Не вам казаць, ёсць людзі, якія рыбу лавілі, ловяць і будуць лавіць. І ёсць адпаведныя органы, якія сачылі, сочаць і будуць сачыць за вадаёмамі ды караць усіх, хто парушае правілы: забіраць сеткі і лодачныя маторы, выпісваць штрафы.
Днём іх аплаты некалі быў чацвер. Яго так і празвалі — рыбны дзень, як у тых жа сталоўках. І ў чарзе стаялі гэтак жа роўненька — плацілі, а потым маглі зноўку сплаваць на Дняпро, падняць рыбы, прадаць і «адбіць» той штраф у памеры 25 паўнавартасных савецкіх рублёў.
Праўда, аддавалі іх не ўсе. Хто-ніхто, маючы так званыя «падвязкі», мог і «дамовіцца».
Такім чынам, якраз пра іх, пра апошніх.
Адзін наш салдацік, вярнуўшыся з войска, — вырашыў гэта адзначыць, сабраць гасцей, а напярэдадні рыбы налавіць. Выплыў ён на сярэдзіну ракі, «закінуў невад», — рыбнагляд як з-пад вады. І ніякіх просьбаў не чуе: забірае ў рыбака і матор, і сеткі.
Трэба выручаць іх. А як? Хлопец бягом да Сцяпанавіча, свайго роднага дзядзькі — той не раз трапляў у падобны пераплёт. Але ж галоўнае — ці не ўсюды блат меў: шафёрам працаваў і вазіў не абы-каго, а старшыню заможнага калгаса.
Адпаведна, трэба работнікам таго ж рыбнагляду нешта выпісаць на льготных умовах — у іх ёсць Сцяпанавіч. Трэба штосьці Сцяпанавічу? Ён ведаў, у якія дзверы пастукаць і якія потым нагой адчыніць, бо рукі амаль заўсёды былі занятыя — пляшкамі з «беленькай», дамашнімі каўбаскамі, вэнджаным салам з прорасцю, маласольнымі агурочкамі на закуску…
І прыбірацца ён дужа любіў — на работу, як на свята: кожны дзень у касцюме, у светлай кашулі, бо трэба ж, маўляў, адпавядаць, калі «не гной на трактары возіш», калі ў той жа рыбнагляд кіруеш, каб пытанні парашаць.
...Прыехалі яны, значыць. За рулём Сцяпанавіч сябра пакінуў, сам па кабінетах пайшоў. Але ж пайшоў без сазвону (мабільнікаў не было), і патрэбных людзей не заспеў. Толькі ў двары — бачыць — нейкі мужычок у маторы калупаецца. Хадок да яго: «Дзе Іванавіч?» (гэта начальнік). Той, не падымаючы галавы: «Спытай што лягчэйшае... Няма». — «А будзе калі?» — «Ды халера ж ведае», — адказвае той, разгінаючы спіну ды галаву ўверх... задзіраючы, бо ў Сцяпанавіча росту метры са два, плюс капялюш, касцюм, партфель ды яшчэ і пытанне: «Ты ведаеш, хто я?» (лічыў, што яго, як «ганаровага» браканьера, тут і Бобік павінен...). — «Не-а», — бянтэжыцца мужычок, але ж (душа ў пятках!) думае, што нейкі начальнік... Мо нават з Гомеля ці з Мінска.
А Сцяпанавіч і ў «ролю» ўжо — гэта значыць, у крык: «Як гэта ты не ведаеш? Панабіраюць работнічкаў! Далей носа нічога не бачаць... Прызнавайся: ты ў майго чалавека матор забраў?!»
Маўчыць бядак: слова сказаць не можа.
Сцяпанавічу ажно весела стала: падабрэў, загадаў завесці яго ў «капцёрку». Мужычок баяўся, што нейкі акт складаць (знойдзе ж, за што). А «начальнік» раптам... пляшку з партфеля, сам агурочкі стаў рэзаць... Кульнулі па адной... «Астатняе потым, за маё здароўе вып’еш, — даручыў мужычку. — І дзякуй скажы, што я сёння добры».
Той, вядома ж, сказаў, пагрузіў матор.
...Вось гэтак некалі было. А потым часы памяняліся. Сышлі старыя кадры, з’явіліся новыя — з новымі штрафамі. Таму Сцяпанавіч на вуды перайшоў. І нават упадабаў: нікому нічога не вінен, спакойна ловіш, спакойна дадому нясеш, калі маеш што…
Нядаўна, хваліўся, судака падняў кілаграмаў на пяць. Прыйшлося «абмыць», а ў «працэсе» — успомніць вось гэту гісторыю. Кляўся, што нічога не прыдумаў, што вось так усё і было.
С. ВАРОНІНА
Быхаўскі р-н
Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР