Дэпутаты абмеркавалі прапановы па праекце Плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2025-м Года добраўпарадкавання, падвялі вынікі папярэдняй работы на знешнім контуры, вызначылі перспектыўныя кірункі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння на бягучы год. Акрамя таго, парламентарыі разгледзелі пытанне, якое датычыцца работы міжведамаснай рабочай групы па ўдасканаленні мер сацыяльнай абароны ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
«Падняць грамадзян на гэтую работу — наша з вамі задача»
Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў, распачатая пяцігодка вызначана кіраўніком дзяржавы пяцігодкай якасці. «Яна прадугледжвае ўсебаковае пераўтварэнне, накіраванае на дасягненне высокіх стандартаў якасці жыцця, рост дабрабыту грамадства, павышэнне эфектыўнасці эканомікі, кіраўніцкай дзейнасці, аптымізацыю вытворчых працэсаў, атрыманне характарыстык тавараў, паслуг», — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка.
Спікер падкрэсліў, што Год добраўпарадкавання датычыцца не толькі арганізацый і дзяржавы. «Гэта датычыцца і грамадзян, — удакладніў ён. — Падняць грамадзян на гэтую работу — наша з вамі задача, у тым ліку шляхам рэалізацыі нашых ініцыятыў».
Прапановы дэпутатаў у праект Плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2025 годзе Года добраўпарадкавання агучыла старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская. Сярод іх — стварэнне Алеі памяці, прысвечанай дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, якія загінулі і зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны; інвентарызацыя нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі краіны; стварэнне інтэрактыўнай карты добраўпарадкавання.
«На ёй будуць адлюстроўвацца планы работы па добраўпарадкаванні, аб’екты добраўпарадкавання (паркі, скверы), інфармацыя аб бягучым стане аб’ектаў, — удакладніла дэпутат. — Прадугледжана магчымасць пакідаць свае прапановы і паведамляць аб праблемах. Доступ да карты будзе забяспечаны ў тым ліку праз мабільны дадатак. Карта пакажа, дзе ёсць праблемныя пытанні, якія патрэбна будзе аператыўна вырашаць».
Умацаванне пазіцый і прасоўванне нацыянальных інтарэсаў
Як праінфармаваў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў, геаграфія паездак і шырокая праграма дзелавых міжнародных кантактаў дэпутатаў дакладна ўпісваецца ў агульную канву знешнепалітычнага курсу Рэспублікі Беларусь, уплывае на ўмацаванне пазіцый нашай краіны на сусветнай арэне і прасоўванне яе нацыянальных інтарэсаў, перш за ўсё ў эканамічнай сферы.
«Безумоўным прыярытэтам міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў стала пашырэнне ўзаемадзеяння з парламентарыямі Расійскай Федэрацыі і міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі, створанымі на постсавецкай прасторы, — адзначыў дэпутат. — Да ключавых па важнасці і змесце варта аднесці візіты парламенцкіх дэлегацый Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі ў Расійскую Федэрацыю для ўдзелу ў мерапрыемствах Х Парламенцкага форуму БРІКС, у Ісламскую Рэспубліку Іран для ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі інаўгурацыі выбранага Прэзідэнта Ірана. У рамках гэтай паездкі былі таксама праведзены многія шматбаковыя сустрэчы, звязаныя з эканамічнымі інтарэсамі нашай краны».
Сярод ключавых мінулагодніх замежных камандзіровак парламентарыяў на чале са спікерам — камандзіроўкі ў Лаос і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Гэтыя і іншыя візіты, па словах старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, былі выкарыстаны і для актывізацыі двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін. Акрамя таго, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымалі актыўны ўдзел у маніторынгу рэферэндумаў і выбараў у Венесуэле, Азербайджане, Казахстане, Узбекістане і Грузіі.
«Аналіз здзейсненых камандзіровак у замежныя дзяржавы паказвае іх эфектыўнасць, накіраванасць на ўмацаванне міжнароднага пазіцыянавання Беларусі, арыентаванасць на прасоўванне нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы», — рэзюмаваў Сяргей Рачкоў.
З клопатам аб ліквідатарах
Што датычыцца работы міжведамаснай працоўнай групы па ўдасканаленні мер сацыяльнай абароны ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, аб чым таксама ішла размова на Савеце Палаты прадстаўнікоў, яна была створана ў жніўні мінулага года.
Як патлумачыла Жанна Чарняўская, стварэнне міжведамаснай працоўнай групы звязана з вялікай колькасцю зваротаў, што паступаюць у Палату прадстаўнікоў ад гэтай катэгорыі насельніцтва. «Было прынята рашэнне адпрацаваць прапановы, якія паступілі да нас, вызначыць, што можна ўдасканаліць, правесці пэўную інвентарызацыю льготам, якімі сёння ўжо карыстаюцца людзі, — канкрэтызавала дэпутат. — Мы ўжо вызначыліся з кірункамі, па якіх нам неабходна папрацаваць сумесна з міністэрствамі і ведамствамі. У найбліжэйшы час паглядзім: гэта будуць змяненні ў заканадаўства або знойдзем іншы спосаб для таго, каб дапамагчы людзям».
Фота БелТА