У гэтым мы пераканаліся, пагаварыўшы з дэлегатамі, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны і сферы дзейнасці.

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, начальнік Аршанскага вагоннага дэпо Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Барыс ЦІХАМІРАЎ:
— Маючае адбыцца другое пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу разглядаецца як падзея лёсавызначальнай важнасці для будучыні Беларусі. Ад яго чакаюць зацвярджэння канкрэтнага плана дзеянняў — праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на новую пяцігодку.
Ключавой асаблівасцю Сходу лічыцца яго прадстаўнічы характар. У ім удзельнічаюць дэлегаты ўсіх слаёў грамадства і пакаленняў, што, па задуме, павінна забяспечыць улік інтарэсаў кожнага і прывесці да ўзважаных і практычных рашэнняў, якія задаволяць большасць. Апроч практычных задач УНС выконвае і важную кансалідуючую ролю. Яно заклікана згуртаваць грамадства і данесці да міжнароднай супольнасці адзіную пазіцыю Беларусі па ключавых пытаннях сучаснасці.

Дэлегат УНС, старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Васіль ШЛЫК:
— Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады накіравана на ўпэўнены рост, стабільнасць і дабрабыт кожнага беларуса. Як я бачу яе ключавыя прыярытэты?
Якое праламленне яны павінны атрымаць у нашым раёне? Працягнецца маштабная дэмаграфічная палітыка. У 2026 годзе ў Воранаве запланавана будаўніцтва 35-кватэрнага «электрадома», дзе большасць кватэр атрымаюць маладыя сем’і. Будзе ўмацоўвацца здароўе насельніцтва праз развіццё першаснага звяна медыцыны і прафілактычную работу. Сёлета адрамантаваны 8 ФАПаў, закуплены адзін мабільны, завяршаецца рамонт трэцяга паверха тэрапеўтычнага корпуса ЦРБ. Далейшая падтрымка медыцыны — адзін з галоўных нашых прыярытэтаў. Для больш паспяховага замацавання моладзі ў вёсцы працягнем работу па стварэнні ўмоў для якаснай працы і жыцця, росту дабрабыту і рэальных даходаў работнікаў. Воранаўскі дзяржаўны каледж не толькі павялічвае набор на існуючыя спецыяльнасці, забяспечваючы патрэбнасць прадпрыемстваў нашага сельскагаспадарчага раёна, але і з наступнага навучальнага года ўводзіць новую спецыяльнасць — «работнік лясгаса».
Адзін з найважнейшых прыярытэтаў праграмы — моцныя рэгіёны. Воранаўскі раён увайшоў у лік сямі раёнаў Гродзеншчыны, дзе будзе зроблены акцэнт на развіццё. Стаўку робім на аграрны сектар эканомікі, таму адна з ключавых задач — тэхналагічнае пераўзбраенне, шырокае ўкараненне перадавых тэхналогій у земляробстве. Нацэлены ў поўнай меры раскрыць турыстычны патэнцыял раёна, зрабіць яго прывабным для гасцей, інвестараў. Выніковая мэта ўсіх мер, як закладзена ў праекце праграмы, — паслядоўнае павышэнне якасці жыцця кожнага жыхара краіны. Будзем планамерна працаваць над іх рэалізацыяй, адаптуючы агульнадзяржаўныя задачы да ўмоў нашага раёна.
Іду на Сход з пачуццём высокай адказнасці. Гэта не проста мерапрыемства, гэта момант калектыўнага вызначэння будучыні Беларусі на новую пяцігодку. Настрой — засяроджаны і канструктыўны. Будзем абмяркоўваць фундаментальныя рэчы: ад тэхналагічнага суверэнітэту да дабрабыту сем’яў. Гэта сур’ёзная праца, і падыходзіць да яе трэба з яснай галавой і цвёрдай верай у нашы агульныя сілы, і самае галоўнае — з упэўненасцю. Упэўненасцю ў тым, што, нягледзячы на ўсе выклікі, сабраўшыся разам, мы — народ
і улада — здольныя выпрацаваць той самы «Шлях развіцця», які забяспечыць стабільнасць, росквіт і суверэнітэт нашай краіны.

Дэлегат УНС, загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна АКУШКА:
— Быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу — нечаканая місія для мяне. З аднаго боку, гэта велізарная адказнасць перад землякамі, а з другога — бясцэнны вопыт, новыя гарызонты і сустрэчы. Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады, вядома, уважліва і неаднаразова вывучала. Я — мама траіх дзетак, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, загадчык аддзялення ТЦСАН, дзе працуюць з інвалідамі. Мне было цікава вывучыць яго з розных пунктаў гледжання. Магу з упэўненасцю сказаць, што наша з вамі жыццё стане толькі лепшым ва ўсіх аспектах! Вывучаючы праграму, я асабліва цікавілася пытаннямі сацыяльнай абароны ў сувязі са спецыфікай працы. Аддзяленне, дзе я працую, наведваюць хворыя людзі розных узростаў. У маладых людзей, з якімі я знаходжуся ў непасрэдным кантакце, ёсць велізарнае жаданне вучыцца, развівацца, жыць і рабіць добрыя справы на карысць Радзімы. Аднак ёсць пэўныя бар’еры, якія, я думаю, будуць хутка ліквідаваны, бо квітнеючая краіна і яе людзі — галоўная задача Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Дэлегат УНС, ляснічы Гумнаўскага лясніцтва Крупскага лясгаса Жанна Чаркас:
— Адчуваю велізарную адказнасць за тое, што буду ўдзельнічаць у вырашэнні важных задач нашай дзяржавы. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 нацэлена на запыты грамадства. У яе ўключаны тыя пытанні, якія сёння хвалююць нашых грамадзян. Прапісаны ўсе этапы развіцця асобы: ад нараджэння да выхаду на заслужаны адпачынак. Упор зроблены на стварэнне ўмоў для паўнавартаснага камфортнага жыцця людзей у любым узросце. А першараднай задачай вызначана менавіта дэмаграфічная бяспека. У сучасным грамадстве асабліва важныя тэхналогіі і інавацыі. Праграма і ў гэтым кірунку дазволіць рухацца наперад, развіваць навуковую сферу, штучны інтэлект і рабатызацыю. Асаблівая ўвага ўдзелена ахове здароўя, павышэнню якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, укараненню высокіх тэхналогій на розных узроўнях, што вельмі важна для кожнага чалавека.
Паводле нашых карэспандэнтаў.