Валанцёрства сярод членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі зарадзілася разам з гэтым грамадскім аб’яднаннем. З цягам часу гэты масавы рух атрымаў назву «Добрае Сэрца», якая ёміста адлюстроўвае яго сутнасць. Сёння валанцёрства разам з грамадзянска-патрыятычным выхаваннем і працаўладкаваннем моладзі — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці БРСМ.
Ахапіць падтрымкай
Атрады добраахвотнікаў створаны літаральна ва ўсіх установах адукацыі і ў шэрагу арганізацый паўночнага рэгіёна, напрыклад, на УП «Віцебскаблгаз» і РУП «Віцебскэнерга», у Віцебскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Моладзь гатовая дапамагаць адзінокім пажылым людзям, інвалідам, дзецям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, і нават жывёлам.
— У кожным нашым райкаме прымаюць тэлефонныя заяўкі аб патрэбах у дапамозе, — адзначыла першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Жанна НАРЫЦЫНА. — Апошнім часам мы праводзім вялікую інфармацыйную кампанію, у прыватнасці, у паліклініках, паштовых аддзяленнях, іншых ажыўленых месцах распаўсюджваем лістоўкі з кантактамі і пералікам паслуг, якія можа аказаць моладзь. Трымаем цесную сувязь з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнай абароны насельніцтва, якія паведамляюць, каму ў дадзены момант патрэбна дапамога.
Улік добрых спраў валанцёры не вядуць, проста робяць іх ад шчырага сэрца. Паслугі часта носяць сезонны характар. Восенню, напрыклад, рабяты дапамагаюць скласці дровы, ускапаць градкі, даставіць з кірмашу сумку з агароднінай, памыць вокны. Нярэдка пажылыя людзі звяртаюцца з просьбамі, каб ім растлумачылі, як карыстацца сучаснымі гаджэтамі, устанавілі неабходныя праграмы.
Дарэчы, гарадскія жыхары за дапамогай звяртаюцца часцей за вяскоўцаў, але таксама саромеюцца абцяжарваць моладзь сваімі просьбамі.
Не ўсё вырашаюць грошы
Наогул, поле валанцёрскай дзейнасці — самае разнастайнае. Выключэнне — пакупка лекаў і прадуктаў. Браць у рукі чужыя грошы і несці за іх адказнасць валанцёрам не рэкамендуюць. Але часцей, каб парадаваць чалавека, сапраўды не трэба мець справу з фінансамі ці прыкладаць вялікія намаганні і траціць шмат часу.
Жанна Нарыцына ўспомніла, як напярэдадні Новага года ў абкам БРСМ патэлефанавала адзінокая жыхарка з Віцебска, якая па прычыне хваробы ног не выходзіць з кватэры. Маўляў, аніякага святочнага настрою, нават ёлкі няма. Маладзёжны лідар звязалася з валанцёрамі «Добрага Сэрца» — навучэнцамі гімназіі № 3 імя А. С. Пушкіна. У другой палове дня жанчына, якая звярнулася ў абкам БРСМ з раніцы, плакала ад шчасця: да яе завітала некалькі груп дзяцей разам з бацькамі. Яны прынеслі ёй і прыбралі дзве ёлкі, а таксама прыгатавалі святочныя салаты, торт, фрукты.
— Каб далучыцца да нашага валанцёрскага руху, неабавязкова быць членам БРСМ, мы рады ўдзелу людзей добрай волі любога ўзросту, — сцвярджае Жанна Нарыцына. — Дапамога можа быць не толькі фізічнай, часам патрабуецца маральная падтрымка адзінокага чалавека праз званок або паведамленні ў месенджарах. Бывае, для правядзення дробнага рамонту ці добраўпарадкавання нам неабходныя нейкія інструменты, гаспадарчы інвентар, матэрыялы. Звяртаемся да ўладальнікаў прыватных гандлёвых пунктаў, і яшчэ ні разу не атрымалі адмовы.
Па словах першага сакратара абкама БРСМ, сёння на Віцебшчыне ініцыятыў у рамках руху «Добрае Сэрца» нават больш, чым заявак ад тых, хто мае патрэбу ў дапамозе: «У школу з Добрым Сэрцам», «Цуды на Каляды», «ДАБРО.БЕЛ»,
«Кірмаш дабра», «Валанцёр. ЖКГ». І там, дзе ёсць энергічныя лідары, заўсёды знаходзяцца справы для моладзі. Амаль не напружваючыся, дзяўчаты і хлопцы ўносяць свой уклад у добраўпарадкаванне, саграваюць увагай і клопатам хворых равеснікаў, адзінокіх пажылых людзей. Нямала прыкладаў, калі ўстойлівыя стасункі склаліся паміж добраахвотнікамі з пэўных устаноў і іх падшэфнымі.
На прынцыпах міласэрнасці
Актыўна працуе валанцёрскі атрад, створаны на базе Аршанскага медыцынскага каледжа. Асноўны кірунак дзейнасці будучых медыкаў неад’емна звязаны з міласэрнасцю. Яны — пастаянныя наведвальнікі мясцовага пансіяната «Шчаслівае даўгалецце», дзіцячых дамоў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання. Выступаюць з канцэртамі і забаўляльнымі праграмамі, дапамагаюць у сацыялізацыі дзяцей, праводзяць прасцейшыя медыцынскія маніпуляцыі з пажылымі людзьмі.
— Разам з аднадумцамі мы бралі ўдзел у фінале рэспубліканскай дабрачыннай ініцыятывы «Аднаўленне святынь Беларусі», які праходзіў 15–16 кастрычніка ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, — расказала актывістка валанцёрскага руху, навучэнка 3-га курса каледжа Сабіна УЛАСЕВІЧ. — Нішто не аб’ядноўвае людзей так, як агульная праца на карысць працвітання роднай зямлі. Адчуванне, што ты далучаны да чагосьці сапраўды значнага і прыгожага, цяжка апісаць словамі. Я думаю, што калі мы раз’едземся працаваць у розных установах аховы здароўя, усё роўна працягнем аб’ядноўвацца з нераўнадушнымі аднадумцамі дзеля добрых бескарыслівых спраў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц