XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць 25 і 26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці. Праграма першага дня ўключае пасяджэнні тэматычных секцый. У цэнтры абмеркавання — стан і перспектывы развіцця эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, а таксама турыстычнай галіны і сістэмы аховы здароўя.
Як адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая на секцыі «Рэгіянальная палітыка — галоўны інструмент забеспячэння ўстойлівага развіцця тэрыторыі Саюзнай дзяржавы», што праходзіць на пляцоўцы СЗАТ «БЕЛДЖЫ», Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — адзін з сімвалаў Саюзнай дзяржавы. А тэма і парадак дня секцыі, дарэчы, сёння надзвычай актуальныя і запатрабаваныя: «Гэта важная мэтавая задача, ключавая ўмова і гарантыя поспеху інтэграцыйнага будаўніцтва. Прыемна, што ў год 30-годдзя з даты падпісання Дагавора аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, форум прымае слаўная Міншчына — галоўны індустрыяльны і лагістычны цэнтр беларуска-расійскага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва». Мінская вобласць, паводле слоў Наталлі Якубіцкай, з’яўляецца ключавой пляцоўкай для правядзення міжрэгіянальных, а таксама вышэйшых інтэграцыйных мерапрыемстваў.

У сваю чаргу, старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па федэратыўным уладкаванні, рэгіянальнай палітыцы, мясцовым самакіраванні і справах Поўначы Андрэй Шаўчэнка падкрэсліў: «Нягледзячы на спробы недружалюбных краін прытармазіць развіццё Беларусі і Расіі, сумеснымі намаганнямі нашых краін створаны дзейсныя палітычныя, эканамічныя і гуманітарныя механізмы і інструменты па супрацьдзеянні такім спробам. Створаныя механізмы садзейнічаюць самаразвіццю тэрыторый Саюзнай дзяржавы, даюць магчымасць вызначаць адзіную пазіцыю па важных для нас пытаннях унутранага развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва».

Гэта падкрэсліў і старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксей Кушнарэнка. Расійская Федэрацыя, паводле яго слоў, застаецца ключавым гандлёва-эканамічным партнёрам Міншчыны. У аснове ўзаемадзеяння — курс на доўгатэрміновыя і ўзаемавыгадныя адносіны.

Як адзначыў Аляксей Кушнарэнка, у структуры ўзаемнага гандлю з Мінскай вобласцю лідзіруюць Цэнтральная, Паўночна-Заходняя, Прыволжская і Сібірская федэральныя акругі. Найбольшыя аб’ёмы тавараабароту прыпадаюць на Маскву, Санкт-Пецярбург, Маскоўскую, Смаленскую, Кемераўскую, Ленінградскую, Свярдлоўскую, Тульскую вобласці, а таксама Рэспубліку Татарстан. Актыўна вядзецца работа і ў рамках дарожных карт — з Ленінградскай, Архангельскай, Маскоўскай і Омскай абласцямі. На рэгулярнай аснове праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі Арлоўскай, Цюменскай і Ульянаўскай абласцей.

Акрамя эканамічнага ўзаемадзеяння, развіваюцца пабрацімскія сувязі ў сферах культуры, адукацыі, спорту і турызму: «Мы будзем падтрымліваць і працягваць традыцыі, якія склаліся, бо міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — гэта жывы арганізм, які пастаянна развіваецца. Менавіта на ўзроўні канкрэтных абласцей і раёнаў нараджаюцца праекты, якія становяцца магутнымі драйверамі сацыяльна-эканамічнага развіцця ўсёй Саюзнай дзяржавы», — адзначыў Аляксей Кушнарэнка.

На развіццё рэгіёнаў абедзвюх дзяржаў, бясспрэчна, вялікі ўплыў аказваюць шматлікія пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі, раёнамі і населенымі пунктамі Беларусі і Расіі: «Станоўчая стабільная дынаміка двухбаковых адносін працягваецца ў першую чаргу за кошт паглыблення прамысловай кааперацыі і рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння, — адзначыў Андрэй Шаўчэнка. — Пры гэтым узаемны гандаль перайшоў ад простага нарошчвання аб’ёмаў да якасных змен структуры, што абумоўлены палітыкай тэхналагічнага суверэнітэту нашых краін».
Андрэй Шаўчэнка таксама нагадаў, што ўжо дзейнічае 255 пагадненняў аб супрацоўніцтве, а таксама сотні дагавораў і кантрактаў паміж рэгіёнамі і арганізацыямі Расіі і Беларусі. Напрыклад, на XII Форуме рэгіёнаў дзвюх краін было падпісана 111 дакументаў аб супрацоўніцтве. Гэты год не стаў выключэннем: вынікам работы секцыі «Рэгіянальная палітыка — галоўны інструмент забеспячэння ўстойлівага развіцця тэрыторыі Саюзнай дзяржавы» стала падпісанне дзясяткаў пагадненняў аб супрацоўніцтве.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД