Парадак дня маючага адбыцца Учжэньскага саміту ў рамках Сусветнай канферэнцыі па пытаннях інтэрнэту (World Internet Conference, WIC) 2026 года сфакусуецца на развіцці штучнага інтэлекту (ШІ) з адкрытым зыходным кодам, а таксама на міжнародным супрацоўніцтве ў сферы развіцця і кіравання ШІ. Пра гэта паведамілі арганізатары мерапрыемства, перадае «Сіньхуа».
Саміт пройдзе з 2 па 5 лістапада ў пасёлку Учжэнь, што ў правінцыі Чжэцзян (Усходні Кітай). У рамках мерапрыемства ўдзельнікі з Кітая і іншых краін правядуць абмен думкамі па такіх пытаннях, як інавацыйнае развіццё, кіраванне бяспекай, міжцывілізацыйныя абмены і міжнароднае супрацоўніцтва.
У рамках асноўнага форуму будзе арганізавана сесія «Учжэньскага дыялогу па штучным інтэлекце», на якую будуць запрошаны кіраўнікі вядучых тэхналагічных кампаній і прадпрыемстваў, якія займаюцца распрацоўкай буйных мадэляў з адкрытым зыходным кодам, для абмеркавання стварэння глабальнай экасістэмы ШІ з адкрытым зыходным кодам.
У рамках саміту адбудзецца 27 паралельных падфорумаў, прысвечаных супрацоўніцтву ў кіберпрасторы ў рамках Ініцыятывы па глабальным кіраванні, глабальным супрацоўніцтве і інавацыях у галіне ўзаемнага даверу, узаемазвязанасці і ўзаемадзеяння інтэлектуальных агентаў, робататэхніцы і ўвасобленаму ШІ.
Такі акцэнт на супрацоўніцтве ў сферы адкрытага зыходнага кода з’яўляецца працягам больш шырокіх намаганняў Кітая па прасоўванні міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне ШІ.
У плане дзеянняў, абнародаваным на Сусветнай канферэнцыі па штучным інтэлекце — 2026 у Шанхаі ў ліпені, было прапанавана некалькі напрамкаў, у тым ліку сумеснае выкарыстанне экасістэмы з адкрытым зыходным кодам, сумесная распрацоўка правілаў і стандартаў, а таксама ўмацаванне ўзаемадзеяння ў галіне кіравання бяспекай ШІ.
Тэма сёлетняга Учжэньскага саміту — «Адкрыты зыходны код і адкрытасць, сумеснае будаўніцтва і сумеснае выкарыстанне — поплеч ствараць супольнасць адзінага лёсу ў кіберпрасторы». Паводле слоў арганізатараў, сёлета саміт будзе цесна звязаны з абмеркаваннем канцэпцыі і практыкі развіцця ШІ з адкрытым зыходным кодам, а таксама агульных праблем, якія выклікаюць заклапочанасць міжнароднай супольнасці ў адносінах да развіцця і кіравання ШІ.
Акрамя цырымоніі адкрыцця, падчас саміту адбудуцца цырымонія ўручэння прэмій Сусветнай канферэнцыі па пытаннях інтэрнэту «За выдатны ўклад» і «За наватарскія дасягненні ў галіне навукі і тэхналогій», ЭКСПА «Святло інтэрнэту», а таксама прэзентацыя і дэманстрацыя «Лепшых прыкладаў сумеснай пабудовы супольнасці адзінага лёсу ў кіберпрасторы».
Учжэньскі саміт упершыню быў праведзены ў 2014 годзе. З таго часу на ім збіраюцца высокапастаўленыя прадстаўнікі ўрадавых органаў з усяго свету, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і галіновых устаноў, кіраўнікі вядучых глабальных інтэрнэт-кампаній, а таксама вядучыя вучоныя і эксперты, каб абмяняцца вопытам у галіне развіцця глабальнага інтэрнэту і абмеркаваць шляхі кіравання ім. WIC была заснавана ў якасці міжнароднай арганізацыі са штаб-кватэрай у Пекіне ў 2022 годзе.
Мікалай ЛІТВІНАЎ