Top.Mail.Ru

На Веткаўшчыне ўстаноўлены новыя факты генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Астанкі ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — не менш як 75 чалавек рознага полу і ўзросту — перапахаваны ў Ветцы. 


Месца масавага пахавання выяўлена ва ўрочышчы Шубіна падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлена, што мірныя жыхары былі знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1942 годзе. Страшная знаходка была знойдзена падчас раскопак недалёка ад цэнтральнай раённай бальніцы. 


Як адзначыў пракурор Веткаўскага раёна Сяргей Сініцкі, работа вялася з прыцягненнем архіўных матэрыялаў, а таксама пры ўдзеле супрацоўнікаў Следчага камітэта і навуковай супольнасці. 

У выніку аналізу дакументаў і сведчанняў спачатку ўдалося вызначыць прыблізную лакацыю трагедыі. Паводле архіўных звестак, у 1942 годзе прадстаўнікі акупацыйнага рэжыму затрымалі групы мірных жыхароў, пасля чаго ўтрымлівалі іх у паліцэйскім участку. Пазней людзей вывелі ў раён былога пасёлку Луначарскі і расстралялі. Частка загінулых, паводле сведчанняў, была пахаваная жыўцом. 


Па ўспамінах старэйшага пакалення жыхароў Веткі, пахаванне знаходзілася паблізу раённай бальніцы, у напрамку ўрочышча Шубіна. Для ўдакладнення месца фашысцкай расправы над мірнымі жыхарамі ўжываліся картаграфічныя супастаўленні, пасля чаго тэрыторыя была ўключана ў план пошукава-палявых работ. 

У ходзе экспедыцыі, праведзенай спецыялізаваным атрадам, пахаванне ўдалося выявіць. Знойдзеныя ў зямлі асабістыя рэчы, упрыгожванні і прадметы побыту пацвердзілі, што была ўчынена расправа менавіта над мірным насельніцтвам. Пры гэтым ваенных артэфактаў, за выключэннем гільз і слядоў пораху, выяўлена не было. Праведзеныя экспертызы ўстанавілі, што знойдзены астанкі не менш як 75 чалавек. Характар расправы над людзьмі сведчыць аб расстрэлах з блізкай адлегласці, пераважна са спіны. Сярод загінулых — не менш як 31 дзіця, 19 мужчын (у асноўным пажылога ўзросту) і 12 жанчын. Каму належаць астанкі яшчэ 13 чалавек устанавіць не ўдалося. 


Па словах пракурора, падчас раскопак была зафіксавана асаблівая жорсткасць учыненых злачынстваў. Целы размяшчаліся ў некалькі слаёў, што ўказвае на паслядоўнае знішчэнне груп людзей і іх пахаванне ў агульнай расстрэльнай яме. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

фота ТК «Голас Веткаўшчыны»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю