Ужо хутка маладыя спецыялісты накіруюцца па месцах свайго размеркавання. Дзяржавай прадугледжаны шэраг сацыяльных гарантый для хлопцаў і дзяўчат, якія толькі прыступаюць да працы і прыходзяць на першае працоўнае месца. Ці могуць яны разлічваць на павышэнне падчас адпрацоўкі? Якія выплаты абавязкова павінны атрымаць? Ці маюць права на льготны крэдыт? У якіх выпадках можна звольніцца? На гэтыя і іншыя распаўсюджаныя пытанні, якія ўзнікаюць у маладых спецыялістаў, адказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
— Калі трэба выходзіць на працу?
— Стандартная дата — 1 жніўня. Аднак можна і раней. Калі малады чалавек прыедзе і заключыць дагавор ці кантракт да 1 жніўня, тэрмін яго абавязковай адпрацоўкі пачнецца з гэтай даты.
— Ці можна разлічваць на павышэнне?
— Так. Пры гэтым новая пасада павінна быць звязана з атрыманай у навучальнай установе спецыяльнасцю. У такім выпадку перавод выпускніка магчымы ў агульным парадку з пісьмовай згоды работніка.
— Ці ўваходзіць водпуск па доглядзе дзіцяці ў адпрацоўку па размеркаванні?
— Так, гэтак жа, як і перыяд ваеннай службы па прызыве або па кантракце, службы ў рэзерве і альтэрнатыўнай службы.
— Ці можна звольніцца?
— Па ўласным жаданні або пагадненні бакоў — не. Працоўныя адносіны з маладым спецыялістам могуць быць спынены толькі ў канкрэтных выпадках. Сярод іх — паступленне на дзённае навучанне для павышэння ўзроўню адукацыі; пераход на выбарную пасаду; ліквідацыя арганізацыі; скарачэнне колькасці/штата; неадпаведнасць пасадзе па стане здароўя; здзяйсненне грубых дысцыплінарных правін (прагул, алкаголь на працоўным месцы і інш.).
— Якія выплаты належаць маладому спецыялісту?
— Па-першае, аднаразовая грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі (памер — як у апошнім семестры). Яна выплачваецца на працягу месяца пасля прыбыцця. Калі ж стыпендыі не было, гэта выплата разлічваецца ад памеру сацыяльнай стыпендыі. Па-другое, малады спецыяліст у праве разлічваць на дапамогу за пераезд. Яна належыць размеркаваным не па месцы пастаяннага жыхарства (прапіскі) ці пры пераездзе ў іншы населены пункт і выплачваецца ў памеры 1 тарыфнай стаўкі (акладу). Па-трэцяе, выпускнікі, якія прыбылі на працу ў бюджэтныя арганізацыі, атрымліваюць штомесячныя стымуляцыйныя выплаты. Напрыклад у сістэме міністэрстваў адукацыі і культуры яны складаюць 20–45 % ад акладу, Мінспорту і турызму — 10–50 %, Міністэрства аховы здароўя — 20–50 %, Мінпрацы і сацабароны — 20 %.
— Ці ёсць магчымасць у маладога спецыяліста атрымаць ільготны спажывецкі крэдыт?
— Такая магчымасць ёсць. Гэта льготны крэдыт на набыццё спажывецкіх тавараў беларускай вытворчасці. Яго працэнтная стаўка — 25 % ад стаўкі рэфінансавання. Сума, на якую можна разлічваць, — да 30 бюджэтаў пражытачнага мінімуму працаздольнага насельніцтва, на чэрвень 2025-га гэта каля 14 940 руб. Крэдыт выдаецца на 5 гадоў. Адметна, што першыя плацяжы пачынаюцца праз 6 месяцаў пасля атрымання грошай. Галоўнай умовай яго атрымання з’яўляецца абавязковая адпрацоўка ўстаноўленага тэрміну для захавання льготы. Падрабязнасці пра ўмовы крэдытавання можна даведацца ў абноўленай рэдакцыі Указа № 631 ад 27 лістапада 2000 г.
Алена КРАВЕЦ