Выстаўка «Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве», падрыхтаваная маскоўскім музеем-запаведнікам «Каломенскае», адкрылася ўчора, 29 мая, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж».
На выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя па прыгажосці і тэхніцы выканання прадметы пазалочанай разьбы XVІІ стагоддзя — царскія вароты, абразы ў раскошных рамах-картушах, фрагменты іканастасаў. З фондаў Маскоўскага музея-запаведніка былі адабраны найбольш значныя ў мастацкіх адносінах прадметы мастацтва. Многія экспанаты дэманструюцца ўпершыню.
Як расказалі арганізатары, з’яўленне ў Расіі пазалочанай скульптурнай разьбы ў другой палове XVІІ стагоддзя звязана з перасяленнем у Рускую дзяржаву майстроў з Вільні, Полацка, Віцебска, Смаленска, Шклова і іншых гарадоў. Пазалочаная іканастасная разьба, якая вырасла з беларускіх каранёў на рускай глебе, сфарміравала ў рускім мастацтве канца XVІІ стагоддзя мастацка дасканалы варыянт агульнаеўрапейскага стылю.
У творах беларускіх майстроў з’явіліся новыя матывы разьбы «барока» — гнуткая лаза з буйнымі гронкамі вінаграду, звязкі садавіны, завіткі, акантавае лісце высокага рэльефу, натуралістычна перададзеныя кветкі і садавіна. Гэта аказала значны ўплыў на мастацкае ўбранне маскоўскіх храмаў, дзе з’явіліся пышныя іканастасы работы беларускіх разьбяроў і іх рускіх вучняў. У экспазіцыю ўключаны кафлі XVІІ стагоддзя, на стварэнне якіх значны ўплыў аказалі работы беларускіх майстроў.
Арганізатары дадалі, што выстаўка пазалочанай разьбы і каляровых кафляў стала вынікам шматгадовай работы спецыялістаў музея «Каломенскае» і дэманструе шматвяковыя мастацкія сувязі двух славянскіх народаў.
Выстаўку можна наведаць да 1 кастрычніка ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля (г. Нясвіж, вул. Замкавая, 2).