Top.Mail.Ru

На якія «плюшкі» могуць разлічваць маладыя спецыялісты ў сельгасарганізацыях

Махнём у вёску?

Даўно мінулі тыя часы, калі многія нашы вёскі нагадвалі задворкі цывілізацыі — без элементарных умоў, мінімальнага бытавога і культурнага абслугоўвання, нармальных дарог і іншага. Вядома, сёння таксама ёсць і выміраючыя вёскі, і гаспадаркі, якія дыхаюць на ладан, але ўжо хапае і годных месцаў — такія любому гораду фору дадуць. Зазірніце ў нашы флагманы — аграгарадкі.

Актыўна сціраць грань паміж горадам і вёскай пачалі «па заданні партыі і ўрада» яшчэ ў савецкія часы і дзе-нідзе так сцерлі, што, як гаворыцца, зваротнай дарогі няма. Узорныя гаспадаркі і «пацёмкінскія вёскі» таксама былі. Аднак нашы людзі — вераб’і стрэляныя, на мякіне іх не правядзеш, пустымі абяцаннямі не прывабіш.

Несумненна, аднымі заклікамі любіць родную зямельку і плённа працаваць на ёй на карысць краіны сітуацыю не паправіш. Ды і памылкі, дапушчаныя раней, адным махам не выправіш. Тут патрэбен комплексны падыход, а яшчэ, зразумела, — розныя «плюшкі»-стымулы, у тым ліку матэрыяльныя. І канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку робяцца.

Вёска старэе — факт. Гаспадаркам патрэбна свежая кроў — кадры, прычым высокакваліфікаваныя, з сучаснай «закваскай» ведаў. І тут ужо патрабуецца цэлы пакет «сустрэчных прапаноў», прывабных для маладых спецыялістаў. Як паведаміў БелТА начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадравай палітыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір САМСАНОВІЧ, на дзяржаўным узроўні сапраўды ўжо шмат зроблена для павышэння прэстыжу сельскай мясцовасці:

— Так, маладыя спецыялісты атрымліваюць даплату да заработнай платы на працягу пяці гадоў працы. Першыя два гады — у памеры адной базавай стаўкі, прычым незалежна ад таго, якую зарплату ён атрымлівае. Наступныя тры гады працы ў сельгасгаліне — 1/5 базавай стаўкі да таго, што ён зарабляе.

Акрамя таго, маладым спецыялістам прадастаўлена права атрымання льготных крэдытаў для набыцця дамашняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці. Таксама ў іх ёсць магчымасць атрымаць адтэрміноўку прызыву на тэрміновую ваенную службу — па хадайніцтве арганізацыі раённы ваенны камісарыят разглядае магчымасць прадаставіць адтэрміноўку асабліва кваліфікаваным спецыялістам, неабходным ёй, удакладніў Уладзімір Самсановіч.

У Беларусі ўстаноўлены меры, накіраваныя на вырашэнне жыллёвых пытанняў маладым спецыялістам, якія працуюць у сельгасарганізацыях. Напрыклад, крэдыт на 20 гадоў пад 3 % гадавых для будаўніцтва або набыцця жылля для кожнага маладога спецыяліста, які пражывае ў населеных пунктах колькасцю да 20 тысяч чалавек. Плюс да ўсяго, калі малады спецыяліст заключае дагавор на максімальны тэрмін (на пяць гадоў), яму аднаразова выплачваецца 100 базавых велічынь, адзначыў спецыяліст. Апетытная «плюшка»!

— Зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасці грамадзяне маюць права на асобныя льготы па падатках, — дадаў начальнік упраўлення рэгіянальнага развіцця, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгіянальнага развіцця і маёмасных адносін Міністэрства эканомікі Дзмітрый ПЫЛ. — Так, працуючыя ў сельгасарганізацыях і ўстановах сацыяльна значных сфер вызваляюцца ад падатку на нерухомасць (жылыя дамы, кватэры, дачы, гаражы і машына-месцы), размешчаную ў гэтых сельскіх населеных пунктах. Прадугледжаны павышаны памер дзяржпадтрымкі для паляпшэння ўмоў. Дадаткова для маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы магчыма выкарыстоўваць ільготныя крэдыты, напрыклад, для ўладкавання на новым месцы.

Існуюць і іншыя льготы, закліканыя стымуляваць пражыванне менавіта ў сельскай мясцовасці, напрыклад, прадастаўленне бясплатнага аднаразовага харчавання для навучэнцаў 5–11-х класаў.

І гэта толькі некаторыя прыклады спосабаў стымулявання пераезду маладых спецыялістаў у сельскую мясцовасць.

Віктар КУКЛОЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю