Як расказалі рэдакцыі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у пачатку другой дэкады красавіка ў нас будзе не зусім камфортнае надвор’е.
У пятніцу ўмовы надвор’я ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць халодная паветраная маса, калі па ўсходняй палове адаб’ецца ўплыў атмасферных франтоў. Воблачна з праясненнямі. Ноччу па паўднёва-ўсходняй палове, днём месцамі па ўсходзе краіны пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Вецер паўночны ўмераны. Максімальная тэмпература днём плюс 5 — 11 °С. Атмасферны ціск будзе падаць.
Потым, на працягу двух дзён на большай частцы тэрыторыі краіны надвор’е будуць вызначаць франтальныя раздзелы і халодныя няўстойлівыя паветраныя масы. У суботу пераважна воблачна. Ноччу месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 3 да плюс 2 °С, месцамі да мінус 5 °С. Максімальная тэмпература днём складзе 3–9 °С, па поўдні рэспублікі — да плюс 11 °С.
У нядзелю будзе воблачна, днём з праясненнямі. Ноччу месцамі невялікія кароткачасовыя ападкі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер усходняй чвэрці ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 4 да плюс 2 °С, а максімальная днём — 5–12 °С цяпла.
Сяргей КУРКАЧ