Жыхарка Баранавічаў знайшла ў снезе кажана. Рукакрылыя на холадзе практычна не сустракаюцца, паведамляе Точка.by.
«Нелятучы на той момант кажан поўзаў па гурбе, калі я набліжалася, каб разгледзець жывёлу, — бездапаможна шыпеў», — расказвае беларуска.
Нягледзячы на шанц падхапіць інфекцыю, якую пераносяць кажаны, мясцовая жыхарка не змагла прайсці міма беднай жывёлы.
У першую чаргу яе трэба было сагрэць. Беларуска зайшла ў бліжэйшую краму, узяла там каробку і паклала туды бедную істоту. Тая адразу задрамала.
Для рукакрылай жывёлы ўсё скончылася добра. Яе перадалі ўладальнікам прыватнага дома з гарышчам, дзе ў цемры і прахалодзе яна зможа даспаць да вясны.
Адкуль увогуле ўзяўся кажан
Па словах дацэнта кафедры прыродазнаўчых дысцыплін Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніса Лундышава, справа ў перападзе тэмператур.
«Цяпер стаіць адліга, і, магчыма, кажан, пачуўшы вясну, вылецеў падыхаць», — заявіў вучоны.
Аказваецца, кажаны ўжо даўно аблюбавалі старыя дамы на вуліцы Леніна. Знойдзеная жывёла адносіцца да падвіда рудая вячэрніца. Гэтыя асобіны могуць праводзіць 6–8 месяцаў у год у спячцы.
Не трэба дакранацца голымі рукамі
Біёлаг раіць акуратна пасадзіць знойдзены жывёлу ў скрынку і аднесці на гарышча прыватнага дома ці ў падобнае прахалоднае сховішча.
Дастаньце кажана са скрынкі — далей ён сам залезе ў патрэбнае месца і павісне ўніз галавой, каб працягнуць спячку.
Пакарміць змучаную жывёліну таксама не атрымаецца. Кажаны сілкуюцца насякомымі і ім нельга даваць садавіну, агародніну, мяса, малако, хлеб.