Top.Mail.Ru

На старонках студзеньскага «Нёмана» разгортваюцца цікавыя гістарычныя падзеі

Студзеньскі нумар часопіса «Нёман» вяртае ў мінулае, дзе разгортваюцца цікавыя гістарычныя падзеі, якія паўплывалі не толькі на жыццё канкрэтнага чалавека ці народа, але і на ўвесь свет. Праз паэзію і прозу аўтары спрабуюць перадаць атмасферу тых часоў, калі ўстанаўлівалася савецкая ўлада, ішла Вялікая Айчынная вайна, мянялася карта свету... Пісьменнікі выкарыстоўваюць розныя сродкі для паглыблення ў эпоху яркіх падзей, а як атрымалася — ацэніць чытач.


Раман-версія Віктара Праўдзіна «Непераможны злом» (пераклад з беларускай Пятра Жаўняровіча) расказвае пра цікавыя перапляценні лёсу, дзе гарачая вера спрабуе пасябраваць з рацыянальным атэізмам, дзе імкненне атрымаць карысць ідзе побач са служэннем народу і дзяржаве. На дварэ 1919 год — час устанаўлення новай улады і новых парадкаў. Першая сусветная вайна пакінула разбурэнні і нестабільнасць у свеце, на тэрыторыі былой Расійскай імперыі шырокім крокам ідзе рэвалюцыя, якая цалкам змяніла будучыню краіны і народа. У час ваенных дзеянняў, грамадскіх ваганняў паміж былым і новым, усеагульнай няўпэўненасці і страху заўсёды знойдуцца людзі, якія атрымліваюць ад гэтага карысць у выглядзе лепшага сацыяльнага статусу, багацця і іншых даброт. Такім чалавекам з’яўляецца галоўны герой рамана Мікалай Ляскоўскі. Малады, поўны энергіі чалавек калісьці быў удзельнікам банды налётчыкаў, аднак хутка зразумеў, што такім чынам дабрабыту і падтрымкі ад дзяржавы не дасягнуць. Ён прагматычна ацаніў бальшавіцкую рыторыку, своечасова заўважыў тэндэнцыю да перамен і далучыўся да «чырвоных». 

Ляскоўскі хутка крочыў па кар’ернай лесвіцы і падчас апісаных у рамане падзей ужо быў старшынёй выканкама Дзісенскага павета. У яго атачэнні былі такія ж хітрыя і прагныя да ўлады і грошай. Пісьменнік добра апісаў тое грамадства, дзе няма даверу і шчырасці, дзе кожны клапоціцца толькі пра свой дабрабыт. Ад такіх ва ўладзе пакутуюць усе простыя людзі, якія не могуць даць нічога, акрамя сваёй сумленнай працы.

Віктар Праўдзін паказвае сітуацыю, калі палітычныя змены нясуць не толькі росквіт і дабрабыт, але і класавую няроўнасць, несправядлівасць і злачынствы. Раман нельга назваць антыкамуністычным, хоць прадстаўнікі бальшавіцкай улады тут — былыя парушальнікі закону. Аўтар паказвае горкую супярэчлівасць жыцця, дзе дабро і зло жывуць побач і часам нельга адрозніць адно ад другога. Хуткія змены ў чалавечым жыцці робяць былых сяброў ворагамі ці, наадварот, аднадумцамі і паплечнікамі ў барацьбе за справядлівасць. Раман прываблівае глыбокім псіхалагізмам і міжасабовымі інтрыгамі, якія разгортваюцца ў атмасферы палітычнага хаосу.

Тэму станаўлення новага парадку і спробы людзей прыстасавацца працягвае Алена Стэльмах у аповесці «Дзень міру надыдзе», прысвечанай стрыечнаму дзеду пісьменніцы Уладзіміру Сантаровічу, які загінуў 11 верасня 1943 года пад Ленінградам. Галоўнымі героямі з’яўляюцца члены сям’і Сантаровічаў — бацька Фама, маці Антаніна і дзевяць дзяцей, малодшым з якіх быў Валодзька. Пачатак аповесці пераносіць чытачоў у далёкае мінулае, дзе вясковае жыццё віравала на поўную моц. Усе жыхары былі вялікай сям’ёй, дапамагалі адно адному і не чакалі падзякі. Здаўна яны працавалі на пана і не ведалі іншага жыцця. Аднак у адзін дзень усё змянілася. Савецкая ўлада прынесла новыя парадкі, большасць з якіх людзям спадабалася. Напрыклад, школа, дзе вучыліся і хлопчыкі, і дзяўчынкі, калгас, які даў магчымасць простым людзям атрымаць прафесію, пайсці вучыцца і працаваць дзеля агульнай справы. Але было і тое, што перашкаджала прасоўванню новага ладу жыцця, старажытнае і моцнае — вера ў Бога. Атэізм і жорсткая адмова ад вечных сімвалаў палохалі людзей, з-за чаго недавер да савецкай улады захоўваўся доўгі час. Аповесць насычана цёплымі добрасуседскімі адносінамі, сямейнай падтрымкай і атмасферай народнага яднання. На прыкладзе адной сям’і пісьменніца паказвае становішча простых людзей у той час, надзеі і страхі жыхароў вёскі. Чакаем працяг твора, каб бліжэй пазнаёміцца з галоўнымі персанажамі, іх няпростым лёсам…

Паэзія студзеньскага нумара прасякнута настальгічным настроем. Вадзім Спрынчан у пошуках праўды звяртаецца да вечнасці космасу. Зоркі — найлепшыя дарадцы ў цяжкіх абставінах, падчас экзістэнцыяльнага крызісу, калі сэрца разрываюць трывогі і сумненні. Мяккія лірычныя пейзажы паэта дапамагаюць супакоіцца і прыйсці да гармоніі з сабой і светам. Пісьменнік закранае тэму кахання, сям’і, звяртаецца да рэлігійных матываў і вечных пытаняў светабудовы. Настальгічныя ноткі надаюць творчасці Вадзіма Спрынчана лёгкага суму.

Смотрю на звезды глазами веры
В духовный космос, в родные сферы.
В земной надежде, и самой малой,
Живу, тоскуя по идеалу.
И голос чистой глубинной боли,
И свет нетленной святой любови
Мне помогают пройти дорогу
От сердца к сердцу, от сердца к Богу.

Цёплымі ўспамінамі напоўнена паэзія Валянціны Паліканінай. Перад вачыма паўстаюць родныя краявіды, бацькоў-
скі дом, дзе цябе заўсёды рады бачыць, пяшчотныя матуліны абдымкі. Паэтэса паглыбляе чытача ў тую атмасферу, дзе звычайна фарміруюцца агульначалавечыя і ўласныя каштоўнасці, дзе дзеці пачынаюць разумець розніцу паміж дабром і злом... Творчасць Валянціны Паліканінай — магчымасць вярнуцца ў дзяцінства, зноў убачыць бацькоў, сяброў і суседзяў, зноў паглядзець на свет як на неверагоднае дзіва.

Над старым домом, разгоняя тучи,
Смеется солнце, ласки не тая.
Зовет к обеду ладный дедов стульчик:
«Присаживайся, внученька моя!»
Весь прошлый мир
из добрых мыслей соткан.
Дух детства жив — предание старо.
И до сих пор родительские окна —
Как очи ближних с четырех сторон.

Атмасферу зімовай казкі ў сваіх вершах стварае Наталля Чартапалохава. Вобраз чыстага бялюткага снегу — як сімвал ацалення ад балючых ран жыцця. Спакой і лёгкі сум у творчасці паэтэсы прымушаюць задумацца пра ўласныя і агульныя сэнсы, паглядзець на сваё жыццё збоку і не прапусціць галоўнае.

Все сердечные нити натянув до предела,
Слушать небо и слышать...
И откликнуться словом, 
и откликнуться делом,
Поднимаясь все выше.
И дышать до предела, 
до разрыва аорты,
До накала, до боли...
Чтоб рождались у сердца 
только высшие ноты,
Только Божия Воля!

Алег Ждан-Пушкін у апавяданні «Час ідзе» на прыкладзе адной сям’і разважае пра ролю мінулага і яго ўплыў на асобу. Галоўныя героі — маці і яе дарослая дачка. Іх адносіны нельга назваць блізкімі і цёплымі. Няўдачы, што сустрэліся на жыццём шляху, зрабілі дачку халоднай і чэрствай. Яна трымала дыстанцыю з калегамі, з былымі сябрамі і нават з маці. Мінулае прыўнесла ў яе жыццё сум і адзіноцтва. У сорак гадоў у жанчыны былі толькі алкаголь і цішыня пустой кватэры. Маці вырашыла дапамагчы дачцэ, паспрабавала перапісаць яе мінулае, бо «...Хіба гэта ўзрост — сорак гадоў? Канешне, не ўзрост. Прычым тут гады? Узрост — гэта чарка гарэлкі пасля працы, канапа перад тэлевізарам, глухое маўчанне ў доме кожны дзень». Ці атрымалася ў жанчыны змяніць ход падзей, можна даведацца ў студзеньскім «Нёмане».

Сапраўдным дыяментам нумара з’яўляецца публікацыя палемічнай перапіскі Уладзіміра Караткевіча з крытыкам і навукоўцам Мікалаем Ласінскім, якую да 95-годдзя класіка падрыхтаваў Пётр Жаўняровіч у рубрыцы «Дакументы. Нататкі. Успаміны». Даследчыкі працягваюць шукаць невядомыя раней тэксты літаратара, адкрываючы новыя грані яго жыцця і творчасці. Гэтая перапіска — унікальная магчымасць пазнаёміцца не толькі з Караткевічам-пісьменнікам, але і з Караткевічам-публіцыстам. Матэрыял датычыцца непасрэдна часопіса «Нёман» і апублікаванай у нумарах 6–8 за 1979 год аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (у перакладзе на рускую мову Валянціны Шчадрыной). Гэтая публікацыя і падштурхнула Ласінскага напісаць у рэдакцыю. Мікалай Ласінскі — кандыдат гістарычных навук (1972), тэмай яго дысертацыі з’яўляецца рэвалюцыйны народны рух на тэрыторыі Беларусі 1870–1884 гг. Галоўны рэдактар часопіса Анатоль Кудравец перадаў зварот самому Уладзіміру Караткевічу. 

Увазе чытачоў прапаноўваюцца два лісты, адрасаваныя пісьменніку Мікалаем Ласінскім, і два адказы класіка. Спрэчка паміж крытыкам і літаратарам датычыцца недахопу перакладу, гістарычных падзей, якія, на думку крытыка, не маглі адбывацца ў вызначаны перыяд, апісання побыту беларускай шляхты і сялянства тых часоў. Перапіска паміж навукоўцам і пісьменнікам дае падставу для разважанняў: ці можна ставіцца з усёй сур’ёзнасцю да мастацкага твора і рабіць яго прадметам аналізу гісторыкаў, географаў і іншых даследчыкаў? На думку Уладзіміра Караткевіча, гэта немагчыма, і тут нельга не пагадзіцца.

У рубрыцы «Час. Жыццё. Літаратура» — інтэрв’ю з Анатолем Зэкавым, падрыхтаванае Наталляй Касцючэнка да 70-годдзя пісьменніка. Прыхільнікам творчасці майстра будзе цікава пазнаёміцца з асабістым жыццём пісьменніка і яго творчым шляхам. Літаратурная біяграфія Анатоля Зэкава вельмі багатая: проза і паэзія, казкі для дзяцей і вострая сатыра, драматургія, крытыка і публіцыстыка. Матэрыял ахоплівае розныя сферы жыцця літаратара: школа і першыя крокі да кнігі, універсітэт і таленавітыя выкладчыкі, спробы пяра і публікацыя вершаваных зборнікаў. Гэта не проста сухія біяграфічныя факты, якія можна знайсці ў кожным падручніку. Гэта гісторыя жыцця з вуснаў галоўнага героя, дзе ёсць месца каханню, марам, любові да родных мясцін, ёсць лёгкі сум і настальгія, шкадаванне аб няздзейсненым…

Працяг матэрыялу «Казахская проза на беларускай мове: праблемы перакладу і межы неперакладальнага» Алеся Карлюкевіча і Святланы Ананьевай знаёміць чытачоў з гісторыяй і дасягненнямі беларуска-казахскага літаратурнага супрацоўніцтва. Напрыклад, да 175-годдзя вядомага казахскага паэта і філосафа Абая Кунанбаева і да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне быў прымеркаваны першы ў гісторыі супрацоўніцтва краін літаратурна-мастацкі альманах «Казахстан — Беларусь». Гэта важная падзея ў літаратурным жыцці абедзвюх дзяржаў, якая азнаменавала пачатак новай эпохі ў сферы літаратурнага супрацоўніцтва.

«Міжлітаратурныя сувязі, што склаліся ў апошняе дзесяцігоддзе паміж Беларуссю і Казахстанам, — яркі прыклад для іншых краін. Літаратурны працэс Казахстана і Беларусі — паняцце шматслойнае, падобнае рацэ часу». 

Рубрыка «Напрыканцы» змяшчае рэцэнзіі Віктара Ермаловіча на кнігу Міхася Пазнякова «Выхад заўсёды ёсць, ці Лісты з мінулага» і Наталлі Касцючэнка на кнігу Тамары Кавальчук «Добрае сэрца». У зборнік Міхася Пазнякова ўваходзяць дзве аповесці, шаснаццаць апавяданняў і два дзясяткі эсэ. У аповесцях аўтар закранае тэму вайны і абароны Айчыны. «Прачытаўшы дзве аповесці Міхася Пазнякова „Выхад заўсёды ёсць...“ і „Ліст дамоў“, мы бачым двух, на першы погляд, непадобных адзін на аднаго герояў, якія жывуць у розныя гістарычныя эпохі. Яны належаць да розных пакаленняў, паколькі іх раздзяляе значны прамежак часу — восемдзясят гадоў. І ўсё ж якія яны блізкія па духу! Яны любяць жыццё, аднак гатовыя ім ахвяраваць, каб абараніць Радзіму. Значыць, жывуць найлепшыя традыцыі нашага народа! Краіна, валодаючы такімі абаронцамі, мае права на гістарычную будучыню!»

Кніга Тамары Кавальчук «Добрае сэрца» арыентавана на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту. Простыя гісторыя і персанажы вучаць дзяцей дабрыні і спагадзе. «...Ці магчымы ў гэтых гісторыях больш глыбокія і складаныя персанажы? Наўрад. Напэўна, такія героі проста не прыжывуцца ў гэткіх лёгкіх і простых тэкстах і стануць толькі абцяжарваць іх аналізам няпростых і супярэчлівых чалавечых стасункаў, пасля чаго апавяданні могуць страціць даступнасць для ўспрымання і дзіцячую чароўнасць».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю