвыканкама Віталь Юроўскі. І тым не менш не губляе аптымізму: — Былі праведзены доглядныя мерапрыемствы, падкормкі, апрацоўкі фунгіцыдамі ста працэнтаў пасяўных плошчаў азімага кліну. Усё, што патрабавалася ад нас, зроблена. Спадзяюся, задачу, пастаўленую вобласцю, мы выканаем. А нам трэба даць у амбарнай вазе сто з паловай тысяч тон збожжа сумесна з кукурузай, якой на зерне сёлета пасеяна 3 тысячы гектараў». Па колькасці пасеваў азімага ячменю Слонімскі раён у пяцёрцы лідараў на Гродзеншчыне. Па тых гаспадарках, якія самымі першымі пачалі яго ўборку, — сярэдняя ўраджайнасць 50 ц/га, гэта вышэй, чым было летась на пачатак жніва.

«Прыкладна 270 дзён таму зерне ячменю ўпала ва ўрадлівую Слонімскую зямлю. Па ўсіх гаспадарках мы бачым, што няма дрэнных палёў, стаіць добры ўраджай. Нам засталося толькі яго сабраць, сціснуцца, як пружына, выхапіць у прыроды, нягледзячы ні на якія капрызы», — звярнуўся да камбайнераў і гасцей, якія прыйшлі ўшанаваць хлебаробаў на «Зажынках», Віталь Юроўскі.
Падтрымаць экіпажы на свята прыехаў і старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня РА БП «Белая Русь» Алег Таргонскі.
Як задобрыць ніву
«Зажынкі» на Слонімшчыне праводзяцца штогод у розных гаспадарках. Па традыцыі менавіта жанчыны з сярпамі зразаюць першыя каласы, яны ж задобрываюць ніву — «частуюць» зажыначны сноп хлебам, сырам і квасам. Вядома ж, час унёс свае карэктывы — сёння жніво з жаночых рук перакладзена на мужчынскія плечы, а каб камбайнерам спрытней працавалася і спіна не балела, іх апярэзваюць традыцыйнымі паясамі. Хлебаробаў частуюць пірагамі і квасам. І сама ніва, і тэхніка асвячаецца.

У раёне ўпэўнены, што такое свята дапамагае не проста падтрымаць камбайнераў перад пачаткам складанай і адказнай справы, яно гуртуе людзей і звязвае пакаленні. На абрад прыходзяць людзі, якія ўжо на заслужаным адпачынку, але для якіх важна бачыць, што іх справа працягваецца.
У раёне ганарацца сваімі работнікамі. «Паверце, што за штурвалам камбайна, што за рулявым калёсом трактара — нялёгка. І вельмі важна, каб такія людзі бачылі ўвагу і клопат», — дзеліцца Віталь Юроўскі і ўжо паўжартам дадае, што аграрыяў, для якіх 50% працэнтаў работы гэта холад і бруд, спякотай не напалохаеш. Прыгожы загар, які на Мальдывах іншыя набываюць за вялікія грошы, работнікі сельскай гаспадаркі атрымліваюць бясплатна. Усе збожжаўборачныя камбайны абсталяваны кандыцыянерамі, без іх бы ў спякоту тэмпература ў кабіне магла б узнімацца да 55 градусаў.
Працяг справы бацькоў
«Гэта зямля карміла нашых бацькоў і дзядоў, накорміць і нас з вамі», — заўважыў дырэктар КСУП «Імя Суворава» Андрэй Дзенісейка. У гаспадарцы ўборачная плошча — больш як 2 тысячы гектараў. На жніве працуюць вопытныя механізатары, у тым ліку і сямейныя экіпажы. Гэта тая каманда, дзякуючы якой гаспадарка ганарыцца сваімі поспехамі, бо ведае, што гэтыя людзі не падвядуць, выйдуць працаваць у любых умовах. Андрэй Анатольевіч да сябе запрашае і моладзь, якая сёння вызначаецца з будучым месцам працы, і з прафесіяй. Тут гарантуюць не толькі стабільны добры заробак, але і цудоўную сацыяльную падтрымку. І для адпачынку ёсць усе ўмовы — у вольны час можна выбрацца ў Слонім, наведваць спартыўны комплекс, гандлёвыя цэнтры, працуе сучасная паліклініка.

Сухое надвор’е задае тэмп жніву, але ў гаспадарцы чакаюць дажджоў. Тут вялікі клін цукровых буракоў, вільгаць патрэбна і кукурузе, якая вырошчваецца і на сілас, і на зерне. Больш за 500 га — рапсу. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мясной прадукцыі. «Мы ганарымся, што працуем на зямлі, робім свой унёсак у харчовую бяспеку краіны і што дзякуючы нашым намаганням на сталах у гараджан будуць і хлеб, і малачко, — заўважае Андрэй Дзенісейка і прызнаецца, што калі выдаецца вольная хвілінка, сочыць, як справа ідзе ў іншых гаспадарках. — Радуешся, што ў нашай краіне з такой увагай ставяцца да аграрыяў, і адным з найгалоўнейшых лічыцца пытанне забеспячэння харчовай бяспекі. Будзе хлеб у краіне, будзе і стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні. Таму ўсім калегам жадаю трываласці, а ў дадатак да яе моцнага здароўя, добрага надвор’я і вялікіх намалотаў».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара