Top.Mail.Ru

На варце паветраных рубяжоў

Як прайшло лётна-тактычнае вучэнне ў небе над Беларуссю.


Гэтымі днямі ва Узброеных Сілах нашай краіны праходзіла лётна-тактычнае вучэнне з авіяцыйнымі воінскімі часцямі. Для яго правядзення былі задзейнічаны ваенныя аэрадромы і палігоны Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 

У ходзе паветраных манеўраў асноўная ўвага ўдзялялася ўдасканаленню камандзірскай вывучцы і практычных навыкаў лётных экіпажаў пры вядзенні баявых дзеянняў, выпрацоўцы ў асабовага складу высокіх баявых і маральна-псіхалагічных якасцяў. На вучэннях адпрацоўваліся ў тым ліку пытанні вываду авіяцыйных падраздзяленняў з-пад умоўнага ўдару сродкаў паветранага нападзення праціўніка, авіяцыйнай падтрымкі войскаў, якія ажыццяўляюць пошук, блакіраванне і знішчэнне наземнага праціўніка.

9E7A1324.JPG

Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням нанясення авіяўдараў па наземных і выяўленых цэлях, знішчальнага прыкрыцця іншых родаў авіяцыі, вядзення паветранай разведкі, выканання транспартна-дэсантных задач, адбіцця ўдараў сродкаў паветранага нападу праціўніка, а таксама эвакуацыі лётнага саставу, які пацярпеў бедства. Не абышлося і без праверкі зладжанасці дзеянняў лётных экіпажаў з наземнымі службамі забеспячэння, а таксама адпрацоўцы пытанняў узаемадзеяння з іншымі родамі войскаў. Ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых, правяралася гатоўнасць асабовага складу да выканання пастаўленых задач. Вучэнне дало магчымасць ацаніць эфектыўнасць прымянення новых тактычных прыёмаў, а таксама выявіць шляхі далейшага ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі лётнага складу.

У ходзе лётна-тактычных вучэнняў 50-я змешаная авіяцыйная база, пад камандаваннем палкоўніка Аляксандра Бяляева, прадэманстравала высокі ўзровень падрыхтоўкі і гатоўнасць да выканання самых складаных задач. Асаблівасцю гэтых вучэнняў стала работа авіяцыі па-за пунктамі пастаяннага базіравання, што дало магчымасць адпрацаваць шырокі спектр задач, уключаючы баявое прымяненне на розных палігонах.

9E7A1331.JPG

Паводле слоў палкоўніка Аляксандра Бяляева, асаблівая ўвага надзялялася тылавому забеспячэнню авіяцыі, падвозу матэрыяльных сродкаў і ўзбраенню на іншыя аэрадромы. У вучэннях была задзейнічана максімальная колькасць авіяцыйнай тэхнікі і асабовага складу базы.

— Важную ролю адыгрываюць найноўшыя транспартна-баявыя верталёты Мі-35М, якія валодаюць высокай агнявой моцай і манеўранасцю, — адзначыў ён. — Пры правядзенні практычных эпізодаў улічваўся вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі. Экіпажы адпрацоўвалі тактыку працы без уваходу ў зону паражэння зенітна-ракетных сродкаў суперніка, нанясенне ўдару з вялікіх далёкасцяў і ўдар па групавых цэлях. Таксама адпрацоўваліся эпізоды выратавання экіпажаў, якія пацярпелі бедства. Асноўны ўпор у ходзе вучэнняў рабіўся на падрыхтоўку маладога лётнага складу. Увесь авіяцыйны персанал базы павінен быць гатовы да выканання баявых задач у любых умовах.

9E7A1334.JPG

Падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць не толькі праверыць гатоўнасць асабовага складу, але і прадэманстраваць высокі ўзровень прафесіяналізму беларускіх ваенных лётчыкаў, здольных эфектыўна абараняць паветраныя рубяжы Радзімы.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю