На якіх метэастанцыях Беларусі пабітыя сутачныя тэмпературныя рэкорды, расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«У Беларусі практычна штогод тэмпература паветра можа апускацца да мінус 20 градусаў і ніжэй, часам, прыкладна раз на пяць гадоў, можна чакаць паніжэння да мінус 25 градусаў і ніжэй. І большай часткай гэтыя паніжэнні прыпадаюць на студзень-люты. Пачатак лютага сёлета выдаўся халодным. Тэмпература ў начныя гадзіны апускалася да 20 градусаў марозу і ніжэй, месцамі да мінус 25 і ніжэй», — растлумачылі сіноптыкі.
2 лютага пабітыя сутачныя рэкорды мінімальнай тэмпературы паветра за гэтае чысло па наступных станцыях: Высокае — мінус 24,2 градуса (было 23,8 градуса марозу ў 2012 годзе); Стоўбцы — 26,9 градуса ніжэй за нуль (было мінус 25,1 градуса ў 2012 годзе); Ганцавічы — 28,9 градуса марозу (было мінус 27,4 градуса ў 2012 годзе); Ашмяны — 27,8 градуса ніжэй за нуль (было мінус 27,7 градуса ў 2012 годзе); Палеская — 31,1 градуса марозу (было мінус 27,8 градуса ў 2012 годзе).
Халадней за ўсё ў гэтыя суткі было на Палескай (мінус 31,1 градуса) і ў Жыткавічах (мінус 30,2 градуса).
Абсалютны мінімум тэмпературы паветра па Беларусі за 2 лютага быў адзначаны ў 1970 годзе — 33,4 градуса марозу (авіяцыйная метэаралагічная станцыя Гродна).