Top.Mail.Ru

На трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў прынялі шэраг важных законапраектаў

Якасныя дарогі і развіццё турызму


У сераду адбылося пасяджэнне трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў, падчас якой народныя выбраннікі прынялі шэраг законапраектаў і ратыфікацый міжнародных пагадненняў.

Лічбавізацыя аўтадарожнай галіны

У другім чытанні быў прыняты Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дарожнай дзейнасці». Як адзначыў у размове з журналістамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Баравенка, названы закон утрымлівае шэраг навацый, якія датычацца праектавання, будаўніцтва, рэканструкцыі і бягучага абслугоўвання дарожнай сеткі і збудаванняў на ёй.

«Усе мы разумеем, што будаўніцтва адміністрацыйнага або жылога будынка адрозніваецца ад будаўніцтва такога працяглага лінейнага збудавання, як аўтадарога. Таму закон уводзіць пэўныя асаблівасці, якія будуць дзейнічаць з моманту яго прыняцця, — падкрэсліў парламентарый. — Сярод іх — асаблівасці па эксплуатацыі аўтадарожнага палатна. У прыватнасці, уводзяцца асаблівасці па эксплуатацыі паласы адводу аўтадарогі, па эксплуатацыі і адносінах да перадаварыйных і аварыйных збудаванняў і прыдарожнага сэрвісу».

Таксама ў законе адлюстраваны пытанні лічбавізацыі аўтадарожнай галіны. «Так, уводзіцца паняцце „інтэлектуальнай транспартнай сістэмы“, якая будзе ў рэжыме рэальнага часу адсочваць бягучы стан аўтадарогі, збудаванняў на ёй. Аператары інтэлектуальнай сістэмы будуць бачыць усе недахопы і адхіленні зададзеных параметраў. Гэта дазволіць аператыўна рэагаваць, тым самым зводзячы аварыйныя сітуацыі практычна да нуля, — канкрэтызаваў дэпутат. — Прыняты закон адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад’яўляюцца бягучым заканадаўствам, дазволіць аўтадарожнай галіне развівацца, значна палепшыць якасць аўтадарог і выканаць тыя складаныя, досыць напружаныя паказчыкі, якія закладзены ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку».

З забаўляльнай індустрыі — у галіну эканомікі

Народныя выбраннікі ў другім чытанні прынялі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму». Законапраектам, у прыватнасці, прапануецца ўдакладніць мэты і вызначыць прыярытэты дзяржаўнага рэгулявання ў сферы турызму, зрабіўшы акцэнт на кірунках, якія прама ці ўскосна аказваюць уплыў на павелічэнне ўкладу сферы турызму ў рост эканомікі. Акрамя таго, прадугледжваецца надзяліць урад паўнамоцтвамі на ўстанаўленне парадку правядзення спецыяльных маніторынгаў унутранага турызму і міжнароднага ўязнога турызму.

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка ў размове з журналістамі падкрэсліў, што сёння турызм з індустрыі забаў трансфармуецца ў галіну эканомікі: «Турызм адносіцца да 7 ключавых прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады. Да канца пяцігодкі ўнёсак турызму ў валавы прадукт павінен скласці больш за 4,5 %. Гэта значыць, мы павінны падвоіць гэты паказчык».

Законапраект аб фізічнай культуры, спорце і турызме ў гэтай частцы прадугледжвае ўсе тыя навелы, якія будуць гэтаму спрыяць. «Змены зведала не толькі заканадаўства, але і ўсё, што звязана з турызмам, паколькі гэта сфера закранае многія галіны нашага жыцця. Мы разумеем, што адміністрацыйныя рычагі, якімі мы карысталіся ў папярэднія гады, вычарпаныя. Прыйшоў час важных эканамічных рашэнняў, накіраваных на інвеставанне турыстычнай галіны, будаўніцтва новых санаторыяў, пашырэнне баз месцаў размяшчэння нашых турыстаў. Усё гэта павінна адпавядаць таму ўзроўню камфорту, які спажывец хоча атрымаць у нас у Беларусі», — рэзюмаваў Валерый Малашка.

Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і эканамічныя інтарэсы

Падчас чарговай сесіі парламентарыі ратыфікавалі шэраг законапраектаў. Як адзначыў у размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Руслан Шкодзін, сёння ўзнікла неабходнасць унясення пэўных дапаўненняў і змяненняў у Дагавор аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.

«Што датычыцца Рэспублікі Беларусь, пашыраны пералік арганізацый, якія могуць самастойна закупляць ваенна-тэхнічную маёмасць, скарэкціраваны парадак заключэння дагавораў, кантрактаў і фарміраванне пераліку ваенна-тэхнічнай маёмасці», — растлумачыў Руслан Шкодзін. Парламентарый дадаў, што цяпер сілавыя ведамствы нашай краіны змогуць самастойна закупляць камплектуючыя да ўзбраення і ваеннай тэхнікі, што станоўча адаб’ецца на іх аператыўным рамонце і падтрыманні ў гатоўнасці да ўжывання.

Дэпутаты таксама прынялі праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Саюз М’янма аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах». Як растлумачыў журналістам член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі, ратыфікацыя будзе садзейнічаць прасоўванню эканамічных інтарэсаў нашай краіны ў Паўднёва-Усходняй Азіі і канкрэтна ў М’янме. Ён адзначыў, што сувязі з гэтай дзяржавай інтэнсіўна развіваюцца. «Фарміруецца нарматыўна-правая база, якая дазволіць нам эфектыўна супрацоўнічаць. Толькі ў красавіку-маі гэтага года Прэзідэнтам былі падпісаныя законы «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб узаемнай адмене віз» і «Аб ратыфікацыі пагаднення аб ліквідацыі двайнога падаткаабкладання».

Гэта пагадненне, па словах дэпутата, будзе арганічна дапаўняць тую нарматыўна-прававую канструкцыю, якая створана паміж краінамі. Аляксандр Шпакоўскі дадаў, што ў першым квартале 2026 года агульны тавараабарот дадаў больш чым 300%.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю