Top.Mail.Ru

Насуперак складаным метэаўмовам аграрыі разлічваюць атрымаць годны ўраджай

На варце харчовай бяспекі

Як заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай ЛЕШЫК, задача аграрыяў сёлета — атрымаць важкі ўраджай, каля 11 мільёнаў тон збожжа разам з рапсам. «Ставім задачу сабраць не менш за мільён тон бульбы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, а таксама каля 300 тысяч тон агародніны», — адзначыў БелТА прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Прадукцыя па даступных цэнах

Мікалай Лешык падкрэсліў, што стабілізацыйныя фонды дазваляюць забяспечваць унутраны рынак якаснай прадукцыяй, так званым «наборам для баршчу», і беларускія аграрыі зробяць усё, каб даць жыхарам краіны прадукты харчавання па даступных цэнах. А таксама стабільна працаваць па экспартных пастаўках.

Для забеспячэння ўнутранага рынку цукрам, для таго, каб трывала трымаць высокую планку экспарту і загрузіць работай чатыры беларускія цукровыя камбінаты і заводы, неабходна атрымліваць не менш за 5 мільёнаў тон цукровых буракоў. «Гэта задача стала пэўнай канстантай. У фізічнай вазе сёлета таксама плануем сабраць каля 5,1 мільёна тон салодкіх караняплодаў», — дадаў ён.

Халодная вясна

Сёлета правядзенне сельгасработ «скарэктавалі» метэаўмовы. Красавік характарызаваўся кантрасным надвор’ем. 

Адзначаліся перыяды як анамальна цёплыя, так і анамальна халодныя. У сярэдзіне першай дэкады ў сувязі з рэзкім пахаладаннем аграметэаралагічнае становішча на тэрыторыі краіны прыкметна пагоршылася, паведаміў БелТА начальнік аддзела аграметэаралогіі службы гідралогіі і аграметэаралогіі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя пры Мінпрыроды Алег КЛІНЦЭВІЧ.

«Верхні пласт глебы падмярзаў. З сярэдзіны красавіка па меры павышэння тэмператур развіццё азімых культур, пладовых насаджэнняў, адрастанне шматгадовых траў паскорыліся, — адзначыў спецыяліст. — Аднак верхні пласт глебы на большасці плошчаў знаходзіўся ва ўмерана вільготным стане. Аграметэаралагічныя ўмовы дазволілі павялічыць тэмпы палявых работ, але з-за дэфіцыту ападкаў на фоне сонечнага надвор’я і высокіх тэмператур верхнія пласты глебы гублялі вільгаць.

З канца красавіка ўстанавілася халоднае надвор’е. У начныя гадзіны часцяком адзначаліся замаразкі. Найбольш інтэнсіўнымі яны былі 27–28 красавіка, а таксама 2-га, 6-га, 8-га і 9 мая. «Замаразкі ахапілі ўсю краіну. Інтэнсіўнасць іх у паветры склала ад 0 да мінус 5 °С. Месцамі па краіне тэмпература паніжалася да мінус 6–8 °С. 

У некаторых раёнах на паўночным захадзе, на ўсходзе і на Палессі тэмпература паветра апускалася да адзнакі мінус 9–10 °С. Часцей за ўсё замаразкі адзначаліся ў Брэсцкай, Магілёўскай і ў асобных заходніх раёнах краіны», — растлумачыў Алег Клінцэвіч.

Так холадна ў першай і другой дэкадах мая за апошнія 60 гадоў на тэрыторыі краіны бывае прыкладна раз у 11–12 гадоў, падкрэсліў аграметэаролаг. «Уплыў замаразкаў на пасевы ўзмацняўся тым, што ў выніку перавагі цёплага надвор’я ў сакавіку і красавіку развіццё культур, у першую чаргу азімых, шматгадовых траў і пладовых дрэў, ішло з прыкметным апярэджаннем. Цвіценне садоў сёлета пачалося на паўтары-два тыдні раней за сярэднія шматгадовыя тэрміны. У выніку замаразкі нанеслі шкоду садам і раслінам. Асабліва пацярпелі пасевы сельскагаспадарчых культур на тарфяніках і ў паніжэннях рэльефу», — расказаў начальнік аддзела.

Перасяванне і рэабілітацыя

Як заўважыў Мікалай Лешык, сяўба ўжо даўно б завяршылася, калі б не майскія замаразкі. «На жаль, задача ўскладнілася. Каля 76 тысяч гектараў пасеваў загінула ці пашкоджана ў значнай ступені. Яны не будуць прыдатны да вырошчвання ў далейшым, — звярнуў увагу ён. — Тым не менш завершана сяўба ўсіх сельскагаспадарчых культур. Найбольш цеплалюбівыя з іх — гэта грэчка, проса і, натуральна, кукуруза. Апошняя мала таго што цеплалюбівая культура, дык яе пасеялі на вельмі вялікай плошчы — больш за 1,2 мільёна гектараў. Таму гэта заняло працяглы час».

Загінулыя плошчы буракоў, лёну і кукурузы ўжо перасеяны. Вядзецца работа па ўдакладненні вердыкту па пашкоджаных пасевах збожжавых і крыжакветных культур. Асноўная задача — захаваць збожжавую групу, каб атрымаць тыя аб’ёмы збожжа, на якія нацэлілі аграрыяў кіраўнік дзяржавы і ўрад, лічыць Мікалай Лешык. «Было прынята рашэнне аб павелічэнні плошчы кукурузы на зерне на 94 тысячы гектараў да ўзроўню 2024 года ў рамках кампенсацыі. Пры гэтым практычна на 70 тысяч гектараў з улікам пашкоджанняў будзе зніжана група каласавых культур. У цэлым збожжавы клін застаецца крыху большым за леташні ўзровень», — расказаў ён.

Далей па плане вядзецца догляд пасеваў. «Натуральна, выконваем і работы па рэабілітацыі тых культур, якія былі пашкоджаны ў меншай ступені. Яны, магчыма, будуць захаваны з нейкімі зменамі. Актыўна праводзяцца падкормкі азотнымі ўгнаеннямі, а таксама работы па ахове пашкоджаных пасеваў, у першую чаргу ад хвароб, — заўважыў Мікалай Лешык. — Упэўненыя, што ўсё гэта нам дасць магчымасць атрымаць годны ўраджай, забяспечыць кармавую базу, каб гарантаваць харчовую бяспеку».

Страты ўдалося мінімізаваць

Генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Сяргей КРАЎЦОЎ адзначыў, што 2025 год стаў анамальным з пункту гледжання шматгадовых назіранняў. Нягледзячы на ўсе катаклізмы прыроды, у Беларусі ў выніку вясновых замаразкаў загінула толькі 1,6 % сельскагаспадарчых культур, заўважыў навуковец. «Калі б усё гэта было літаральна 30 гадоў таму, то ў нас было б 50 % гібелі. Напрыклад, 50 гадоў таму ў нас была б гібель 80 % пасеваў, а 100 гадоў таму ў нас быў бы голад», — сказаў ён.

Мінімізацыя страт стала магчымай дзякуючы аграрнай навуцы і тэхналогіям. «Мы працягнулі тэрміны сяўбы і выкарыстоўваем сарты, устойлівыя да катаклізмаў. Таксама прымяняем розныя сродкі аховы — антыстрэсавыя прэпараты, розныя стымулятары і каранёвага, і вегетацыйнага росту. Сюды ўваходзяць угнаенні, амінакіслоты. Трэба мінімум адна-дзве апрацоўкі, каб расліны абараніць ад шкоднікаў, хвароб і агрэсіўнага асяроддзя», — адзначыў Сяргей Краўцоў.

Нягледзячы на катаклізмы надвор’я ўраджай на палях ёсць. Пасяўная прайшла як ніколі своечасова і ў тэрміны. «Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук распрацавалі планы, была створана рабочая група. Кожную вобласць размеркавалі па севазваротах, па структуры пасяўных плошчаў, па выбарцы насення. Апошнім былі забяспечаны на 120 % ад плана», — растлумачыў гендырэктар НПЦ.

Сёлета таксама было назапашана на 20–30 % больш угнаенняў, чым летась, таму нават у такіх умовах надвор’я ўраджай будзе, падкрэсліў ён. Больш за тое, назапашаны і ўсе неабходныя сродкі аховы. Рабочая група маніторыць усе сельскагаспадарчыя культуры па краіне.

У тэму

Ва ўмовах пераўвільгатнення

Як паведамілі спецыялісты ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, цяперашнія дажджы папаўняюць запасы вільгаці ў глебе, найбольш істотна ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі.

«У Віцебскай, Гомельскай, у многіх раёнах Мінскай, месцамі ў Магілёўскай і на поўначы Гродзенскай вобласці адзначалася моцнае ўвільгатненне, у асобных раёнах — залішняе ўвільгатненне верхняга пласта глебы. Дажджы могуць павялічыць плошчы з пераўвільгатненнем глебы», — адзначылі ў Белгідрамеце.

У паўднёва-заходняй частцы краіны верхні 10-сантыметровы пласт глебы знаходзіцца ва ўмерана вільготным стане. Аднак тэмпературны рэжым тут па-ранейшаму ніжэйшы за кліматычную норму. З-за слабага назапашвання эфектыўнага цяпла запавольваецца развіццё цеплалюбівых культур. Ва ўсходняй частцы краіны назіраецца цёплае надвор’е. Там умовы спрыяюць нарастанню вегетатыўнай масы і фарміраванню прадукцыйнасці збожжавых культур, адрастання траў, росту сцёблаў лёну, з’яўленню ўсходаў позніх культур.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю