Top.Mail.Ru

На ўзвядзенні Нацыянальнага музея Беларусі працуюць байцы студатрадаў

Будоўля патрыётаў

Грандыёзнае збудаванне на беразе Свіслачы ўжо набывае завершаныя формы. Музей узводзіцца адначасова з паркам Народнага адзінства і мае статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Таму на пляцоўцы штодзень працуюць не толькі прафесійныя будаўнікі, але і байцы студатрадаў. Карэспандэнт «Звязды» даведалася ў хлопцаў і дзяўчат, як ідзе іх адказная справа.

Па плячы ўсе складанасці

На гэтых жа аб’ектах у 2025 годзе былі задзейнічаныя 118 чалавек у складзе 11 атрадаў. А ўсяго тут ужо паспелі папрацаваць 246 студэнтаў. Адзін з іх — камандзір Рэспубліканскага будаўнічага працоўнага праекта «Усебеларуская маладзёжная будоўля «Памяць пакаленняў 2026» Уладзіслаў РУСАКОЎ:


— Тры гады таму, калі я толькі пачынаў свой шлях у студатрадаўскім руху, бацькі, вядома, за мяне крыху перажывалі. Але пасля першай цаліны яны ўбачылі, што нічога страшнага не здарылася, а я набраўся вопыту і пасталеў. Студатрадаўскі рух у нашай краіне набірае абароты. На мой погляд, справа ў тым, што хтосьці з’ездзіць з атрадам, падзеліцца эмоцыямі і ўражаннямі з сябрамі, знаёмымі, — і вось ужо нашмат больш людзей жадаюць паехаць у наступным годзе.

Да таго ж, па словах камандзіра, гэта выдатны спосаб падзарабіць добрыя для студэнта грошы — усё залежыць ад дзейнасці атрада і непасрэднага месца яго працы. Галоўнае — быць рашучым, знаходлівым і не баяцца цяжкасцяў.

Адлюстраванне нацыянальнай самабытнасці

Дарэчы, маштаб будучага музея ўражвае: 27 метраў у вышыню, агульная плошча перавышае 30 тысяч квадратных метраў! Фасады, аздобленыя панэлямі трох прыродных адценняў, і выгнутыя лініі сцен, па задуме архітэктараў, падкрэсліваюць пластычнасць контуру будынка. Унутры — пяць паверхаў і дванаццаць выставачных залаў, кожны плошчай не менш за тысячу «квадратаў».

— Калі ідзеш па гэтых доўгіх музейных калідорах, усведамляеш, што зусім хутка тут будуць размешчаныя экспанаты, што кожная сцяна, кожны куток стануць часткай вялікай гісторыі, — разважае Сафія КАРП. Дзяўчына прыехала ў Мінск з Расіі ў складзе зводнага студэнцкага будаўнічага атрада «58 рэгіён» імя Героя Савецкага Саюза А. М. Кіжаватава.


— Працаваць тут, — прызнаецца яна, — сапраўднае задавальненне, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Мы стараемся з усіх сіл, таму што разумеем — нашы намаганні не будуць дарэмны. Але асабіста для мяне ўдзел у студатрадзе — гэта перш за ўсё спосаб загартаваць свой характар. 

А яшчэ тут ты абавязкова знаходзіш новых сяброў і, што самае каштоўнае, пачынаеш адчуваць сваё дачыненне да гісторыі.

На фінішнай прамой

Пакуль звонку ва ўсю арудуе спецтэхніка — пагрузчыкі, грузавікі і іншыя шумныя машыны, — байцам студатрадаў трэба прывесці ў парадак памяшканні ўнутры. Сярод асноўных задач на гэтым этапе — вільготная ўборка паверхняў, падрыхтоўка залаў, тэхнічных памяшканняў.

Для байцоў атрада «58 рэгіён» цяперашні сезон стаў працягам леташняга вопыту, але ўжо на новай пляцоўцы, тлумачыць камандзір гэтага студатрада Вольга САЛУЯНАВА:

— Летась хлопцы і дзяўчаты, якія, дарэчы, прыехалі да нас з Пензы, працавалі на будаўніцтве Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.


Нацыянальны музей ужо набліжаецца да здачы, таму зараз студатрадаўцы займаюцца галоўным чынам прыбіраннем.

— Шчыра кажучы, гэта нават прыемна — адчуваць сябе самымі патрэбнымі на фінішнай прамой. Мы падмятаем падлогі, прыбіраем будаўнічае смецце, выносім лёгкія рэчы, калі ставяць такую задачу. Сёння, напрыклад, чысцім серверную ад шматдзённага будаўнічага пылу, каб у выніку ўсё ззяла ад чысціні, абсталяванне функцыянавала без збояў, а будучы ахоўнік не турбаваўся аб стане тутэйшых манітораў, — смяецца Вольга Салуянава. — Ну і заўсёды знаходзім нагоду для ўсмешкі, працуем у добрым настроі.

Цікавае і пазнавальнае падарожжа

Для Уладзіслава ШЫХЕЛЯ, камандзіра студэнцкага будаўнічага атрада «Зодчы» імя лідара камсамольскага руху, першабудаўніка горада Наваполацка П. І. Блахіна, удзел у праекце стаў заканамерным працягам папярэдніх дасягненняў:

— У пазамінулым сезоне наш атрад працаваў на будаўніцтве Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі і быў прызнаны лепшым студэнцкім атрадам. Заўсёды самымі цяжкімі ў такой працы становяцца першыя дні — арганізм перастройваецца на раннія пад’ёмы, адбіваецца змена рэжыму, ды і фізічна няпроста. Але гэта хутка праходзіць, і цяпер мы выконваем свае задачы без лішняй напругі.


У гэтым студатрадзе сёння працуюць дзевяць байцоў: пяцёра займаюцца мантажом вентыляцыйных сістэм, астатнія — усталяваннем сантэхнічнага абсталявання.

— Думаю, удзел у такіх праектах важны па многіх прычынах, — адзначае Уладзіслаў. — Па-першае, гэта магчымасць завесці новыя знаёмствы, пашырыць кола зносін з аднагодкамі з розных рэгіёнаў і нават краін. Па-другое, можна падзарабіць грошай, а яны ніколі не бываюць лішнімі. 

А яшчэ гэта свайго роду падарожжа ўнутры краіны — бачыш новыя гарады, знаёмішся з іх архітэктурай і атмасферай.

Такой думкі прытрымліваецца і яго таварыш па студатраду, майстар Ілья МАЛАФЕЕЎ:

— Раней, калі я бываў у музеях толькі як наведвальнік, нават не ўяўляў, як усё гэта ствараецца. А цяпер бачу працэс на свае вочы. За гэтым сапраўды цікава назіраць. Хацелася б прыйсці сюды праз пару гадоў, ужо ў якасці наведвальніка Нацыянальнага музея Беларусі. Цікава будзе ўбачыць тыя памяшканні, дзе мы працавалі, і як яны змяніліся за гэты час. Прайсціся па залах з сябрамі, з блізкімі, паказаць ім і сказаць: «А вось тут я працаваў...».

Аміна НАЗАРАВА

Фота аўтара і Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю