Top.Mail.Ru

На Віцебшчыне актыўна развіваецца прамысловы турызм

Па выніках мінулага года Віцебская вобласць дасягнула рэкорднага паказчыку па экспарту турыстычных паслуг — больш за 25 мільёнаў долараў. Шматлікіх гасцей паўночнага рэгіёна цікавяць розныя напрамкі — ад аздараўленчага да рэлігійнага турызму. Аднак у трэндах Падзвіння застаецца прамысловы. І хоць месячнік яго падыходзіць да завяршэння, у Віцебскім раёне шмат цікавых прадпрыемстваў, якія запрашаюць ахвотных круглы год.


Прадукцыя пад ганлёвай маркай «Ганна» добра вядомая не толькі нашым суайчыннікам, але і жыхарам дзясяткаў замежных краін. Цікава, што мясны брэнд краіны з’явіўся і паспяхова развіваецца менавіта пад Віцебскам. Віцебская бройлерная птушкафабрыка з года ў год нарошчвае аб’ёмы вытворчасці, пашырае асартымент і на сённяшні дзень мае звыш 200 найменняў прадукцыі. Цяпер акрамя прадукцыі з мяса птушкі «Ганна» выпускае як астуджаную, так і замарожаную прадукцыю з ялавічыны. Прадпрыемства развіла і сваю моцную сетку грамадскага харчавання: у вёсцы Трыгубцы дзейнічае сталовая, у вёсцы Доўжа — рэстаран «Прыазёрны двор «У Ганны», ёсць фірменны рэстаран і ў абласным цэнтры. А падчас экскурсіі на прадпрыемства можна ўбачыць увесь працэс вырошчвання і перапрацоўкі мяса птушкі: ад сутачных куранят да гатовых паўфабрыкатаў.

Адна з папулярных лакацый, якая прываблівае турыстаў зімой нават больш, чым летам, — КСУП «Рудакова», а канкрэтна — цяпліцы гаспадаркі. Тут круглы год пануе цеплыня і зеляніна, бо ў аранжарэях вырошчваюць таматы, агуркі, салату, кроп. Дарэчы, для апылення саджанцаў таматаў у цяпліцах у спецыяльных доміках жывуць мясцовыя пчолы! Свежую гародніну можна набыць на месцы. Але «Рудакова» спецыялізуецца не толькі на раслінаводстве: гаспадарка займаецца вытворчасцю малака, кармоў для БРЖ, вырошчвае бульбу і збожжавыя культуры.

Паглядзець на адзін з самых сучасных у краіне жывёлаводчых комплексаў можна ў вёсцы Мазалава, у філіяле СГП «Мазалавагаз» УП «Віцебскаблгаз». Тут разводзяць буйную рагатую жывёлу, займаюцца вырошчваннем збожжавых і кармавых культур, камбікармоў. Пяць гадоў таму прадпрыемства запусціла завод па перапрацоўцы алейных культур. Чалавечую сілу тут амаль поўнасцю замянілі сучасныя тэхналогіі, асабліва цікава будзе ўбачыць робатаў, якія даглядаюць кароў на комплексах.

Аматарам апошніх аграрных тэхналогій з радасцю адчыняюць дзверы ў Віцебскім занальным інстытуце сельскай гаспадаркі НАН Беларусі. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці высокаякаснага насеннага матэрыяла бульбы і удасканаленні рэгіяльных тэхналогій яго вытворчасці. Адным словам, бульбу самых якасных гатункаў тут выводзяць у прабірках спосабам мікракланальнага размнажэння! Акрамя гэтага, інстытут выводзіць элітныя гатункі збожжавых, зернебабовых, крыжакветных культур. А яшчэ для дакладнага земляробства тут выкарыстоўваюць дроны.

Запрашае на экскурсіі і высокатэхналагічнае прадпрыемства ААТ «БелВітуніфарм», якое выпускае ветэрынарныя прэпараты для сельскагаспадарчай жывёлы і хатніх гадаванцаў. Завод з’яўляецца лідарам у вобласці якасці і эфектыўнасці на рынку Рэспублікі Беларусь і замежных рынках. У каталогу прадпрыемства — звыш 150 найменняў прадукцыі, у ліку якіх вірусныя і бактэрыяльныя вакцыны, сыроваткі, лекавыя прэпараты. Кампанія экспартуе тавар у Казахстан, Арменію, Егіпет, Турцыю, Туркменістан і іншыя краіны.

Канешне, кожны раён паўночнага рэгіёна славіцца сваімі прамысловымі флагманамі, якія маюць аўтарытэт далёка за межамі нашай Беларусі. А калі ёсць магчымасць на свае вочы ўбачыць тэхналагічныя працэсы, зразумець, які шлях праходзіць бульбіна да нашага стала, трэба абавязкова ёй скарыстацца!

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю