Top.Mail.Ru
330

Начальнік Магілёўскага УМНС: перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясення службы

Ратавальнікі перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Пра гэта заявіў начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Голубеў, паведамляе БелТА.



Ён адзначыў: «Учора паступалі паведамленні аб неспрыяльнай з’яве надвор’я, аранжавым узроўні небяспекі. Бачачы, што ў нас гарачае надвор’е, ёсць парывісты вецер, мы ўжо разумелі, што магчыма ўзмацненне ветру да крытычных значэнняў. Таму ўжо ўчора мы рыхтаваліся да падобнага, але не да таго, што адбылося. Усе былі накіраваны на тое, што трэба ўзаемадзейнічаць».

З 2:00 да 3:30 у горадзе быў зафіксаваны моцны вецер, абвешчаная надзвычайная сітуацыя. Як мяркуецца, хуткасць ветру склала 26 м/с.

«Разумеючы, што мы яшчэ ўсяго не ведаем, і паступалі званкі, што знікла электрычнасць, прапала водазабеспячэнне, дзесьці ўпала дрэва, наступстваў значна больш, чым гэтых званкоў. Было прынята рашэнне аб’явіць агульны збор камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Магілёўскім гарвыканкаме ў 3:00, у 4:00 камісія сабралася. Тут заслухалі наяўную інфармацыю аб пашкоджаннях, зыходзячы з гэтых дакладаў вызначылі, што неабходна рабіць, — расказаў Дзмітрый Голубеў. — Першае — задзейнічалі план ліквідацыі надзвычайных сітуацый у горадзе Магілёве. Таксама нацэлілі ўсе службы, каб да пачатку рабочага дня максімальна выканаць работы па падачы электрычнасці насельніцтву, водазабеспячэння і расчыстцы асноўных вуліц і дарог, каб людзі маглі дабрацца да працы і вучобы. Штогадзіны гэтая інфармацыя абагульнялася і дакладвалася ў камісію па НС, і гэтыя рашэнні карэктаваліся з улікам паступаючай інфармацыі».

На досвітку стала зразумела, што маштаб наступстваў аказаўся большым, чым меркавалася. «Хочацца сказаць нашым грамадзянам, каб яны былі больш памяркоўнымі. Улады ведаюць, што трэба рабіць», — адзначыў Дзмітрый Голубеў.

Для ліквідацыі наступстваў у Магілёў дадаткова прыцягнутыя сілы і сродкі са Шклоўскага, Дрыбінскага, Круглянскага, Чэрыкаўскага раёнаў — работнікі лясгасаў з бензапіламі, якія ва ўзаемадзеянні з вайсковай часткай 6713 выконваюць работы па расчыстцы вуліц ад паваленых дрэў. «МНС таксама не спыняе работу. Мы перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Усе людзі выйшлі на службу, рэзервовая тэхніка пераведзеная ў баявы разлік».

Дзмітрый Голубеў таксама расказаў, што пры правядзенні работ у горадзе вызначаны прыярытэты. Спачатку — вуліцы і дарогі, сацыяльныя аб’екты, пасля гэтага пачнуць адпрацоўваць прыватны сектар: фіксаваць разбураныя дахі, прыбіраць дрэвы, прыцягваць сілы МНС і ЖКГ. Ён таксама нагадаў, што, калі будынак застрахаваны, ужо сёння можна звяртацца ў «Белдзяржстрах», каб зафіксаваць пашкоджанні і атрымаць выплаты. «Гэты механізм адпрацаваны. Летась 14 ліпеня сутыкнуліся з падобнай стыхіяй, шэраг раёнаў вобласці пацярпелі. „Белдзяржстрах“ мае ўсе кампетэнцыі, каб аказаць дапамогу людзям у аднаўленні дахаў — выплата грашовых сродкаў з улікам эквіваленту застрахаванасці аб’ектаў», — адзначыў ён.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю