У Гродзенскай вобласці яркім прыкладам такой стваральнай працы выступае Валянцін Байко — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
Вядомы ў краіне як адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў паспяховага прадпрыемства «Контэ Спа», Валянцін Байко перанёс свой багаты кіраўнічы досвед і рашучасць у сенатарскую дзейнасць. Выбраны ад Ваўкавыскага, Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў, ён ставіць у аснову ўсебаковае развіццё беларускіх рэгіёнаў і дабрабыт людзей.
— Я ўжо амаль шэсць з паловай гадоў з’яўляюся членам Савета Рэспублікі. За гэты час я зразумеў, што мая задача — дапамагаць людзям і садзейнічаць развіццю эканомікі і краіны ў цэлым, — гаворыць парламентарый. — Галоўны прынцып маёй работы — ставіцца да людзей так, як я хацеў бы, каб яны ставіліся да мяне. Лічу, што важна жыць па сумленні. Я чую праблемы людзей — няхай гэта будуць прадстаўнікі бізнесу, вытворчасці або проста жыхары — і стараюся данесці іх да калег-заканадаўцаў і кіраўніцтва Савета Рэспублікі. Галоўнае для мяне — шчырае жаданне дапамагаць і імкненне да таго, каб жыццё людзей рабілася найлепшым.
У сваёй заканатворчай і практычнай дзейнасці сенатар нязменна падкрэслівае: курс, выбраны кіраўніком дзяржавы, накіраваны на стварэнне краіны для народа.
Адной з ключавых задач Валянцін Байко бачыць стварэнне новых працоўных месцаў і мадэрнізацыю прадпрыемстваў у малых гарадах, каб лакальная эканоміка развівалася, а моладзь заставалася жыць і працаваць на малой радзіме.
Рэгулярныя асабістыя прыёмы грамадзян і «прамыя тэлефонныя лініі», якія праводзяцца сенатарам у райвыканкамах Гродзеншчыны, заўсёды запатрабаваны сярод насельніцтва. Да яго звяртаюцца з самымі рознымі праблемамі. Камунальна-бытавыя пытанні ўключаюць добраўпарадкаванне тэрыторый, рамонт дарог і работу ЖКГ. Праблемы працаўладкавання і адукацыі звязаны з падтрымкай маладых спецыялістаў і прафарыентацыяй маладога пакалення. Сацыяльная абарона ахоплівае дапамогу шматдзетным сем’ям і ўразлівым пластам насельніцтва.
— Задача складаецца ў тым, каб жыхары рэгіёнаў маглі жыць і развівацца. Для гэтага былі распрацаваны і рэалізаваны некалькі ўрадавых праграм і ініцыятыў, прапанаваных нашым Прэзідэнтам, — адзначае Валянцін Байко. — Дзякуючы гэтым мерам будуецца мноства новых аб’ектаў, а таксама мадэрнізуюцца і паляпшаюцца тыя, што ўжо існавалі раней.
У спісе прыярытэтаў і кантроль за цэнаўтварэннем і забеспячэннем унутранага рынку якаснымі таварамі. Валянцін Байко рэгулярна праводзіць маніторынг цэн і асартыменту ў гандлёвых аб’ектах Гродзенскай вобласці. На яго думку, справядлівая цэнавая палітыка і падтрымка айчыннага вытворцы — гэта фундамент стабільнасці беларускага грамадства.
Дабрачыннасць і сацыяльны імпульс
Апроч заканатворчасці, Валянцін Байко шырока вядомы сваёй мецэнацкай дзейнасцю. Пад яго патранажам праходзяць шматлікія рэспубліканскія дабрачынныя акцыі, такія як «Нашы дзеці» і «Збяром дзяцей у школу». Сенатар рэгулярна наведвае дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, аказваючы ім важкую матэрыяльна-тэхнічную падтрымку.
Каментуючы ключавыя дзяржаўныя ініцыятывы, Валянцін Байко актыўна падтрымлівае значныя сацыяльныя маркеры. Так, аб’яўленне 2026 года Годам беларускай жанчыны ён назваў магутным сацыяльным імпульсам, закліканым падкрэсліць незаменную ролю стваральнай энергіі жанчын у захаванні традыцыйных каштоўнасцяў і ўмацаванні моцнай, суверэннай Беларусі. Праўда, Валянцін Байко не любіць казаць пра свае добрыя справы. Але журналісты — народ цікаўны, таму пра адзін з нядаўніх зваротаў сенатар расказаў:
— На сенатарскі прыём у Мастах прыйшла жанчына з просьбай аб дапамозе. Яна расказала пра мясцовую крыніцу, якая карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў. Людзі прыходзяць сюды за чыстай вадой, акунаюцца ў купелі. Аднак месца паступова прыходзіць у заняпад. Жанчына папрасіла дапамагчы акультурыць крыніцу, каб яна і далей цешыла людзей. Мы гатовы падтрымаць такую ініцыятыву і зрабіць усё магчымае, каб жыхары Мастоўскага раёна маглі атрымліваць асалоду ад гэтага месца.
І гэта вельмі важна — з любоўю ставіцца да малой радзімы і быць патрыётам сваёй краіны. Валянцін Байко адзначае, што яго сям’я жыве і працуе ў Беларусі і робіць усё на карысць сваёй краіны. Толькі ўносячы асабісты ўклад, можна зрабіць так, каб жыццё станавілася найлепшым.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ