Top.Mail.Ru

На вышыні, або Навошта штодня падымацца над зямлёй?

У Беларусі існуе спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі, на якіх забараняецца прыцягненне да працы жанчын. На сёння ён уключае больш за 80 пазіцый. Прафесіі «машыніст крана вежавага» сярод іх няма... 


— І гэта правільна, — перакананая пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства па прафесіі «машыніст крана вежавага» Наталля Мармыш. — Тое, што будаўніцтва — не жаночая справа, не больш чым стэрэатып. Якраз наадварот. Проста так склалася, што ў асноўным на будаўніцтве працуюць мужчыны, адсюль і такое меркаванне ў грамадстве. А на самай справе праца машыніста крана патрабуе акуратнасці, уважлівасці, адказнасці — спрадвечных жаночых якасцяў. Так што ў кабіне крана я — на сваім месцы.

«Будавала «Мінск-Арэну» і гандлёвы дом «На Нямізе» 

Патрабуе, зразумела, такая праца і сур’ёзнай фізічнай падрыхтоўкі. А таксама смеласці, часам — хуткасці ў прыняцці рашэнняў. І, вядома, адсутнасці страху вышыні. Вышыня вежавага крана залежыць ад памеру будынка, які ўзводзіцца, расказвае Наталля. Але часцей яна не менш за 60 метраў — у сярэднім з 12-15-павярховы дом, нярэдка і вышэй — 100, а бывае 120 і больш метраў. 


— Самым высокім у мяне быў кран з 25-павярховы дом, — кажа Наталля. Падымаюцца на кран па лесвіцы — ніякага «ліфта» не прадугледжана. На сучасных кранах лесвіца ўнутры секцый і злёгку пад нахілам, а 22 гады таму, калі Наталля толькі пачынала працаваць, была абсалютна вертыкальнай. 

— Пад’ём на «працоўнае месца» займае ў сярэднім 10 хвілін, калі не ленавацца, — расказвае яна. — Калі «ўразвалачку» — хвілін 15-20. У абед можна спусціцца, прагуляцца. 

Зразумела, такі шлях па некалькі разоў за дзень рабіць не будзеш. 

За больш чым 20 гадоў у прафесіі яна працавала на самых розных кранах і цяпер можа справіцца практычна з любым. Наталля Мармыш — машыніст крана вежавага пятага разраду адкрытага акцыянернага таварыства «Упраўленне механізацыі № 79» даччынага прадпрыемства «БЕЛБУДЦЭНТР-ХОЛДЫНГА». 

— Я будавала «Мінск-Арэну», гандлёвы дом «На Нямізе», падземны горад на праспекце Незалежнасці, трапіла нават на Нацыянальную бібліятэку — будавала сховішча для кніг побач з ёй. Шмат школ (у Мінск-Міры, Лошыцы, Прылуках), жылыя дамы. Так што хаджу па Мінску і ганаруся!

Пра «ювелірнасць» і адказнасць 

Машыністам вежавага крана Наталля вырашыла стаць пасля 11-га класа. 


— Тады дзяўчат яшчэ бралі вучыцца на гэту прафесію, — успамінае яна. — Потым перасталі, а цяпер зноў вучаць. 

Яна расказвае, што асвойваць небяспечную прафесію вырашыла па меркаваннях, далёкіх ад рамантыкі: прыцягнулі заробак, запатрабаванасць пры працаўладкаванні, мінская прапіска і тое, што навучэнцам даваўся інтэрнат. Бацькі падтрымалі яе ў гэтым рашэнні. Бо вышыні Наталля не баялася з ранняга дзяцінства. 

— У роднай вёсцы ўсе дрэвы аблазіла, залазіла на самую верхавіну. Так што для маіх родных такі выбар не стаў чымсьці дзіўным, — смяецца яна. 

Але вось што сапраўды складана ў прафесіі машыніста вежавага крана — гэта велізарная адказнасць, псіхалагічная і эмацыянальная нагрузка, адзначае Наталля. Адказнасць і матэрыяльная (за грузы), і — галоўнае — за жыцці людзей. Бо кранаўшчык працуе з велізарным калектывам, павінен улічваць і тэхніку бяспекі, і бягучыя абставіны ва ўмовах будпляцоўкі, якія змяняюцца. Праца гэтая без перабольшання «ювелірная», акуратнасць і адказнасць тут — ключавыя паняцці. Дарэчы, на конкурсе прафмайстэрства па прафесіі «машыніст крана вежавага» адкрытага акцыянернага таварыства «УМ № 79» у рамках сталічнага конкурсу «Мінскі майстар — 2026» перамогу маёй суразмоўніцы забяспечылі менавіта гэтая дакладнасць, акуратнасць і «ювелірнасць», і журы гэта ацаніла.

Машыніст вежавага крана перамяшчае грузы, забяспечваючы бесперапыннасць, бяспеку і высокі тэмп будаўнічых работ на аб’екце. А ўнізе, пад усімі гэтымі грузамі, што «ляцяць па небе», — дзясяткі людзей.

— Спачатку для мяне гэта была маральна цяжкая праца — занадта ўжо вялікая адказнасць, — кажа Наталля. — Паступова прывыкла, адаптавалася. Але ўсё роўна кожны раз, паднімаючыся ў кабіну крана, хвалююся, настройваю і правяраю сябе. Затое, заўважае пераможца, машыністу вежавага крана «дастаюцца» такія прыгажосці, якіх не бачыла большасць людзей — з зямлі такога бязмежнага неба ніколі не ўбачыш. 

— На вышыні ўсё ўспрымаецца па-іншаму, — сцвярджае яна. — У тым ліку і жыццёвыя праблемы. 

Штодня падымацца над зямлёй, над руцінай і паўсядзённай мітуснёй — у гэтым, мабыць, і заключаецца рамантыка прафесіі, якая «не адпускае» Наталлю ўжо больш за 20 гадоў.

Жаночая справа 

Самая галоўная небяспека для машыніста вежавага крана — гэта вецер, завіруха, у цэлым непагадзь. Але пра небяспекі сваёй прафесіі Наталля разважаць не хоча: кажа, пры належным узроўні прафесіяналізму можна не дапускаць такіх сітуацый. А з «цікавых гісторый», пра якія я ў яе пытаюся, расказаць вырашае рамантычную. Справа ў тым, што з будучым мужам яна пазнаёмілася якраз «на вышыні», у кабіне вежавага крана. 

— Муж працуе ў гэтай жа арганізацыі інжынерам-электрыкам, настройвае вежавыя краны. Так мы і пазнаёміліся — у кабіне крана. У мяне, тады маладога спецыяліста, зламаўся кран: спусціла груз, а «віра» няма. Даслалі спецыяліста мой кран чыніць. Так і пазнаёміліся, на 70 метрах над зямлёй. 

Сёння ў Наталлі дзве дачкі, старэйшая ідзе ў 11 клас, малодшай — 10 гадоў. Ці пойдуць дзяўчынкі па шляху маці — пакажа час. Наталля не загадвае. 

Яшчэ адна складанасць яе прафесіі — тое, што даводзіцца працаваць увесь час з новымі брыгадамі і, каб праца была зладжанай, хутка знаходзіць з людзьмі агульную мову. 

— На кранах я працую па ўсёй Беларусі, брыгады там розныя, — расказвае Наталля. — Зразумела, на будоўлі калектыў заўсёды пераважна мужчынскі. Не, «гендарнай» пагарды я не сустракала ні разу. Але кожны раз важна даказаць, што ты прафесіянал. У нашай краіне і ў нашай сферы вельмі шануецца прафесіяналізм. Працуеш акуратна, дакладна, уважліва, якасна — стаўленне будзе добрае.

— Я выбрала гэту работу ці яна мяне — не ведаю, — падводзіць вынік гутаркі пераможца. — Але, шчыра кажучы, пра свой выбар не пашкадавала ні разу і пра змену прафесіі ніколі не думала. Калі бачыш, як на месцы пыльнай бетоннай будпляцоўкі «вырастае» паверх і ўжо ўгадваецца кватэра — для кагосьці «мілы дом», дзе паселіцца каханне, зазвіняць дзіцячыя галасы, думаеш: ну хіба будаваць дамы — не жаночая справа?

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю