Масаваму чытачу Іван Шамякін вядомы як аўтар аповесцей і раманаў, хоць некаторыя прыгадаюць яго апавяданні і п’есы. Але мала хто ўспомніць мемуары творцы, а пра калег, сяброў, паплечнікаў ён напісаў іх больш за каго іншага з беларускіх літаратараў. У 21-м томе яго збору твораў змешчаны як запісы пра асобных аўтараў, так і мемуары больш шырокага дыяпазону — «Начныя ўспаміны».
Па сутнасці, гэта асобная кніга — раман у навелах. Паўстагоддзя Шамякін быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця. Прычым памяць у яго цудоўная, а праўдзівасць — творчае крэда пісьменніка. Адсюль вынікае асаблівая каштоўнасць мемарыяльных твораў.
Адна з першых навел — як Шамякіна прымалі ў 1947 годзе ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. З таго часу і да скону Іван Пятровіч жыў і працаваў у гэтай суполцы, што дазволіла даць шматлікія характарыстыкі вядомым пісьменнікам. Аўтар пазбягае ялейнасці, ідэалізацыі, малюе кожнага чалавека з усімі яго асаблівасцямі, можа, і недахопамі, прытым апісваючы не падрабязна, а з дапамогай дэталяў, нюансаў, часам адной-дзвюх заўваг. Напрыклад, пра сябра Аляксея Кулакоўскага — ветэрана вайны, добрага празаіка пісаў: «...Ён умеў быць шчодрым нават з пустым кашальком — неяк выкручваўся». Пра сябра Пятра Васілеўскага, кінасцэнарыста і рэжысёра, які ў маладосці падаваў вялікія надзеі, так гаварыў: «...Стаць сапраўдным рэжысёрам яму перашкодзілі дзве рэчы: бесклапотнасць і пэўны скептыцызм да выяўленчых сродкаў кіно».
- Самае цікавае ва ўспамінах Шамякіна — апісанне розных абставін літаратурнага працэсу, жыцця літаратараў. Іван Пятровіч часта ездзіў у Маскву — на мерапрыемствы Саюза пісьменнікаў, удзельнічаў у рэдакцыйных саветах выдавецтваў, дзе адстойваў творы беларускіх аўтараў, але асабліва любіў наведваць пасяджэнні Усесаюзнага камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях, бо знаходзіўся там сярод знакамітых асоб, лічыў, што набіраецца ад іх мудрасці. У навеле «Прэміі» ён расказвае пра ўсе перыпетыі прысуджэння Ленінскіх прэмій Алесю Ганчару і Аляксандру Салжаніцыну. Не ўсё Шамякін мог прыняць, таму ў адносінах да калег, акрамя, можа быць, Пятра Глебкі, ён прыхавана іранічны.
У гэтым плане асабліва паказальная навела «Асуджэнне за талент», дзе апавядаецца пра абмеркаванне на пазачарговым пленуме СП СССР Барыса Пастарнака, які толькі што атрымаў Нобелеўскую прэмію за раман «Доктар Жывага». Падзею Шамякін апісвае дэталёва, бо вёў запісы. Гэта, магчыма, самы падрабязны пераказ гістарычнага пленума — шкада, што расійскія даследчыкі не ведаюць яго. Усё абмеркаванне-асуджэнне выглядае фантасмагарычна, а фінал асабліва анекдатычны. У Саюзе пісьменнікаў БССР таксама абмяркоўвалі і асуджалі паводзіны Пастарнака. Прычым дырэктар Інстытута літаратуры Васіль Барысенка ад хвалявання замест «Пастарнак» увесь час гаварыў «Пестрак». А Піліп Пестрак, адна з самых каларытных асоб у Саюзе пісьменнікаў, сядзеў тут жа, у першым радзе. Пасля дакладчыка на трыбуну выйшаў сам Пестрак, «раскрыў партфель, дастаў нейкія паперы, начапіў акуляры — як выпрабоўваў цярпенне слухачоў. А сказаў адну фразу: „Акадэмікам трэба выступаць па пісаным“. І пайшоў з трыбуны. Зала выбухнула рогатам. Словы гэтыя сталі крылатымі». Між тым на сходзе прысутнічаў Васіль Шаура, сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі. Ён застаўся страшна незадаволены і назваў усё абмеркаванне «балаганам». Гэтаму партыйнаму дзеячу Шамякін прысвяціў навелу «Выхавацель», у якой падрабязна паказаў яго пыху, грубасць, фармалізм, пагарду нават да заслужаных людзей-творцаў.
А вось пра Пятра Машэрава Іван Пятровіч не раз пісаў з вялікай сімпатыяй. І ў «Начных успамінах» таксама. Напрыклад: «...Не помню выпадку, каб Пятро Міронавіч не прыняў нас і з Танкам, і з Макаёнкам. Любіў пагутарыць з нашым братам. Не дзесяць-дваццаць мінут — гадзіны дзве. Міністры млелі ў прыёмнай...»
Кніга ў навелах Шамякіна паказвае лёс беларускага пісьменніка на фоне эпох, дае шырокую панараму пэўнага перыяду ў гісторыі дзяржавы — у асноўным савецкага, хоць аўтар піша і пра канец 1990-х — пачатак 2000-х гг. Да шэрага з’яў ён ставіцца крытычна, нярэдка з іроніяй, сарказмам — стыль яго гнуткі, тон часта мяняецца. Тым не менш усе калегі — і беларускія, і рускія, і ўкраінскія — паказаны з нязменнай цеплынёй, нават і тады, калі яны робяць памылкі. Кожны з прадстаўленых у кнізе творцаў паўстае як неардынарная, складаная асоба — чым і цікавая. Значна ўзбагачаецца разуменне і самога Шамякіна.
Для гісторыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая, можна спадзявацца, будзе калі-небудзь напісана, кніга «Начныя ўспаміны», як і іншыя мемуарныя запісы, будзе базісам.
Алеся ШАМЯКІНА