Над Брэстам заўважылі пералётных жураўлёў. Фатаграфіяй птушак у сацыяльных сетках падзялілася прыродаахоўная ўстанова «Цэнтр дапамогі птушкам і жывёлам «Дом брэсцкага бусла». Даведаліся ў дырэктара ўстановы Дзмітрыя Аўдзеева, ці азначае гэта, што птушкі ўжо вярнуліся ў Беларусь, паведамляе БелТА.
Як расказаў Дзмітрый Аўдзееў, клін жураўлёў быў заўважаны ўчора. Фатаграфію паляпшалі з дапамогай штучнага інтэлекту, бо з’яўленне птушак стала нечаканасцю, і якасць здымка аказалася не самай лепшай. «Таму ў сетцы каментатары вагаюцца паміж бусламі і жураўлямі. Але гэта жураўлі», — адзначыў ён.
Ці значыць гэта, што згаданыя птушкі ўжо вярнуліся ў Беларусь? Дырэктар прыродаахоўнай установы падкрэсліў, што пакуль у рэгіёне ён не бачыў птушак на зямлі. «Таму пакуль рана казаць аб вяртанні птушак. Магчыма, гэта проста пралётныя жураўлі і яны паляцелі ў іншы рэгіён», — сказаў Дзмітрый Аўдзееў.
Нядаўна на Брэстчыне ім былі заўважаны рэдкія для гэтага рэгіёна лебедзі-клікуны — адразу 13 асобін. «13 галоў сядзелі ў полі на рапсе. Гэта даволі рэдкая з'ява для нашага раёна. У нас у асноўным лебедзь-шыпун», — расказаў дырэктар прыродаахоўнай установы.
Але ўсё ж надзея на хуткую вясну ёсць. Дзмітрый Аўдзееў падзяліўся, што некалькі дзён таму ён ужо фатаграфаваў пералётных шпакоў.