Top.Mail.Ru

На варце

На розных работах пабываў Сымон Захарчук: і ў будаўнічай брыгадзе, і механізатарам, і электрыкам у сельгаска-аператыве — нідзе не падабаецца. Нарэшце прыйшоў да дырэктара сельгаспрадпрыемства:


— Дзяніс Кірылавіч, хачу быць вартаўніком!

Згадзіўся дырэктар, накіраваў Захарчука вартаваць сена. А першае дзяжурства прыпала якраз на навагоднюю ноч.

Сымон пайшоў на пост. Яшчэ з вечара выскуб яміну ў капе пад навесам і залез туды. Хацеў крыху падрамаць, ды змарыўся і моцна заснуў. І сніцца яму, быццам кудысьці ляціць — ажно страшна стала. Прачнуўся, чуе: сапраўды некуды ляціць. Хацеў закрычаць, але стрымаўся, бо пачуў, што хтосьці пад ім сапе, крэкча. І тут да Сымона дайшло, што ён не ляціць, а плыве, нібы на хвалях, на плячах у нейкага асілка. Значыць, укралі сена разам з вартаўніком...

Доўга так плыў Сымон. Нарэшце рыпнулі вароты — і ён разам з сенам ляснуўся на зямлю. Пачуўся прыцішаны жаночы голас:

— Пабярог бы сябе! Такую гару прывалок.

— Добрае сена, чаму ж і не ўзяць! — адказаў мужчына. — Ты лепш хутчэй бяры вілы ды шпуляй на вышкі. 

А я пайду яшчэ прынясу.

Тут Сымон перапужаўся: вілы ж не цацка! Вышкрабся з сена ды наўцёкі!

— Ой! — залямантавала жанчына. — Нейкага звяругу прынёс!

А Сымон ачомаўся ды бягом да дырэктара, які яшчэ сядзеў за навагоднім сталом:

— Дзяніс Кірылавіч! Злодзея высачыў. Хадзем пакажу!

Пасля гэтага пайшла слава пра Сымона Захарчука: хіба ад такога вартаўніка схаваешся? Злодзеі больш і носа не паказвалі.

Міхась Сліва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю