Top.Mail.Ru
83

На якіх рэках Беларусі назіраецца крыгаход, адказалі гідролагі

На якіх рэках Беларусі назіраецца крыгаход, расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


«У мінулыя суткі прадаўжаўся крыгалом і ачышчэнне рэк ад ледзяных утварэнняў. Крыгалом пачаўся на Нёмане каля аграгарадка Беліца, на асобных яго прытоках і некаторых прытоках Дняпра. Па стане на 11 сакавіка на большасці рэк басейна Заходняй Дзвіны, на Дняпры і Сожы, большай працягласці Бярэзіны, Прыпяці, некаторых іх прытоках, а таксама на асобных участках Нёмана і Віліі назіраецца ледастаў, ледастаў з праталінамі і разводдзямі, месцамі лёд падняўся. На асобных участках рэк басейнаў Дняпра, Бярэзіны, Сожа і Прыпяці адзначаецца крыгаход. На вадасховішчах Вілейскае, Чыгірынскае, Салігорскае, Заслаўскае, Чырвоная Слабада, азёрах Нарач, Дрывяты, Чырвонае і Лукомскае назіраецца ледастаў і ледастаў з праталінамі, адзначаецца вада на лёдзе, выходзіць на лёд небяспечна», — папярэдзілі ў Белгідрамеце.


На рэках адзначаецца ў асноўным рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1-13 см за суткі, на рэках басейна Заходняй Дзвіны — да 42 см за суткі. На Віліі каля Вілейкі і Нёмане каля аграгарадка Беліца, у выніку затораў лёду, назіраецца спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 22 см і 46 см адпаведна.

Вада знаходзіцца на пойме на Віліі каля аграгарадка Сцешыцы, на прытоку Дняпра — канале Іўня-Бонда каля вёскі Будка, прытоку Бярэзіны — рацэ Свіслач каля вёскі Церабуты, прытоках Прыпяці — рэках Стыр каля вёскі Лапаціна, Случ каля аграгарадка Ленін, Убарць каля вёскі Чырвонабярэжжа і Пціч каля вёскі Першая Слабодка. Узроўні вады блізкія да адзнак выхаду вады на пойму на Бярэзіне каля Беразіно, Сожы каля Слаўгарада, прытоках Прыпяці — рэках Гарынь каля вёскі М.Вікаравічы і Сцвіга каля вёскі Кароцічы.

Паводле прагнозаў гідролагаў, у бліжэйшыя суткі на рэках прадоўжыцца развіццё веснавых працэсаў, будзе адбывацца рост узроўняў вады і раставанне лёду.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю