У Мінску пачаў працаваць мабільны комплекс кантролю платных парковак. Спецыяльны аўтамабіль, які ўжо прайшоў сертыфікацыю і атрымаў пацверджанне як сродак вымярэння, штодня будзе аб’язджаць зоны платнай паркоўкі і фіксаваць нумарныя знакі.
Як расказалі ў ДУ «Паркоўкі сталіцы», сістэма працуе так: машына рухаецца па маршруце, камера распазнае нумары, а праграма аўтаматычна правярае наяўнасць аплаты. Калі яе няма, праз 15 хвілін адбываецца паўторная фіксацыя — у тым ліку з удзелам інспектара, які абыходзіць паркоўкі пешшу з планшэтам. Пры пацверджанні парушэння фарміруецца прэтэнзія, якую накіроўваюць уладальніку аўтамабіля. Калі парушальнік не рэагуе, матэрыялы перадаюцца ў суд. Судовая практыка паказвае, што падобныя справы вырашаюцца на карысць горада.


Дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы» Міхаіл Філіпаў адзначыў, што мабільны комплекс расійскай вытворчасці прайшоў сертыфікацыю 2 ліпеня. Зараз яго наладжваюць: у сістэму заносяць усе вуліцы з платнымі паркоўкамі, улічваючы каардынаты і межы платных участкаў. Паводле яго слоў, адзін комплекс разлічаны на кантроль каля 4 тысяч парковачных месцаў. Па меры павелічэння іх колькасці плануецца набыццё другога, а ў далейшым — і трэцяга аўтамабіля. Працаваць машына будзе штодня, у тым ліку ў выхадныя, бо паркоўкі дзейнічаюць як з 8.00 да 18.00, так і кругласутачна на пэўных аб’ектах.

Генеральны дырэктар ДУ «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зыранаў дадаў, што эксперыментальная эксплуатацыя паказала высокі працэнт распазнавання нумароў як пры паркоўцы «елачкай», так і пры «бампер да бамперу». Адзінае патрабаванне — рэгуляваць хуткасць руху транспартнага сродку. Таксама ён паведаміў, што ў бліжэйшы час платныя зоны з’явяцца на вуліцах Гебелева, Андрэеўскай і Пуліхава. Акрамя таго, вядзецца будаўніцтва першай перахопнай паркоўкі на ўездзе ў горад на вуліцы Сярова.


Як адзначаюць спецыялісты, большасць кіроўцаў сталі больш дысцыплінаванымі. Каля 90% тых, хто атрымаў прэтэнзію, аплачваюць паркоўку. Тым не менш, новы комплекс дазволіць зрабіць кантроль больш сістэмным і аператыўным. Увесь працэс фіксацыі мае належную доказавую базу: камера прывязана да каардынат, часу і вуліцы, што дазваляе выкарыстоўваць гэтыя даныя ў судзе без дадатковага збору доказаў.

На сёння ў Мінску налічваецца 77 платных парковак (з іх 7 закрытага тыпу) на 7063 месцы. Да канца года іх колькасць плануецца павялічыць да 10 тысяч. Дзейнічаюць тры тарыфныя зоны: у Верхнім горадзе (першая гадзіна — 7 рублёў, наступныя — 2–3 рублі), у межах першага транспартнага кальца — 2 рублі за гадзіну, у межах другога — 1 рубель. Ёсць і начныя тарыфы, яны ніжэйшыя. Усе сродкі, сабраныя ад платных парковак, накіроўваюцца ў бюджэт Мінска і ідуць на развіццё транспартнай інфраструктуры.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ