Зіма сёлета праяўляе свой суровы характар ужо на старце новага года. Як паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, пагаршэнне ўмоў надвор’я чакаецца ўжо з 8 студзеня.
У чацвер на большай частцы рэспублікі надвор’е працягнуць вызначаць няўстойлівыя халодныя паветраныя масы, і адаб’ецца ўплыў франтальных раздзелаў, звязаных з паўднёвым цыклонам з цэнтрам над Чаркаскай вобласцю. Воблачна, ноччу з праясненнямі. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег. Днём па поўдні рэспублікі чакаецца моцны снег, мокры снег, па паўднёвым усходзе слабы галалёд. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах краіны мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-ўсходні, паўночны ўмераны, удзень парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 8 да мінус 14 °С, пры праясненнях паветра будзе астуджацца да мінус 16 °С, па паўднёвым усходзе месцамі ад 6 да 7 °С марозу. Максімальная тэмпература днём установіцца ў межах 4–11 °С марозу.
У далейшым, ад пятніцы да нядзелі, чакаецца ўзмацненне маразоў. Паступленне паветранай масы арктычнага паходжання прадоўжыцца, таму тэмпературны фон істотна панізіцца і ў начныя гадзіны апынецца ў межах ад мінус 9 да 23 °С, а 10–11 студзеня ва ўмовах малавоблачнага надвор’я не выключана паніжэнне і да мінус 25–26 °С. Максімальныя значэнні тэмпературы паветра днём стануць вагацца ад мінус 6 да мінус 17 °С, толькі ў нядзелю ў паўднёва-заходніх раёнах Беларусі будзе мінус 1–5 °С.
Сіноптыкі адзначаюць, што ўжо ў пятніцу, у выніку зрушэння франтальных раздзелаў на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, ноччу месцамі па паўднёвым усходзе — моцны снег. Разам з тым у асобных раёнах краіны дыскамфорту дададуць моцны парывісты вецер, завіруха. У суботу і нядзелю, з ростам атмасфернага ціску ападкі прымуць кароткачасовы і лакальны характар. Пры ваганнях тэмпературнага фону месцамі будуць адзначацца слабыя туманы і галалёдныя з’явы.
А цяпер па парадку. У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, ноччу па паўднёвым усходзе месцамі моцны снег. У асобных раёнах магчымыя завіруха, узмацненне ветру парывамі 15–18 м/с. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 9 па паўднёвым усходзе да 20 °С марозу па поўначы, днём — мінус 8–15 °С.
У суботу ноччу будзе пераважна без ападкаў, днём месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 17–23 °С марозу, месцамі — да мінус 26°С. Удзень будзе 10–17 °С ніжэй за нуль.
У нядзелю месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег, днём па паўднёвым захадзе з мокрым снегам. Днём у асобных раёнах па паўднёвым захадзе магчымы слабы галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 12 па захадзе да 22 °С марозу па ўсходзе, пры праясненнях па ўсходзе — да мінус 25 °С. Днём будзе 6–13 °С ніжэй за нуль, па паўднёвым захадзе — мінус 1–5 °С.
Сяргей КУРКАЧ